Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грэцыя прагаласавала, Эўропа ў чаканьні наступстваў


Прэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас галасуе на выбарчым участку ў Атэнах падчас рэфэрэндуму 5 ліпеня 2015 году ў Грэцыі

Прэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас галасуе на выбарчым участку ў Атэнах падчас рэфэрэндуму 5 ліпеня 2015 году ў Грэцыі

Эўрапейская валюта адрэагавала на вынікі рэфэрэндуму ў Грэцыі неістотным падзеньнем, а вось каціроўкі нафты ўпершыню ад красавіка апусьціліся ніжэй за 60 даляраў за барэль.

Больш за 60% грэцкіх выбарцаў з правам голасу заявілі, што не жадаюць выконваць жорсткія патрабаваньні крэдытораў дзеля атрыманьня новай праграмы фінансавай дапамогі. На гэтым тле аналітыкі называюць выхад Грэцыі з зоны эўра цалкам імаверным сцэнарам разьвіцьця падзеяў. Нягледзячы на па-ранейшаму цьмяныя пэрспэктывы, дзясяткі тысяч чалавек па ўсёй краіне адзначылі «перамогу» масавымі гуляньнямі.

Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас падзякаваў грамадзянам за «мужны выбар», які павінен узмацніць пазыцыі Атэнаў на перамовах з «тройкай» — Эўракамісіяй, Эўрапейскім цэнтрабанкам і Міжнародным валютным фондам. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што гаворка пра выхад з эўразоны не стаіць, проста перамоўнікі павінны перастаць размаўляць з грэкамі на мове ўльтыматумаў.

У пацьверджаньне намераў застацца ў адзінай эўрапейскай сыстэме разьлікаў з пасады міністра фінансаў сышоў Яніс Варуфакіс — маўляў, ягоныя ранейшыя абвінавачаньні на адрас крэдытораў у «тэрарызьме» і «зьнявазе цэлага народу» наўрад ці паспрыяюць выпрацоўваньню ўзаемавыгаднай пазыцыі.

Беларуска Настасься Гаўрылюк, якая некалькі апошніх гадоў жыве і працуе ў Атэнах, кажа, што высокі давер да палітыкі ўладаў тлумачыцца перадусім шматгадовай няпэўнасьцю, якая прыгнятала грамадзтва:

«Наконт захадаў прэм’ер-міністра думкі, безумоўна, падзяліліся. Хтосьці ягоную пазыцыю адназначна падтрымлівае, хтосьці лічыць, што гэта загадзя сплянаваная акцыя — маўляў, пад валам прапаганды грэкі ад страху прагаласуюць за тое, каб застацца ў Эўропе. Тады былі б абвешчаныя датэрміновыя выбары са зьменай ураду і вяртаньнем на авансцэну партыі „Новая дэмакратыя“ — гэта цалкам праамэрыканская, праэўрапейская партыя, якая заўсёды рабіла тое, чаго прасілі крэдыторы (а дагэтуль тое ж самае рабіла партыя ПАСОК). Дык вось у гэтым і палягае розьніца: упершыню пасьля многіх гадоў да ўлады прыйшлі сацыялісты. А гэта сьведчаньне таго, што яны праніклі ў душы адчайных людзей, і кожны выбарнік, па сутнасьці, аддаваў свой голас ім. Папярэднія партыі, паўтару, безагаворачна выконвалі патрабаваньні крэдытораў, і гэта ўрэшце давяло да таго, што ў краіне на дадзены момант у казьне няма грошай».

На 7 ліпеня заплянаваны экстраны саміт лідэраў краінаў эўразоны, на ягоным парадку дня адно пытаньне — наступствы плебісцыту для Эўразьвязу. Перадусім мяркуецца разгледзець скрайні варыянт — выхад Грэцыі з эўразоны. Аналітыкі папярэджваюць, што такі крок можа азначаць шматмільярдныя страты найперш для асноўных ратавальнікаў грэцкай эканомікі. Так, кіраўніцтва Бундэсбанку падлічыла, што страты адной толькі Нямеччыны могуць наблізіцца да 15 мільярдаў — найперш на грэцкіх аблігацыях (Бэрлін трымае дзяржаўныя аблігацыі Грэцыі больш як на 20 мільярдаў эўра).

У самой Грэцыі — сытуацыя няпэўнасьці. Для грамадзянаў краіны застаецца абмежавальная норма на зьняцьцё ў банкамаце 60 эўра на дзень, банкаўскія ўстановы не працуюць, у крамах разьмятаюць харчы і прадметы першай неабходнасьці. Супрацоўніца турыстычнай кампаніі Дар’я Лебедзева, якая некалькі гадоў таму пераехала зь Менску ў Салонікі, кажа, што галоўнае пытаньне, якое цяпер хвалюе грэкаў, — фінансавая прадказальнасьць:

Дар'я Лебедзева

Дар'я Лебедзева

«Банкі прынялі салідарнае рашэньне адчыніцца 7 ліпеня, пасьля рэфэрэндуму і канчатковага падліку галасоў. То бок калі будзе вымалёўвацца больш-менш зразумелая карціна таго, як ім працаваць і як распараджацца сродкамі ўкладчыкаў. Тым ня меней банкіры запэўніваюць, што ўкладаньні грэкаў ня згубяцца, што сродкі замарожаныя толькі да падвядзеньня вынікаў галасаваньня. Дарэчы, каля кожнай фінансавай установы ў абавязковым парадку дзяжурыць супрацоўнік банку, які цярпліва кансультуе расхваляваных кліентаў па ўсіх пытаньнях. Таксама здараецца, што раптам няспраўна працуе банкамат ці ўкліньваецца нейкая памылка транзакцыі. Іншымі словамі, цяпер тут усе ў чаканьні, можна нават сказаць, што жыцьцё замерла. Хоць кожны, зразумела, спадзяецца на лепшае. Сытуацыя на ўсіх узроўнях актыўна абмяркоўваецца, і пры гэтым ніхто ня ведае, чым усё завершыцца».

На навінах пра вынікі галасаваньня на грэцкім рэфэрэндуме эўрапейская валюта аслабела больш чым на 1% да амэрыканскага даляра. У выпадку, калі Грэцыя будзе трымацца раней абранай стратэгіі, «выбіваючы» матэрыяльную дапамогу і адмаўляючыся ад рэформаў, і краіна паўстане перад непазьбежным выхадам з эўразоны, эўра можа адкаціцца ў нашмат большай ступені. А вось нафтавыя каціроўкі адрэагавалі больш заўважна — «чорнае золата» патаньнела на 2,5% і ўпершыню за тры месяцы апусьцілася ніжэй за 59 даляраў за барэль.

XS
SM
MD
LG