Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары ў нядзелю, калі вынікі рэфэрэндуму ўжо былі відавочныя, прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас заявіў, што яго суграмадзяне прагаласавалі за «дэмакратычную і салідарную Эўропу».

«Заўтра Грэцыя вернецца за стол перамоваў, і нашай галоўнай мэтай будзе аднаўленьне фінансавай стабільнасьці краіны», — заявіў ён у тэлевізійным звароце да нацыі.

Аднак, на думку некаторых высокапастаўленых чыноўнікаў ЭЗ, выбар грэцкіх грамадзянаў азначае прамую адмову ад перамоваў з крэдыторамі. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

У прыватнасьці, кіраўнік Эўрагрупы Ерун Дэйсэлблум заявіў, што вынік рэфэрэндуму «вельмі сумна адаб’ецца на будучыні Грэцыі».

А віцэ-канцлер Нямеччыны Зігмар Габрыэль сказаў, што «цяжка ўявіць», як могуць аднавіцца перамовы з Грэцыяй.

Паводле Габрыэля, Цыпрас і ягоны ўрад вядуць краіну па шляху «горкага адчужэньня і безнадзейнасьці».

Шэраг эўрапейскіх чыноўнікаў пазытыўна паставіўся да вынікаў рэфэрэндуму, мяркуючы, што настаў час працягнуць перарваны перамоўны працэс.

«Цяпер самы час зноў паспрабаваць заключыць дамову, — напісаў у твітэры міністар замежных спраў Італіі Паола Джэнтыльёні. — Але з грэцкага лябірынту ня выбрацца, пакуль Эўропа слабая і ня здольная да росту».

Міністар фінансаў Бэльгіі Ёхан ван Овэртвэлдт заявіў, што дзьверы па-ранейшаму адчыненыя і перамовы з Грэцыяй можна аднавіць «літаральна ў найбліжэйшыя гадзіны».

Міністры фінансаў краін эўразоны могуць ізноў абмеркаваць захады, «здольныя паставіць на цьвёрдыя рэйкі грэцкую эканоміку і адкрыць ёй пэрспэктывы на будучыню», — сказаў Овэртвэлдт ў інтэрвію каналу VRT.

Старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер паведаміў, што ўжо праводзіць кансультацыі зь лідэрамі краінаў эўразоны, а сёньня правядзе тэлефонную канфэрэнцыю з прадстаўнікамі ЭЗ і Цэнтральнага банку Эўропы (ЦБЭ).

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель маюць намер сустрэцца ў панядзелак у Парыжы, а саміт кіраўнікоў краінаў эўразоны намечаны на аўторак.

XS
SM
MD
LG