Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: Адзін Абламейка даў рады праблеме, над якой б’юцца 15 тысяч «ідэолягаў»


Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра кнігу Сяргея Абламейкі «Мой Картаген» дзеліцца мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Вокладка кнігі Сяргея Абламейкі "Мой Картаген"

Вокладка кнігі Сяргея Абламейкі "Мой Картаген"

«Сяргеева кніга — ня проста зборнік добрых эсэ й публіцыстычных тэкстаў. Гэта кніга ідэалягічная, яна задае каштоўнасную парадыгму. Хаця тэксты збольшага зьяўляліся ў сеціве раней, але менавіта цэласная кніга — зь першымі разьдзеламі пад яснымі назвамі «Беларуская ідэя» і «Русский мир» — вельмі патрэбная сёньня і была патрэбная ўчора, да нападу Расеі на Ўкраіну і новых экзыстэцыйных выклікаў для беларусаў. Каб папярэдзіць, ашаламіць, натхніць — бо тэксты, нягледзячы ні на што, аптымістычныя.

Адзін Сяргей Абламейка даў рады праблеме, над якой нібыта б’юцца 15000 уладных «ідэолягаў», што атрымалі загад ад валадара «прыдумаць нацыянальную ідэю».

Ідэя ёсьць даўно. Здавалася б, яна носіцца ў паветры, яна была аксіяматычнай для пакаленьня «талакоўцаў», да якога мы зь Сяргеем належым, але яе трэба належна і сучасна фармуляваць, што аўтар і робіць — у простых словах і цытатах вялікіх папярэднікаў. Шлях да Свабоды й Незалежнасьці праз тоеснасьць самым сабе, перадусім у беларускай мове. Каб не панавалі ў тэкставай прасторы вынаходнікі нейкага асобнага шляху для беларускае нацыі — бяз мовы, без герояў, без ідэнтычнасьці — як быццам мы мігранты і нас няма. «Маральная сіла беларушчыны і амаральнасьць яе непрыяцеляў» — так і называецца адно з эсэ.

«Русский мир» дык і не хавае, што расейская мова — імпэрская зброя, ня менш важная за «Букі» і «Грады». Аўтар робіць выдатныя гістарычныя экскурсы ў генэзу «Русского мира», каб было відаць, па які бок цывілізацыйнага разлому гістарычна былі мы, а куды і якімі мэтадамі нас ужо некалькі стагодзьдзяў спрабуюць зацягнуць. Дарэчы, у кнізе процьма невядомых мне фактаў: адно стварэньне савецкімі бальшавікамі «Дэзінфбюро» ў 1923 годзе чаго вартае.

Сяргей пасьлядоўна ўжывае слова «інтэлектуалы», а мне дык хочацца акрэсьліць ягоную пазыцыю як паставу сапраўднага інтэлігента, гэта значыць ня проста высокаадукаванага чалавека, які папісвае сабе, нагой гайдаючы, а асобы з каштоўнасьцямі, болем і адказнасьцю. Пра такіх людзей, якія зьдзяйсьняюць беларушчыну самым сваім лёсам, у кнізе асобны ўдзячны разьдзел.

Традыцыйная для аўтара тэма — лёс беларускай архітэктуры, у тым ліку менскай. У гісторыі і тэорыі архітэктуры аўтар бліскуча абазнаны, і штораз дзякуючы ягоным тэкстам новымі вачыма глядзіш на музыку беларускага дойлідзтва, якое заўжды было аб’ектам зьнішчальных стратэгіяў акупантаў з Усходу. Бо што, як не архітэктура, навочна сьведчыць пра эстэтычны канон і тую самую цывілізацыйную прыналежнасьць беларусаў. Руйнаваньне працягвае цяперашняя ўлада. Эмацыйны ды экспэртны ровень Абламейкавых тэкстаў пра архітэктуру штурхае да зьяўленьня абноўленага, матываванага высокай ідэяй руху за ўратаваньне нашых помнікаў», — кажа Вінцук Вячорка.

XS
SM
MD
LG