Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі вуліцу Эспэранта перайменавалі ў вуліцу Нурсултана Назарбаева ФОТА


У расейскай Казані, насуперак пратэстам гараджанаў, перайменавалі адну з цэнтральных вуліц з унікальнай назвай — Эспэранта — у гонар штучнай мовы, распрацаванай Людвікам Замэнгофам, які пэўны час жыў і працаваў у Горадні.

З гэтага часу вуліца носіць імя дзейнага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Гэта першы ў гісторыі горада выпадак, калі гаданімічнаму аб’екту прысвойваецца імя яшчэ жывога, а не памерлага чалавека.

Цырымонію «адкрыцьця новай назвы» спачатку меркавалі правесьці 3 ліпеня на самой вуліцы Назарбаева, аднак прыйшлося ўлічыць пратэстныя настроі мясцовых жыхароў. Урачыстасьць перанеслі ў Дом дружбы народаў.

Рашэньне аб перайменаваньні вуліцы, названай у гонар самай вядомай штучнай міжнароднай мовы, улады Казані прынялі ў рэкордна кароткія тэрміны. Пры гэтым ніхто не заручыўся згодай ані жыхароў вуліцы Эспэранта, ані іншых гараджан. Іх проста паставілі перад фактам: камісія па тапаніміцы, якая дзейнічае пры Казанскай гарадзкой думе, ушанавала просьбу сябраў Нацыянальна-культурнай аўтаноміі казахаў Рэспублікі Татарстан прысвоіць вуліцы імя Нурсултана Назарбаева.

Пры перайменаваньні, паведамляе газэта «Вячэрняя Казань», тапанімічная камісія парушыла ўласныя правілы. Адзін з пунктаў мясцовага падзаконнага акту — Палажэньня аб геаграфічных аб’ектах — абвяшчае, што «прысваеньне найменьняў ў гонар выбітных асоб немагчыма ў дачыненьні да тых, якія цяпер жывуць». Многія гэтае перайменаваньне сустрэлі словамі: «Назарбаеў хіба памёр?». Вядома ж, гэта ня так: 6 ліпеня прэзыдэнт Казахстану шчасна адзначыць сваё 75-годзьдзе.

Як толькі ў Казані стала вядома аб перайменаваньні, у інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад пэтыцыяй з просьбай захаваць тапонім «вуліца Эспэранта». Пад пэтыцыяй ужо падпісаліся больш за тры тысячы чалавек.

У інтэрнэце зьявілася шмат жартаў з гэтай нагоды. Карыстальнікі сеціва перарабілі тэкст вядомай песенькі:

"Пройдусь по Назарбаева,
Сверну на Лукашенскую,
На Ким Чен Ына улице я постою в тени".

Таблічкі на дамах «Вуліца Назарбаева» мясцовыя жыхары ўпарта заляпляюць раздрукаванымі на друкарцы аркушыкамі з назвай «Вуліца Эспэранта». На прыпынках грамадзкага транспарту і ў крамах зьявіліся ўлёткі, на якіх буйным шрыфтам выдзелены радкі:

Хто спытаў мяне?

Няўжо я ніхто?

Мне жыць на гэтай вуліцы!!!

XS
SM
MD
LG