Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН заклікае вызваліць палітвязьняў і падаўжае мандат спэцдакладчыка па Беларусі


Інтэрактыўны дыялёг па Беларусі ў Радзе па правах чалавека ААН, архіўнае фота

Інтэрактыўны дыялёг па Беларусі ў Радзе па правах чалавека ААН, архіўнае фота

Рада па правах чалавека ААН на штогадовай сэсіі ў Жэнэве прыняла рэзалюцыю аб працягу на адзін год Міклашу Харашці мандата спэцдакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН.

Рада ААН выказала глыбокую заклапочанасьць працягам парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якія носяць «сыстэматычны і сыстэмны характар», і заклікала ўрад Беларусі правесьці рэформы судовай сыстэмы і адвакатуры, каб дамагчыся поўнай незалежнасьці і бесстароннасьці судоў, забясьпечыць прэзумпцыю невінаватасьці і права на справядлівае судовае разьбіральніцтва.

Рада таксама настойліва заклікае ўрад Беларусі вызваліць і цалкам рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных і заснаваць у Беларусі нацыянальны праваабарончы орган у адпаведнасьці з Парыскімі прынцыпамі.

Дэлегацыя Латвіі, якая ад імя Эўрапейскага Зьвязу ініцыявала прыняцьце рэзалюцыі, зьвярнула ўвагу на такія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, як перасьлед, запалохваньне, адвольныя арышты і затрыманьні праваабаронцаў, палітычных апанэнтаў і журналістаў. Акрамя таго, адзначаецца відавочнае пагаршэньне сытуацыі ў такіх ключавых галінах, як правы працоўных, заканадаўства па рэгуляваньні дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці, правядзеньне выбараў, а таксама свабода слова і СМІ.

Гэтыя тэндэнцыі асабліва трывожаць з улікам прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца ўвосень 2015 году. Эўразьвяз таксама заклапочаны прымяненьнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі (адзінай краіне ў Эўропе, у якой дасюль існуе сьмяротнае пакараньне), і недастатковай празрыстасьцю ў гэтым пытаньні.

Беларуская дэлегацыя раскрытыкавала праект рэзалюцыі, палічыўшы яго прыкладам двайных стандартаў. Беларусь адзначыла парушэньне прынцыпу неўмяшальніцтва, замацаванага ў Статуце ААН, і заявіла аб сваёй адмове весьці справы ў міжнародных адносінах падобным чынам.

Нягледзячы на шматлікія заклікі да супрацоўніцтва з боку ААН і краінаў-сябраў, урад Беларусі катэгарычна не прызнае мандат спэцдакладчыка, адмаўляецца зь ім супрацоўнічаць і адмаўляе ў праве на ўезд у Беларусь.

За прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі прагаласавала 21 дзяржава, у тым ліку ЗША, краіны ЭЗ, Аргентына, Бразылія, Карэя. Супраць прагаласавалі 8 дзяржаў, сярод іх Вэнэсуэла, Індыя, Кітай, Куба, Расея, Казахстан. Пры галасаваньні 18 сябраў Рады ўстрымаліся.

Мандат спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі дзейнічае з 2012 году. З моманту яго ўвядзеньня ААН прызначае спэцдакладчыкам Міклаша Харашці, былога прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG