Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзеля прэзыдэнцтва Калякін гатовы ахвяраваць адпачынкам


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Як будуць адпачываць патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта гэтым летам? Як яны пераносяць сёлетнюю сьпякоту? Адказы прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду ў Беларусі запісаў Уладзімер Глод.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацяна Караткевіч сказала, што сёлета ў яе ня будзе адпачынку:

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

«Я не зьбіраюся адпачываць гэтым летам. Я задзейнічана ў сваёй кампаніі. А калі і выпадзе некалькі больш-менш вольных дзён, то гэта і будуць эпізоды адпачынку ў родных мясьцінах.

Звычайна я адпачываю на Беларусі. Люблю пабыць гэткім „дзікуном“ у лясной прасторы.

Сьпякоту я пераношу цярпіма. Праўда, п’ю больш вады, чым звычайна. І думаю пра тое, што зіма яшчэ далёка».

Прэтэндэнт на прэзыдэнта ад партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін кажа, што ягоны адпачынак залежыць ад вынікаў выбараў:

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

«Усё залежыць ад таго, як будзе ісьці кампанія. Калі яна будзе праходзіць пасьпяхова, то летам адпачыць не давядзецца. І тады адпачынак для мяне будзе ўжо пасьля выбарчай кампаніі. Гэта, зразумела, калі мяне не абяруць. А калі абяруць, то застануся без адпачынку. Пакуль паўнавартаснага адпачынку з выездам кудысьці ў маіх плянах няма.

Адпачынак у розныя гады праводжу па-рознаму. Часам з жонкай едзем на мора. Часам адпачываем тут, пад Менскам. Люблю зьбіраць грыбы, ягады. Час ад часу ежджу на Віцебшчыну на радзіму маці. Там захаваўся наш дом, цяпер у ім жыве радня. Тады абавязкова лаўлю рыбу, бо там цудоўныя азёры.

А што тычыцца сьпякоты, то ня так часта ў нас бывае горача. Я з задавальненьнем пераношу цяперашняе надвор’е. Разумею, што гэта кароткі пэрыяд і што ён хутка скончыцца. І зноў пойдуць дажджы».

Прэтэндэнт на прэзыдэнцтва ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч да завяршэньня выбарчай кампаніі на адпачынак не разьлічвае:

Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

«Адпачынак? Гэта ніяк не атрымліваецца. Нават тэарэтычна немагчыма да 11-га кастрычніка. Чаму немагчыма? Кожны разумее — падчас выбарчай кампаніі не да адпачынку.

Пераношу ці не пераношу я сьпякоту? Для мяне такога пытаньня не існуе. Я вельмі станоўча ўспрымаю гарачыню. Я, як гэта кажуць, цеплалюбная расьліна. Мабыць таму, што я рыбак. Я, можна сказаць, прафэсійны рыбак, стаю заўжды на сьпякоце ў кепачцы. Таму ў мяне заўжды загар на твары, рукі загарэлыя. Нядаўна я быў на расейскім тэлебачаньні. Яны пытаюцца: дзе вы загаралі? Я ім адказваю: у беларускай Гішпаніі».

Адпачынак не ўваходзіць і ў бліжэйшыя пляны патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта «абібока» Юрыя Шульгана, кажа кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Павал Канавальчык:

Павал Канавальчык

Павал Канавальчык

«Плянуем адпачыць. Але пасьля кампаніі.

У Юрыя найлепшы адпачынак — лясны. Ён аматар пабадзяцца па лесе, пазьбіраць грыбы, ягады.

А сьпякоту мы пераносім нармальна. Разам з Шульганом правялі выходныя ў сяброў на лецішчы. Усё было добра».

Патэнцыйны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька звычайна ігнаруе летні адпачынак наагул:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Я прыхільнік зімовага адпачынку. Летняга адпачынку ў мяне звычайна няма. Найлепшае, што часам адбываецца — на тры-чатыры дні выехаць на Балтыку. А ўзімку, калі не было пахаваньня бацькі і калі я не зламаў нагу, то на тыдзень вырываўся ў горы. Люблю экстрэмальны адпачынак — лыжы, горы. Вось гэта маё.

А пра сьпякоту. Я шмат часу аддаваў фізкультуры. І футбол у мяне быў, і хакей, і яшчэ шмат чаго. Даводзілася езьдзіць на спаборніцтвы: і за школу, і за ўнівэрсытэт. А там даводзілася выступаць пры любым надвор’і. Карацей, сьпякоту пераношу нармальна. Горача. Але ня болей за тое. Як кажуць, лепш маленькі Ташкент, чым вялікая Сыбір».

XS
SM
MD
LG