Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смуродныя пакойчыкі «беларускага парадку»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Аўтападарожнік са стажам распавядае пра ўражаньні ад трасы М1, якая на Маскву:

– Шмат што зьмянілася. Напрыклад, дзяржаўныя запраўкі. Пад'яжджаеш – усё красіва! Прадуманая архітэктура малых формаў, лавы, ліхтары, усё ахайна, усё сучасна, канцэптуальна. Вока радуецца. Але заходзіш у прыбіральню... і вылятаеш зь яе куляй! Лепш пацярпець да наступнай запраўкі.

Сам таго ня ведаючы, мой суразмоўца намаляваў вобраз сучаснай беларускай дзяржаўнай сыстэмы.

Турыст прыяжджае ў Беларусь, бачыць ахайныя палі, новыя будынкі, чысьціню, сучасных людзей у сучаснай вопратцы, сучасныя аўтамабілі, усё чотка.

Але варта турысту застацца тут надоўга, ён сутыкаецца зь дзікай бюракратыяй, свавольствам дзяржавы ў вызначэньні што грамадзяніну можна, а што нельга. Пры гэтым самі грамадзяне пазбаўленыя магчымасьці ўплываць на прыняцьце рашэньняў.

Турыст дазнаецца, што практычна кожны можа быць затрыманы з надуманай прычыны, можа нават трапіць у турму, калі зь яго можна вытрасьці нейкія больш-менш вялікія сумы, ці калі праз арыштаванага можна патаргавацца з Захадам за выгоды ў крэдытаваньні.

Калі чалавек не ўяўляе цікавасьці для сыстэмы, кожны начальнік дзяржустановы можа цябе звольніць, не працягнуўшы кантракт, і аніякія прафсаюзы табе не дапамогуць. Працягніце гэты сьпіс прыкладаў, сэнс якіх у тым, што чалавек за ахайнымі архітэктурнымі формамі і пастаральнымі краявідамі сутыкаецца з тым невыносным адміністратыўным смуродам, ад якога хочацца ўцячы.

Толькі беларусы збольшага застаюцца дома. Не ўцякаюць, а проста шукаюць магчымасьці па сытуацыі, каб не перасякацца з сыстэмай. Хтосьці выяжджае на часовыя заробкі, не зьмяняючы грамадзянства, хтосьці шукае працу ў замежных фірмах, хтосьці працуе па-шэраму. А іншыя – наадварот, імкнуцца ўзьняцца па лесьвіцы да смуроднага пакойчыку.

А ёсьць трэція, якія спрабуюць рабіць выгляд, што ўсё нармальна, і за прывабным фасадам няма смуроду, зь якога кіруюць, і не бяз посьпеху, усёй астатняй прасторай.

Напрыклад, знаёмы пытаецца: «А якім мусіць быць СМІ ў сеціве, каб вы былі гатовыя за яго заплаціць?». А яму адказваюць, маўляў, за арыгінальны, актуальны востры кантэнт у Беларусі могуць СМІ закрыць, ці нават перасьледаваць стваральнікаў. Як гэта было ў свой час з газэтай «БДГ», якая пісала пра грошы ўлады.

Альбо вазьміце спробы стартапаў, створаных па законах вольнага рынку, якія ўпіраюцца ў нявыкрутку: у неабходнасьць узгадняць свае дзеяньні тэт-а-тэт з тым ці іншым начальнікам смуроднага пакойчыку. Толькі асабістыя сувязі, толькі шахер-махер можа гарантаваць посьпех!

«Смуродныя пакойчыкі сочаць за табой!» – можна напісаць на ўезьдзе ў краіну. Як бы публіка ў масе сваёй ні супраціўлялася зьменам, рана ці позна давядзецца рабіць дэзынфэкцыю.

Без гігіены не бывае здароўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG