Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Палхоўскі: Зараз Грэцыя будзе прапаноўваць новыя ўмовы крэдыторам


Дзяржаўны сьцяг Грэцыі (зьлева) і сьцяг Эўрапейскага Зьвязу падчас мітынгу каля будынку парлямэнту ў Атэнах, 18 чэрвеня 2015 году

Дзяржаўны сьцяг Грэцыі (зьлева) і сьцяг Эўрапейскага Зьвязу падчас мітынгу каля будынку парлямэнту ў Атэнах, 18 чэрвеня 2015 году

Старшы аналітык групы кампаніяў «Форэкс-клюб» Валер Палхоўскі выказаў меркаваньне, што цяпер усё выглядае неадназначна — трэба падзяляць, якія наступствы могуць быць для эканомікі, для фінансавага сэктару той жа эўразоны, для Беларусі — тут усё выглядае ня вельмі адназначна. Мяркуючы па ўсім, Грэцыя будзе спрабаваць прапаноўваць крэдыторам новыя ўмовы:

Валер Палхоўскі

Валер Палхоўскі

«Ці пагодзяцца яны, каб разглядаць нейкія новыя прапановы, ці не — таксама пакуль незразумела. Таму што калі яны пагодзяцца, яны пакажуць пэўную слабасьць. І таму, я мяркую, такія краіны, як Гішпанія, Партугалія і некаторыя іншыя пэрыфэрыйныя эканомікі, якія насамрэч таксама жывуць у рэжыме дастаткова жорсткай бюджэтнай эканоміі, у прынцыпе, могуць, у сваю чаргу, запатрабаваць зьмякчэньня сваіх умоваў, у якіх яны знаходзяцца. Гэта першае.

Калі не, калі крэдыторы ўсё ж такі будуць мець намер не вылучаць новую праграму — Эўрапейскі цэнтральны банк адрэжа грэцкія банкі ад праграмы ліквіднасьці, — то, хутчэй за ўсё, Грэцыя будзе вымушана пераходзіць на сваю ўласную грашовую адзінку. Зразумела, гэта наўрад ці ў яе хутка адбудзецца. Хутчэй за ўсё, спачатку адначасова будуць хадзіць дзьве грашовыя адзінкі — і ўмоўна драхма, і эўра. Прычым як яны будуць каціравацца, незразумела. Але, думаю, драхма будзе досыць хутка губляць свае пазыцыі. Што да эўра, ёсьць меркаваньні эканамістаў: эўра будзе каштаваць 0,5 драхмы. То бок 50% дэвальвацыя грашовай адзінкі Грэцыі.

Што тычыцца фінансавых рынкаў — улічваючы ўсё ж такі, што даўгі Грэцыі ў асноўным перад ЭЦБ і МВФ, — то, мне падаецца, для ўсясьветнай фінансавай сыстэмы гэта наўрад ці будзе такім шокам, як магло б быць у 2012 годзе, калі гэтыя даўгі былі перад прыватнымі і камэрцыйнымі банкамі. Таму будзе пэўная напружанасьць на працягу тыдня-двух, інвэстары будуць крыху ў стане нявызначанасьці. Але, я мяркую, даволі хутка ўсё супакоіцца. Усё ж такі ўдзельная вага эканомікі Грэцыі ў эканоміцы эўразоны і ва ўсясьветнай эканоміцы невысокая.

Што для Беларусі, — максымум, што мы заўважым, гэта калі будзе ажыцьцяўляцца ціск на эўра. Але ў панядзелак раніцай эўра зьніжаўся зусім нязначна. Да таго ж мы памятаем, што два гады таму кіраўнік Эўрапейскага цэнтральнага банку Марыё Драгі (Mario Draghi) адзначаў, што ЭЦБ гатовы рабіць усё дзеля таго, каб захоўваць эўра, забясьпечваць стабільнасьць гэтай грашовай адзінкі. Таму, мяркую, калі будуць нейкія цяжкасьці, то рэгулятар і з інтэрвэнцыямі на рынак можа выходзіць, і з інтэрвэнцыямі на рынку аблігацыяў, і гэтак далей. Так што пакуль нават не заўважна, каб эўра моцна ўпаў. Пакуль такога не назіраецца. Гэтая праблема, мне здаецца, хутчэй перабольшваецца, чым нясе рэальныя наступствы. Самае жорсткае ў ёй — доўгатэрміновая пэрспэктыва, калі раптам Грэцыя выйдзе з эўразоны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG