Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадоксы «рускага сьвету» ў Беларусі


У чэрвеньскім апытаньні НІСЭПД 2015 на пытаньне пра стаўленьне да ідэі «рускага сьвету» 39% ацанілі яе пазытыўна, 40% выказалі да яе абыякавасьць і толькі 15% ацанілі яе адмоўна.

У гэтых лічбах насамрэч няма нічога сэнсацыйнага. У апытаньні 2011 году, калі рэспандэнтаў папрасілі ацаніць выказваньне тагачаснага расейскага прэм’ера У. Пуціна наконт таго, што рэальнае аб’яднаньне Расеі і Беларусі «магчымае і вельмі пажаданае», у той або іншай ступені пазытыўна яго ацанілі прыкладна тыя самыя 40% рэспандэнтаў. Ну а славутую тэорыю пра «тры галіны рускага народу — велікаросаў, беларусаў і ўкраінцаў» падзяляюць на працягу прынамсі 9 апошніх гадоў больш за 60% беларусаў (супраць — каля 25%).

Усё як заўсёды? Ну і так, і не. Усё ж вельмі істотна зьмяніўся міжнародны кантэкст. Сьвет, і беларусы ў тым ліку, убачылі інструмэнтальнае прыкладаньне тэорыі «рускага сьвету» ў Крыме і ў Данбасе. І калі Захад, зыходзячы з гэтага досьведу, палічыў Расею калі ня ворагам, дык небясьпекай, разбуральнікам спакою, то на беларускія ацэнкі ўсходняга суседа гэта практычна ніяк не паўплывала.

Больш за тое, беларусы абсалютнай большасьцю — парадку 60% на працягу ўсяго мінулага году — ухвалялі і ўхваляюць далучэньне да Расеі Крыму (асуджалі — ад 22% да 32%), адноснай, але вельмі вялікай большасьцю — ад 42% да 50% — прызнавалі права на самавызначэньне «народа Новороссии».

Беларусы таксама вельмі пераканаўчай большасьцю ў чэрвеньскім 2015 году апытаньні НІСЭПД сярод усіх лідэраў блізкіх і далёкіх краінаў аддалі перавагу менавіта расейскаму прэзыдэнту (60% апытаных ацанілі яго дзейнасьць станоўча, 20.3% — адмоўна). З заходніх лідэраў станоўчы балянс адзнакаў займела толькі Ангела Мэркель (34.6% рэспандэнтаў ацанілі яе дзейнасьць станоўча, 32% — адмоўна), а найгоршыя ацэнкі атрымаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка (усяго толькі 10.1% станоўчых адзнак і 67% адмоўных).

Ну дык гэта ж вынік расейскай прапаганды — скажа крытычна наладжаны чытач. Магчыма так. Уплыў прапаганды ня варта недаацэньваць. Аднак гэты расейскі ўплыў — частка беларускага інфармацыйнага і палітычнага ляндшафту. Як у анэкдоце пра дзьвюх бляндынак (хай прабачаць мне фэміністкі).

— Пра што ты марыш?
— Каб прыляцела фэя і падаравала мне 100 тысяч даляраў.
— А чаму не мільён?
— Не, мільён — гэта нерэальна.

Вызваленьне ад расейскай прапаганды ўяўляецца менш рэальным, чым іншыя малаверагодныя зьмены беларускага жыцьця-быцьця.

Уплыў расейскай тэлевізіі сапраўды цяжка адмаўляць. Паводле таго самага апытаньня НІСЭПД, 30% апытаных глядзяць расейскія навінныя тэлепраграмы рэгулярна, 60% — час ад часу. Пры гэтым прыкладна 60% усіх апытаных лічаць, што ў гэтых праграмах падзеі выкладаюцца альбо цалкам аб’ектыўна альбо збольшага аб’ектыўна (у той або іншай ступені неаб’ектыўнымі іх лічаць 26% апытаных).

Аднак ці толькі ва ўплыве расейскай прапаганды справа? Напрыклад, дасьледаваньне ўкраінскіх сацыёлягаў паказвае, што там расейская прапаганда, як і можна было меркаваць, найбольш эфэктыўная на ўсходзе і на поўдні краіны. Рэжым доступу да расейскіх тэлеканалаў аднолькавы як на захадзе, гэтак і ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах Украіны, якія кантралююцца цэнтральнай уладай. Аднак адрозьненьні ашаламляльныя. Так што справа не ў расейскай прапагандзе самой па сабе, але і ў гатовасьці або негатовасьці яе ўспрымаць. На захадзе Ўкраіны гэтая гатовасьць істотна ніжэйшая, чым на ўсходзе і на поўдні.

Гэтак і ў Беларусі — сапраўды, расейская прапаганда мае вельмі істотнае ўзьдзеяньне на ўстаноўкі і ўяўленьні насельніцтва. Але яна аказваецца эфэктыўнай таму, што кладзецца на базавыя каштоўнасьці многіх беларусаў.

Праўда, варта заўважыць, што разам з тым беларусы пераканаўчай большасьцю ўхваляюць палітыку прэзыдэнта Лукашэнкі адносна Ўкраіны (20% ухваляюць цалкам, 42% — ухваляюць у асноўным). Мяркуючы па ўсім, менавіта здольнасьць беларускага лідэра прайсьці ва ўкраінскім крызісе «сухім праз кроплі дажджу» і абумовілі невялікі, аднак значымы рост яго рэйтынгу на фоне дастаткова сумнага эканамічнага становішча ў краіне.

Сымпатыі да Пуціна, ухвала далучэньня Крыму да Расеі, сымпатыі да «Новороссии» — усё гэта прымушае прыгадаць формулу Пушкіна наконт таго, што ўрад — адзіны эўрапеец у краіне. Паводле расейскага клясыка, урад мог бы быць значна горшым — гэтага ніхто б не заўважыў.

Вядома, цяпер заўважыў бы, і выбухнуў гневам і асуджэньнем. У Фэйсбуку. А за яго межамі ... Невідавочна, што беларусы, якія ўхваляюць Крымнаш, «Новороссию», якія сымпатызуюць Пуціну, так ужо пагалоўна і горача пратэставалі б, калі б палітыка афіцыйнага Менску была б больш падобнай на расейскую, чым гэта ёсьць цяпер.

Зразумела, пазыцыя афіцыйнага Менску далёкая ад пазыцыі афіцыйнага Кіева. Але і з пазыцыяй афіцыйнай Масквы яна не супадае: «ДНР» і «ЛНР» не атрымліваюць ад афіцыйнага Менску нават гуманітарнай дапамогі, Украіне не пагражае (прынамсі пакуль) ваенны ўдар добраахвотнікамі ў двукосьсі і без з поўначы, колькасьць людзей, якія едуць зь Беларусі ваяваць у Данбас (з абодвух бакоў), налічвае некалькі дзясяткаў на фоне заявы КДБ РБ, што ўсе яны, незалежна ад боку, на якім ваююць, трактуюцца дома як крымінальныя злачынцы.

У Расеі прапаганда кладзецца на шматвяковую духоўную імпэрскую традыцыю — ад старца Філафея, вынаходніка тэорыі «трэцяга Рыму», да Аляксандра Дугіна. У Беларусі таксама існуюць вельмі высакаякасныя тэксты як ідэолягаў заходнерусізму, так і адэптаў беларускай нацыянальнай ідэі. Але ў Расеі ідэяй «Трэцяга Рыму» прасякнуты апошні бомж, сьведчаньне чаго — завоблачны рэйтынг Пуціна 89%, падлічаны зусім не пракрамлёўскім Левада-цэнтрам.

У Беларусі ж ... Ну так, «рускі сьвет», Крымнаш (дакладней, іх, рускіх), Пуцін — 60% (але ўсё ж не 89%, як у Расеі). Але пры гэтым удзелу беларусаў ва ўкраінскай вайне на любым баку — не, ня трэба (табліца 9), далучэньню да расейскіх контрасанкцый адносна ЭЗ — не-не (табліца 5), расейская ваенная авіябаза ў Беларусі — лепш ня трэба (табліца 6) , удару «доблесных рускіх воінаў» з поўначы зь Беларусі па ўкраінскіх «карніках» і «нацыстах» — не, ні ў якім разе (табліца 8).

«Рускі сьвет»? Ну рытарычна так. А практычна — «абы вайны не было». Народная максіма, якая выклікала раней сьмех, цяпер не здаецца такой ужо старамоднай і неадэкватнай. Да таго ж варта дадаць і параўнальную ацэнку ў чэрвеньскім апытаньні НІСЭПД дабрабыту ў Беларусі і на Захадзе (60% аддалі перавагу Захаду), і меркаваньне, што Беларусі варта збліжацца з ЭЗ у межах праграмы Ўсходняга партнэрства (40.2%).

Ёсьць глыбокія сымпатыі да Расеі — няма антызаходняй ксэнафобіі, успрыманьня Захаду як чужога, цывілізацыйна іншага сьвету. Ёсьць рытарычная ўхвала «Крымнаш» і іншых расейскіх «геройстваў» ва Ўкраіне, няма абсалютна ніякага жаданьня падзяліць расейскі цяжар такіх рашэньняў. І гаворка не пра вытанчаных сталічных інтэлектуалаў, а пра масы, пра народ.

Сьвет можа і адзін, а лёс розны.

Перадрук з парталу TUT.BY
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG