Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грэкі прагаласавалі за салідарнае зьбядненьне»


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Сытуацыю, якая склалася ў эўразоне пасьля рэфэрэндуму ў Грэцыі, Свабодзе камэнтуе беларускі палітоляг Алесь Лагвінец.

Па выніках рэфэрэндуму 5 ліпеня больш за 60% грэкаў прагаласавалі супраць выкананьня жорсткіх патрабаваньняў крэдытораў дзеля атрыманьня новай праграмы фінансавай дапамогі. Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец выказаў меркаваньне адносна таго, як вынікі рэфэрэндуму, праведзенага Грэцыяй, адаб’юцца на эканоміцы, фінансавым сэктары эўразоны, а таксама як гэта можа паўплываць на Беларусь:

«Гэта ўнікальная сытуацыя для эўрапейскай інтэграцыі, калі адна краіна будзе адкручваць назад у сфэры інтэграцыйных працэсаў. Выглядае на тое, што, хутчэй за ўсё, Грэцыя выйдзе з эўрапейскай зоны, з зоны эўра, і гэта складае выклікі для ўсяго Эўрапейскага Зьвязу. Але ня можа быць невырашальных праблемаў. Я ня думаю, каб Эўрапейскі Зьвяз разваліўся.

Калі казаць пра Грэцыю — па сутнасьці, учора на рэфэрэндуме грэкі прагаласавалі за салідарнае зьбядненьне. Гэта значыць, калі ў Грэцыі раптам будзе ўведзеная драхма альбо іншая валюта, гэта адназначна будзе азначаць дэвальвацыю, і гэта таксама будзе азначаць тое, што ўсе грэкі адначасна зьбяднеюць. Гэтым, магчыма, будзе адноўленая канкурэнтаздольнасьць грэцкай эканомікі, але таксама выглядае на тое, што ёсьць пэўная палітычная воля ў прадстаўнікоў іншых дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу, каб узяць і дапамагчы Грэцыі, але не заходзячы далёка і не паддаючыся на папулісцкія крокі грэцкага ўраду.

Мы бачым, што гэтая сытуацыя відавочна ўплывае на становішча Эўрапейскага Зьвязу, ягоны ўплыў на іншыя рэгіёны, а таксама на суседнія краіны. Так ці інакш, размовы пра крызіс у Эўразьвязе адбіваюцца і на Беларусі, бо частка беларусаў перастае бачыць у эўрапейскай інтэграцыі рэальную альтэрнатыву для Беларусі. Але ў той жа час я думаю, што ў Эўрапейскага Зьвязу дастаткова рэсурсаў, і я думаю, што будзе палітычная воля для таго, каб захаваць прывабнасьць эўрапейскага праекту».

XS
SM
MD
LG