Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: Ці ў «русском мире» Беларусь?


Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

7 ліпеня ў менскай кнігарні «Логвінаў» будзе прэзэнтаваная новая кніга бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі эсэ Сяргея Абламейкі «Мой Картаген». Гістарычныя, філязофскія і паэтычныя развагі аўтара пра беларускую культуру і бескультур’е, спадчыну і руіны, многія зь якіх друкаваліся на нашым сайце, не пакідаюць абыякавымі ўсіх тых, хто зацікаўлены ў эўрапейскай будучыні Беларусі. Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад новай кнігі Сяргея Абламейкі дзеліцца пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

Вокладка кнігі Сяргея Абламейкі "Мой Картаген"

Вокладка кнігі Сяргея Абламейкі "Мой Картаген"

«Сяргей Абламейка — мой аўтар яшчэ з часоў сваёй першай кнігі «EGOізмы». Нагадаю, што прадмову да яе напісаў Васіль Быкаў — назваўшы той зборнік сэнтэнцыяў «унівэрсальнай кнігаю чалавечай маралі, побыту і жыцьцёвай мудрасьці».

На маю думку, «Мой Картаген» — новая творчая ўдача аўтара. Яшчэ і таму, што Сяргеевы сапраўды вельмі асабістыя эсэ, апрача дакладнай гістарычнай падсьветкі ды філязофскага позірку, адметныя і выразнай публіцыстычнай «падкладкай».

Зрэшты, пра гэта ўжо выразна кажуць назвы першых разьдзелаў — «Беларуская ідэя» і «Русский мир».

З асаблівай цікавасьцю я чытаў разьдзел «Людзі і справы». Ня толькі таму, што сабраныя ў ім эсэ перагукаюцца з маімі з новага выданьня «Імёнаў Свабоды». Перагукаюцца і выбарам асобаў — кардынал Казімер Сьвёнтак, філёзаф Уладзімер Конан, гісторык і кіраўнік легендарнай «Талакі» Сяржук Вітушка, айцец Аляксандар Надсан абавязкова станецца героем наступнага выданьня «Імёнаў», — і ўдакладненьнем ацэнак, і самімі «кроўю і плоцю» больш працяглага палатна тэксту, што дапаўняюць мае прадыктаваныя фарматам ляпідарныя аповеды.

Ёсьць у згаданым разьдзеле і эсэ пад інтрыгоўным для мяне назовам «Як Уладзімер Арлоў не апраўдаў маіх спадзяваньняў». Застаецца адно — апраўдаць.

І апошняе. Над некаторымі старонкамі «Картагену» можна было б і паспрачацца, але рашучую нязгоду выклікае адно самы фінал, дзе Абламейка выказвае думку, што цяпер Беларусь нібыта знаходзіцца ў «русском мире».

Ceterum censeo, тут Сяргей памыляецца. Прычым, відаць, цалкам сьвядома. Бо сама кніга вуснамі і дзеямі сваіх герояў сьцьвярджае іншае».

XS
SM
MD
LG