Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Апазыцыянэры будуць фальсыфікаваць подпісы і падманваць


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў заклікае патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты зьняцца на карысьць Міколы Статкевіча і не дапускаць падману грамадзянаў і фальсыфікацыі подпісаў падчас выбарчай кампаніі.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, які выступае за вылучэньне адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыі палітвязьня Міколы Статкевіча, напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, што ўдзел апазыцыйных структураў у выбарчай кампаніі — гэта спрыяньне «спэктаклю аднаго актора».

«Мая прапанова зьняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных групаў і вылучыць адзіным кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыі палітвязьня Мікалая Статкевіча не знайшла падтрымкі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. У каторы раз я пачуў аргумэнты, галоўны зь якіх: сцэнар выбараў з удзелам палітвязьня — гэта не палітыка, а літаратура. П’еса. Твор для тэатру.

Што ж, калі нават гэта літаратура, п’еса, дык у нас хіба не тэатар?.. Але гэта палітыка.

Зьняўшыся з прэзыдэнцкіх выбараў у падтрымку Статкевіча, апазыцыя паставіла б іх нязьменнага пераможцу ў сытуацыю, у якой ён ніколі ня быў. Або вызваляй палітвязьня, або перамагай самога сябе.

Гэта хіба не палітыка?.. А што тычыцца таго, што над ёй, што вышэй за яе: чалавечай высакароднасьці, еднасьці, салідарнасьці, — дык мы нікому яшчэ ўсёй грамадой не дапамаглі.

Не падняліся разам.

Ня ўзвысіліся.

Разумееце?..

Гэта магла быць адна зь лепшых старонак у гісторыі беларускай апазыцыі. Наогул прыгожая гісторыя, якая магла стаць легендай. У ёй усё для гэтага ёсьць. Акрамя аўтараў, якія маглі б яе напісаць.

Мне шкада сюжэту...

Зрэшты, яго яшчэ можна рэалізаваць. Тое, што не зрабілі кіраўнікі апазыцыйных структур, могуць зрабіць сябры апазыцыі. Яе працаўнікі, актывісты, калі ўступяць у ініцыятыўную групу Статкевіча. Калі ня стануць зьбіраць подпісы за іншых кандыдатаў, наперад ведаючы, што неабходныя 100 000 подпісаў ніводная структура ў цяперашніх умовах, калі апазыцыя бяз сродкаў і пры вельмі абмежаваных людзкіх рэсурсах, не зьбярэ. Што ўсе будуць абменьвацца падпіснымі лістамі, скарыстоўваць старыя базы дадзеных, ранейшыя сьпісы выбаршчыкаў, фальсыфікаваць, падманваць.

Потым гэтая фальш будзе зарэгістраваная як праўда, будзе завераная фальшывай пячаткай ЦВК, фальшывыя кандыдаты пойдуць на фальшывыя выбары — і каторы раз паўторыцца спэктакль аднаго актора...

Вы хочаце ў гэтым удзельнічаць? Падпісвацца сваімі імёнамі пад падманам? Навошта? Дзеля чаго?.. Цяперашнія выбары з тым сцэнарам, які прапісала ўлада і ў якім пагадзілася ўдзельнічаць апазыцыя, толькі кансэрвуюць сытуацыю, у якой кожны з вас у любы момант можа апынуцца на месцы Статкевіча.

Вам выбіраць».

А што вы думаеце пра выбары? Што кажуць вашыя сябры ці сваякі? Пішыце ў камэнтарах ці нам на пошту svaboda@rferl.org

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG