Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве зьбіраюцца скараціць у школах пэрсанал і павялічыць колькасьць вучняў у клясах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Настаўнікі ўспрымаюць намеры чыноўнікаў без асаблівага аптымізму. Яны прызнаюць, што сродкаў на школы нестае, тым ня менш лічаць: павялічэньне колькасьці вучняў у клясах ня пойдзе на карысьць навучальнаму працэсу.

У Магілёве зьбіраюцца правесьці, як заяўляецца, унутраную аптымізацыю школ. Прадугледжваюцца скарачэньні тэхнічнага пэрсаналу і павелічэньне колькасьці вучняў у клясах. Плянуецца зьменшыць колькасьць профільных спартовых клясаў, якія бюджэту, паводле чыноўнікаў, абыходзяцца задорага. Мэта такой аптымізацыі — эканомія сродкаў.

Настаўнікі ўспрымаюць намеры чыноўнікаў без асаблівага аптымізму. Яны прызнаюць, што сродкаў на школы нестае, тым ня менш лічаць: павялічэньне колькасьці вучняў у клясах ня пойдзе на карысьць навучальнаму працэсу.

«Настаўнік ня можа разарвацца на вялікую колькасьць вучняў. Калі ў клясе 25–30 чалавек, то настаўніку дужа цяжка. Аптымальная колькасьць — да дваццаці чалавек, каб якасна працаваць, — кажа адзін з пэдагогаў».

«Асабліва цяжка давядзецца кляснаму кіраўніку, — працягвае суразмоўца. — Яму прыйдзецца складаць сьпісы дзяцей і потым абыходзіць іх, каб пабачыць умовы іх пражываньня. А на іх яшчэ шмат чаго ўскладзена».

На думку пэдагога, дадатковая нагрузка на настаўнікаў прывядзе да адтоку кадраў, бо заробкі і так невялікія, кажа ён.

Сродкаў недастаткова, і часта настаўнікі бяруцца яшчэ за дадатковыя заняткі, альбо стымулюючыя.

«Сродкаў недастаткова, і часта настаўнікі бяруцца яшчэ за дадатковыя заняткі, альбо стымулюючыя. І гэты прыбытак дазваляе выжыць, асабліва, калі гэта мужчыны».

Яшчэ адзін пэдагог зазначае, што зьмяншэньне колькасьці клясаў адаб’ецца на заробках і якасьці навучаньня школьнікаў.

«Нам амаль што ня плацяць за праверку сшыткаў. А правяраць іх трэба, і лічыцца гэта будзе як адна гадзіна. Таму настаўнік будзе недзе хітраваць. Ня так дбайна правяраць. Вось паглядзіце — ці на дваццаць чалавек праверыць, ці на дваццаць пяць — трыццаць. Асабліва кантрольныя працы», — выказваецца суразмоўніца.

Паводле яе, сёлетні навучальны год зноў будзе экспэрымэнтальны, бо вяртаецца мультыпрофільнае навучаньне. Будзе цяжка, бо няма дапаможных матэрыялаў. Іх давядзецца раздрукоўваць з інтэрнэту.

Чыноўнікі заяўляюць, што разглядаецца пытаньне, каб зьменшыць у асобных школах колькасьць намесьнікаў дырэктара. Старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў на адной з нарадаў заявіў, што знайшоў крыніцу дадатковых сродкаў, якія зьбіраюцца накіраваць на падрыхтоўку школ да новага навучальнага году:

«Паглядзіце, калі ласка, як фармуецца фонд заработнай платы ў дырэктараў школ і іх намесьнікаў, а таксама дырэктараў дзіцячых спартовых школ. Унясіце мне прапанову, колькі мільярдаў вы зэканомілі. Праверце фонды заработнай платы. Я вам даручэньне даю».

Бліжэйшым часам намерамі чыноўнікаў прадугледжваецца скарачэньне ў школах лябарантаў ды працаўнікоў па комплексным абслугоўваньні памяшканьняў.

Тое, што зьбіраюцца скарачаць тэхнічны пэрсанал, настаўніц ня дзівіць. У вясковых школах такая «аптымізацыя» ўжо пачалася.

Грошай няма, і ўсімі спосабамі стараюцца папоўніць казну.

«Усё скарачаецца і ўсюды, — кажа настаўніца адной зь вясковых школаў. — Грошай няма, і ўсімі спосабамі стараюцца папоўніць казну. Нам вось нядаўна была затрымка заробку на два дні. Скарацілі ў нас бібліятэкара.

У раёне зачынілі ўсе бібліятэкі, — працягвае суразмоўніца. — Мы паразьбіралі сьпісаную літаратуру сабе ў кабінэты. Адзін чалавек за прэмію будзе адказваць за падручнікі і мэтадычную літаратуру. Калі б у нас не набралася 50 чалавек у школе, то скарацілі б завуча, сацыяльнага пэдагога, пэдагога-арганізатара».

У сьвятле «аптымізацыйных» плянаў ці пагражае ліквідацыя адзінай у Магілёве малакамплектнай клясе зь беларускай мовай навучаньня? У ёй адна вучаніца — Ялінка Салаўёва. Паводле ейнай маці Надзеі Салаўёвай, гаворкі пра закрыцьцё клясы няма. У гэтым запэўнівала бацькоў адміністрацыя першай магілёўскай школы.

«Беларуская кляса застанецца. Матэматыка, гісторыя, біялёгія, беларуская мова і літаратура будуць выкладацца паводле беларускамоўнай праграмы. Гэта ўжо вырашана. А вось ангельская мова, фізкультура, музыка ды мастацтва для Ялінкі будуць выкладацца ў вялікай клясе. Гэтак было і ў ранейшыя гады», — кажа Надзея Салаўёва.

Што да профільных спартовых клясаў, якія, паводле чыноўнікаў, абыходзяцца бюджэту задорага — бо яны малакамплектныя, а вучні тамхарчуюцца 2–3 разы на дзень, — то ў некаторых школах іх ужо не засталося. У іншых, адзначаюць настаўнікі, яны, наадварот, разрастаюцца.

«Вядома ж, абыходзяцца яны ня танна, але ў маёй школе колькасьць вучняў у спартовых клясах павялічылася. Мо гэта вынік „аптымізацыі“ такіх клясаў у іншых школах», — кажа прадстаўнік адной з магілёўскіх школ.

Сёлета на падрыхтоўку магілёўскіх школ да новага навучальнага году выдзелена меней за трыццаць працэнтаў ад леташняй сумы — 4,7 мільярда рублёў. У вобласьці ліквідуюцца два дзясяткі малакамплектных школ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG