Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі гісторык Тымаці Гартан Эш: Расея стане свабоднай, калі выветрыцца савецкі дух


Тымаці Гартан Эш — брытанскі гісторык і прафэсар Оксфардзкага ўнівэрсытэту, палітычны экспэрт і камэнтатар па пытаньнях Усходняй Эўропы —у інтэрвію Радыё Свабода гаворыць аб альтэрнатыўных варыянтах магчымай ролі Расеі ў сучасным сьвеце, аб вырашэньні ваеннага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і аб палітычнай стратэгіі Уладзіміра Пуціна.

РС: Вы крытыкуеце вылучаную Уладзімірам Пуціным канцэпцыю «рускага сьвету». Што вас у ёй не задавальняе?

Тымаці Гартан Эш: Паняцьце «рускі сьвет» пераклікаецца з паняцьцем «англамоўны» ці, як часам кажуць, «англасаксонскі сьвет». Гэтым тэрмінам пазначаюць звычайна культурную супольнасьць, сябры якой могуць адчуваць блізкасьць і сілу ня толькі агульнасьці мовы, але і іншых фактараў. Аднак калі ўявіць, што Ангельшчына пры гэтым сьцьвярджала б, быццам людзі, якія гавораць па-ангельску, павінны быць часткай адной зь ёю дзяржавы або іншай формы агульнага палітычнага ўладкаваньня, што Канада, Новая Зэляндыя, Аўстралія і ЗША павінны да яе далучыцца, то такі заклік быў бы ўспрыняты ў нас як абсурдны, які дэстабілізуе сусьветны парадак. Варта адрозьніваць паняцьце «рускі сьвет» як супольнасьць людзей, аб’яднаных агульнай гісторыяй і культурай і якія застаюцца блізкімі сябрамі, ад канцэпцыі, якая сьцьвярджае, што элемэнты гэтага сьвету павінны быць часткамі імпэрыі. Мы на Захадзе вельмі часта забываемся, што палітыка Пуціна служыць перш за ўсё захаваньню яго асабістай улады. На мой погляд, гэта галоўная, прыярытэтная частка ўсёй яго палітыкі. У цяперашняй Расеі ўсё падпарадкавана гэтай мэце, уключаючы ідэалёгію «рускага сьвету».

РС: У сваіх працах вы часта ўжываеце выраз «дактрына Пуціна». Што гэта азначае?

Тымаці Гартан Эш: Неабходна зразумець, што прыярытэтнай задачай Пуціна зьяўляецца захаваньне ўлады яго рэжыму. Гэта першае і галоўнае. Другі найважнейшы складнік яго палітыкі — «імпэрскі сындром», які ідзе ад савецкай мінуўшчыны. Нярэдка пад афіцыйнай ідэалёгіяй пуцінскага рэжыму маюць на ўвазе сьцьвярджэньне яго лідэра, што Расея зьяўляецца апорай парадку, стабільнасці, сілы, кансэрватыўных сацыяльных каштоўнасьцяў і праваслаўных маральных установак. Аднак я ня думаю, што Пуцін матываваны гэтай ідэалёгіяй. Галоўнае тут — улада.

РС: Ці даводзілася вам сустракацца з Пуціным?

Тымаці Гартан Эш: Я сустракаўся зь ім толькі адзін раз — у 1994 годзе, калі ён працаваў у мэрыі Санкт-Пецярбургу. Было гэта падчас канфэрэнцыі ў Пецярбургу. У той час ён быў малады, нікому не невядомы чалавек. Што было характэрна ў тагачасным выступе Пуціна і што адзначалі многія ўдзельнікі канфэрэнцыі — гэта акцэнт, які ён зрабіў на тым, што Расея страціла велізарныя тэрыторыі, якія стагодзьдзямі ёй належалі — Крым быў пры гэтым згаданы — і што цяпер мільёны рускіх людзей апынуліся за межамі сваёй краіны. Так што яго цяперашняя занепакоенасьць тым, што мільёны рускіх пражываюць за межамі Расейскай Фэдэрацыі, як і ідэя «рускага сьвету», прайшлі доўгі шлях. Мы, брытанцы, добра разумеем, як цяжка перажываецца страта імпэрыі. Наша імпэрыя распадалася на працягу 20-30 гадоў, Расея ж страціла сваю за два гады — на працягу 1990-91 гадоў. У абодвух выпадках страта імпэрыі ўспрымалася як страта прэстыжу. Аднак я ня думаю, што цяперашнюю палітыку Пуціна варта ўспрымаць як непазьбежнасьць. Ведаючы яго біяграфію, няцяжка заўважыць, што ў розны час ён гуляў з рознымі варыянтамі палітыкі, уключаючы варыянт супрацоўніцтва з Захадам. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, зь якім я сустракаўся і гаварыў пра Расею ў пачатку 2001 году, станоўча адгукаўся пра Пуціна і лічыў, што яму можна давяраць. У пачатку двухтысячных гадоў быў пэрыяд, калі абодва бакі лічылі, што паміж Расеяй і Захадам можа паўстаць ўзаемнае супрацоўніцтва.

РС: Камэнтуючы ваенны канфлікт ва Ўкраіне, вы сьцьвярджалі, што «часам толькі зброя можа спыніць зброю». Ці значыць гэта, што вы заклікаеце НАТО абараніць Украіну?

Тымаці Гартан Эш: Не. НАТО абавязана абараняць толькі краіны, якія ўваходзяць у Паўночнаатлянтычны альянс. Мяркую, што Ўладзімір Пуцін гэта разумее. Што тычыцца Ўкраіны, то яшчэ некалькі месяцаў таму я быў прыхільнікам абмежаваных паставак зброі гэтай краіне — нават калі б гэта былі натаўскія пастаўкі, якія маглі б зблытаць разьлікі Пуціна і аднавіць мір. Цяпер я займаю іншую пазыцыю. Мы сталі сьведкамі таго, што Менскія пагадненьні не выконваюцца, і баявыя дзеяньні вядуцца на ўсёй лініі разьмежаваньня. Я лічу, што трэба зрабіць усё магчымае, каб забясьпечыць перамір’е ўздоўж гэтай лініі. Толькі пасьля гэтага можна весьці палітычныя перамовы пра будучыню ўсходняй Украіны. Мне ўяўляецца, што цяпер неабходна забясьпечыць больш эфэктыўны маніторынг сытуацыі з боку АБСЭ і, калі магчыма, задзейнічаць міратворцаў ўздоўж лініі перамір’я.

Пятро Парашэнка

Пятро Парашэнка

РС: Тым ня менш, ці можа хто-небудзь легальна паставіць неабходную Ўкраіне зброю?

Тымаці Гартан Эш: Расея экспартуе зброю ў многія краіны, Нямеччына робіць тое ж, Францыя экспартуе зброю ў Расею. Экспарт зброі ў сувэрэнныя краіны з законнымі ўрадамі — частка звычайнага бізнэсу ў міжнародных адносінах. У нашым выпадку экспартэрам зброі ва Ўкраіну магла б стаць любая краіна, паколькі гаворка ідзе аб пастаўках ўзбраеньня ў суверэнную краіну з законным урадам. Гэта такая ж гандлёвая працэдура, як экспарт францускай зброі ў Расею ці расейскай — у краіны Блізкага Ўсходу, дзе наагул ідзе рэгіянальны ваенны канфлікт. Аднак прыярытэтная задача цяпер ня экспарт зброі, а ўсталяваньне міру.

РС: Якім вам уяўляецца вырашэньне ваеннага канфлікту ва Ўкраіне?

Тымаці Гартан Эш: Я быў у Кіеве два месяцы таму з групай прадстаўнікоў Рады Эўропы. Мае арыентаваныя на Захад ўкраінскія сябры казалі ў прыватных размовах, што перамовы будуць весьціся аб «замарожаным» канфлікце ў Данбасе. Толькі гэта дапаможа, на іх думку, стварыць на тэрыторыі астатняй Украіны нармальна функцыянуючую дзяржаву. Вядома, гэта ня можа быць афіцыйнай пазыцыяй прэзыдэнта Парашэнкі і ўкраінскага ўраду, якія заклапочаныя захаваньнем Менскіх пагадненьняў. Тым ня менш, я б назваў гэтую жорсткую, магчыма, цынічную пазыцыю маіх украінскіх сяброў рэалістычнай. Замарозіўшы канфлікт, абодва бакі дадуць магчымасьць тысячам уцекачоў вярнуцца дадому — многія зь іх уцяклі ў Расею. Акрамя таго, гэта дазволіла б Захаду плянаваць сур’ёзную эканамічную дапамогу Ўкраіне. Менавіта такім мне хацелася б бачыць разьвіцьцё падзей ва Ўкраіне ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве. Думаю, што існаваньне квітнеючай і абноўленай Украіны было б у ня меншай ступені ў інтарэсах Расеі, чым у інтарэсах ўкраінскага народу. Усе б выйгралі ад таго, калі б удалося пазьбегнуць загніваньня дзяржавы і гуманітарнай катастрофы на ўсходзе Ўкраіны.

РС: Як вы ацэньваеце рэакцыю Захаду на расейскую агрэсію ва Ўкраіне?

Тымаці Гартан Эш: Мы (я маю на ўвазе Захад) рэагавалі вельмі павольна. Моцная рэакцыя рушыла ўсьлед толькі пасьля таго, як быў зьбіты малайзійскі «Боінг». У цэлым на гэты канфлікт Амэрыка на словах адрэагавала даволі рэзка, але па сутнасьці пераклала ўкраінскую праблему на Эўропу. Эўрапейскі зьвяз на чале зь Нямеччынай абсалютна правільна перайшоў да санкцый, дакладней, да камбінацыі дыпляматычнага і эканамічнага ціску на Расею. Эўропе ўдалося захаваць адзінства. І цяпер час працуе на Захад, паколькі жаласны стан расейскай эканомікі аказвае наймацнейшы ціск на пазыцыю Расеі. Пуцін лепш, чым хто-небудзь іншы, разумее, што праводжаная ім мілітарызацыя краіны ўсё ж не дазволіць яму дагнаць па вайсковых паказьніках ЗША. І цяпер, на мой погляд, вельмі важна, каб ЗША адкрыта прадэманстравалі намер абараніць тэрыторыю, якая знаходзіцца ў зоне адказнасьці НАТО.

РС: Ці захоўваеце вы аптымізм у адносінах да будучыні Расеі?

Тымаці Гартан Эш: Ведаеце, нядаўна мне распавялі гісторыю, зьвязаную з амэрыканскім гісторыкам, спэцыялістам па Расеі Рычардам Пайпсам. У кастрычніку летась зь ім сустрэўся адзін мой прыяцель, і Пайпс ў размове сказаў яму, што ён наагул вялікі аптыміст ў дачыненьні да будучыні Расеі. Тады мой прыяцель спытаў яго, калі, на яго думку, Расея стане дэмакратычнай, квітнеючай і свабоднай краінай. Пайпс адказаў так: «Каб выветрыўся савецкі дух, павінна прайсці тры-чатыры пакаленьні». Я больш аптымістычны, чым ён, у дачыненьні да колькасьці гэтых пакаленьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG