Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага байца-добраахвотніка затрымалі ва Ўкраіне


Украінскі добраахвотніцкі батальён «Тарнада»

Украінскі добраахвотніцкі батальён «Тарнада»

Грамадзянін Беларусі Барыс Гульчук, які служыў у добраахвотным батальёне «Тарнада», затрыманы ўкраінскімі ўладамі па падазрэньні ў цяжкіх злачынствах.

22-гадовы берасьцеец служыў у добраахвотніцкім батальёне «Тарнада», які загадам міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава цяпер расфармаваны. Ад батальёну засталася толькі рота ў складзе Нацыянальнай гвардыі.

Барыс Гульчук затрыманы разам з камандзірам батальёну і яшчэ шасьцю байцамі. Усім выстаўленыя абвінавачаньні паводле часткі 2 артыкула 255 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (стварэньне злачыннай арганізацыі), часткі 2 артыкула 365 (злоўжываньне паўнамоцтвамі асобаў, якія надаюць публічныя паслугі), часткі 2 артыкула 146 (незаконнае пазбаўленьне волі або выкраданьне чалавека) і часткі 2 артыкула 127 (катаваньні). Мінімальнае пакараньне за гэтыя злачынствы — 2 гады пазбаўленьня волі, а максымальнае — 12 гадоў турмы. Адзінае, у чым не абвінавачваецца беларус, — наўмыснае забойства, якое інкрымінуецца ўсім астатнім затрыманым.

Праваабаронцы перакананыя, што ўсе абвінавачаньні сфальсыфікаваныя.

«На сёньняшні дзень выкрышталізавалася праблема перасьледу добраахвотнікаў. Мы як юрысты бачым, што на адрас добраахвотнікаў яшчэ да завяршэньня сьледзтва гучаць агульныя абвінавачаньні (а не падазрэньні) з боку высокапастаўленых асобаў. Аднак на самай справе з матэрыялаў гэтых крымінальных спраў, дзе патрэбныя толькі факты, а не смакаваньне крывавых падрабязнасьцяў, відаць толькі беспадстаўныя абвінавачаньні», — заявіла адвакат, старшыня рады праваабарончай групы «Січ» Аксана Тамчук.

Паводле яе слоў, усе затрыманыя па справе роты «Тарнада» прыходзілі ў праваахоўныя органы добраахвотна, а потым у іх аказваліся цялесныя пашкоджаньні. Абаронцы затрыманых байцоў «Тарнада» мяркуюць, што ў грамадзтве спрабуюць стварыць вобраз крывавых злачынцаў яшчэ да суду.

Пра затрыманьне Барыса Гульчука стала вядома толькі сёньня, хоць падазрэньне ў злачынстве яму было выстаўлена 16 траўня, а 17 траўня ён быў ужо затрыманы. Ягоныя правы абараняе праваабарончая арганізацыя «Січ».

Цяпер адвакаты зьвярнуліся ў Апэляцыйны суд Кіева са скаргай на незаконнасьць затрыманьня Барыса Гульчука. У сераду, 8 ліпеня, мае адбыцца судовае пасяджэньне, на якім будзе разгледжана апэляцыя адносна арышту беларускага добраахвотніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG