Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване паліцыя разабрала барыкады на праспэкце Баграмяна, усталяваныя ўдзельнікамі акцыі пратэсту супраць падвышэньня тарыфаў на электраэнэргію. Некалькі дэманстрантаў былі затрыманыя.

Некалькі дзясяткаў удзельнікаў пратэсту, нягледзячы на заклікі паліцыі вызваліць праезную частку, селі на асфальт, сьпяваючы патрыятычныя песьні і скандуючы «Мы гаспадары сваёй краіны!» Паліцэйскія вывелі іх на тратуар. Сутыкненьняў не было. Цяпер рух транспарту па праспэкце Баграмяна адноўлены.

У Ерэване дэманстранты ўжо амаль два тыдні перакрываюць праспэкт Баграмяна, дзе знаходзяцца будынкі адміністрацыі прэзыдэнта, парлямэнту і Канстытуцыйнага суду.

У суботу ўдзельнікі пратэсту выставілі ўладам ультыматум, даўшы тэрмін да вечара 6 ліпеня на выкананьне іх патрабаваньняў: адмяніць рашэньне аб павышэньні тарыфаў на электраэнэргію^; пакараць тых, хто аддаў загад ужыць сілу пры разгоне дэманстрацыі 23 чэрвеня. Калі патрабаваньні ня будуць выкананыя, пратэстоўцы заявілі, што пачнуць так званую акцыю «крок наперад», перасоўваючы свае барыкады бліжэй да будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Сёньня раніцай паліцыя заклікала дэманстрантаў добраахвотна разабраць барыкады, каб забясьпечыць рух транспарту па праспэкце, і працягнуць акцыю не на праезнай частцы. Каардынатары акцыі адмовіліся выканаць патрабаваньне паліцыі.

XS
SM
MD
LG