Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней езьдзіла ў Крым, цяпер адпачываем тут» — Дзе яшчэ адпачываюць гарадзенцы?


Дзе вы плянуеце сёлета адпачыць і дзе марыце? З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да Гарадзенцаў.

«А тут буду, таму што пры нашай уладзе грошай няма, так што нікуды ня езьдзім. Куды-куды? Хацелася б за мяжу, канечне. У Гішпанію якую. Ня быў і не атрымаецца», — адказаў расчараваны мужчына.

Іншыя інтанацыі пачуліся ў адказах дзьвюх жанчын, якія плянуюць выехаць за межы Беларусі, але ў розных накірунках:

«На мора ня ўдасца паехаць, а зьяжджаю да сястры ў Вялікі Ноўгарад. Раней езьдзіла, а цяпер здароўе не дазваляе на мора».

«Так, гэта я ўжо для сябе вырашыла. Па-першае, я буду ў Беларусі дома нейкі час. Потым заплянаваная паездка ў „логава бандэраўцаў“ — Львоў. Душой адпачыць і сэрцам, пабыць сярод украінцаў. Наталіцца пахам свабоды. А пасьля яшчэ хачу на польскую Балтыку на пару дзён. Думаю, што ў канцы жніўня ўдасца».

А гэты бацька сямейства наадварот — ужо адпачывае ў Беларусі:

«А мы ўжо адпачынак праводзім тут, у Горадні, у Беларусі, на Нёмане. Мы з Масквы. Пабывалі ўжо на Нарачы, пакупаліся ў трох азёрах. Кажуць, там нейкі клешчык, але мы не злавілі. А Нёман тут, і паедзем зараз у раён Мастоў. Я там вырас, вучыўся ў школе ў Шчучыне».

А вось яшчэ адзін госьць з Расеі — пажылы мінак, які дбае пра сваё здароўе:

«Напэўна, свой адпачынак я буду праводзіць у санаторыі, трэба палепшыць здароўе. Улічваючы мой узрост, працу і вопыт жыцьця. Я сам жыхар Расеі, тут працую, да мяне прыехала жонка адпачыць, і нам вельмі тут падабаецца».

Адказы наступных суразмоўцаў яшчэ больш расквецілі стракатую карціну летніх адпачынкаў беларусаў:

«У мяне адпачынак прайшоў, а хацелася б куды-небудзь у Гішпанію. А праводзіла тут, займалася сваім здароўем. Раней езьдзіла ў Крым, цяпер адпачываем тут».

«У Швэйцарыі хацеў бы і буду, у мяне там сын».

«У мяне адпачынак узімку, а цяпер працую. Узімку — цёплыя краіны: Індыя, Віетнам. Ужо быў і ежджу».

«Нават ня ведаю. Працаваць буду, так што адпачынку сёлета ня будзе. А куды хацеў бы? У Амэрыку, пахадзіць, паглядзець. Тэхас. Карцінкі глядзеў: прыгожа».

XS
SM
MD
LG