Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі пятая авіякатастрофа за паўтара месяца: разьбіўся ваенны самалёт Су-24


Су-24

Су-24

Катастрофа адбылася на аэрадроме Хурба за 17 кілямэтраў на поўдзень ад Камсамольска-на-Амуры пры ўзьлёце бамбавіка. Абодва лётнікі загінулі.

Міністэрства абароны ўдакладняе, што самалёт быў з поўным боекамплектам і зваліўся ў бязьлюднай мясцовасьці, ахвяраў і разбурэньняў на зямлі няма.

Паліўныя бакі Су-24 выбухнулі пры ўдары аб зямлю, але боекамплект ня здэтанаваў, перадае ТАСС са спасылкай на крыніцу ў сілавых структурах.

Крыніца агенцтва РІА Новости назвала папярэдняй прычынай аварыі тэхнічную няспраўнасьць самалёта — спыненьне працы рухавікоў.

Як паведамляе РБК, з пачатку лета расейскія ВПС страцілі ўжо пяць самалётаў. 4 чэрвеня пад Астраханьню разьбіўся МіГ-29. Па дадзеных Мінабароны, прычынай аварыі стала спыненьне працы тэхнікі. У гэты ж дзень з-за памылкі ў пілятаваньні пад Варонежам на аэрадроме перакуліўся франтавы бамбавік Су-34.

Праз чатыры дні ў Амурскай вобласьці разьбіўся стратэгічны бамбавік Ту-95. Тады загінуў адзін чалец экіпажу.

3 ліпеня ў раёне станіцы Кушчаўская ў Краснадарскім краі разьбіўся МіГ-29. Пілёт зьнішчальніка пасьпеў катапультавацца і быў эвакуяваны пошукавай групай.

Су-24М — мадэрнізаваная вэрсія бамбавіка, якая паступіла ў вытворчасьць у 1976 годзе. Сэрыйная вытворчасьць двухмеснага ваеннага самалёта была спыненая ў 1993 годзе.

XS
SM
MD
LG