Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Фэнтэзі: Беларусь у пошуках другога прэзыдэнта


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Калі выбывае з выбарчай гонкі першы прэзыдэнт, пачынаюцца «непаняткі».

Колькі б мы ні спрабавалі расшыфраваць лічбы сацыялягічных апытаньняў, адгадаць паводзіны розных групаў грамадзтва ў новай, дакладней, даўно забытай, сытуацыі, вельмі цяжка.

60% любяць Пуціна? Ці карцінку з ТВ? А ў рэальным жыцьці гэтыя людзі ці гатовыя да актыўных дзеяньняў, каб падтрымаць свае погляды? І якія канкрэтна погляды вынікаюць з сымпатыі да прэзыдэнта суседняй краіны? Хто яны, гэтыя аматары, якога полу, узросту, геаграфіі?

А мы памятаем, што ў раёне мільёна грамадзянаў Беларусі стала знаходзяцца па-за межамі краіны, і ў асноўным гэта мужчыны працаздольнага веку?

Беларусы, на мой погляд, складаюць дзьве ўмоўныя партыі. Адны працягваюць жыць пад патэрналісцкім каўпаком, які самі сабе і абралі: «дайце», «я заслужыў (-ла)», «па радыё перадавалі», «а ў газэце пішуць»… Іншымі словамі, нам зьверху растлумачылі, што да чаго, і мы патрабуем абяцанага.

Зь іншага боку – грамадзяне, якія спрабуюць крытычна мысьліць, і прадзірацца скрозь зарасьці мішуры са словаў інфармацыйнай прасторы. Спрабуюць рабіць самастойныя крокі ў бок той ці іншай пэрспэктывы.

Калі выпадзе з прэзыдэнцкай кампаніі кандыдат нумар адзін, усе атамізаваныя групы беларускага грамадзтва на нейкі час ўпадуць у ступар разгубленасьці.

Ня думаю, што пэнсіянэры Лоеўскага раёну ўсе як адзін выйдуць на вуліцы, каб заявіць пра свае патрабаваньні што да будучай улады. А вось «казакі» ды іншыя «рускамірцы» цалкам сабе могуць у некаторых гарадах Беларусі зладзіць мітынгі кшталту – за далучэньне да Расеі. Зрэшты, як ім скажуць з цэнтру, так і зробяць.

Безумоўна, менчукі ды жыхары некаторых іншых гарадоў з традыцыйна моцным ядром грамадзкіх актывістаў бязбоязна пачнуць «зьбірацца болей за трох». Цалкам сабе ўяўляю шматтысячныя мітынгі ў падтрымку незалежнасьці краіны.

Сілавыя/карныя структуры? Усе разумеюць, што рашэньне разганяць – не разганяць прымалася на самым версе, які цяпер стаў пустым. І незразумела хто зноў сядзе на вершаліну піраміды, і ці варта рызыкаваць працай, а можа і свабодай, празь неадэкватныя дзеяньні супраць мірных дэманстрантаў.

Частка сілавікоў, на мой погляд, будзе праціраць фужэры для сустрэчы сваіх старэйшых братоў з усходу. Іншая частка зразумее, што ў новых рэаліях ім можа ня стацца месца, і зоймецца прасоўваньнем свайго кандыдата.

Дыпляматы заходніх краінаў папярэдзяць па сваіх каналах легітымнае беларускае кіраўніцтва, што якое-кольвек прасоўваньне РФ на Захад будзе прыраўноўвацца да пачатку сапраўднай халоднай вайны: з эканамічным эмбарга і адключэньнем ад сусьветнай банкаўскай сыстэмы.

Слова «грошы» станецца вызначальным для прыняцьця рашэньняў у існай на сёньня групе, якая вызначае, каму «ў Беларусі жыць харашо». Гэтая група паспрабуе паставіць на месца прэзыдэнта свайго, падкантрольнага чалавека. Але, паколькі група, хутчэй за ўсё, не маналітная, яна загразьне ва ўнутранай барацьбе, што толькі працягне пэрыяд «непанятак».

Тым часам пачнуць зьяўляцца лідэры вуліцы, падтрыманыя недаціснутым за старым рэжымам бізнэсам. У хаосе пачнецца сапраўдная барацьба, але.

Раптам для ўсіх на падзеі ў Беларусі пачне ўплываць нечаканы для ўсіх чыньнік. Бунт кітайскіх рабочых ахопіць усю Беларусь, і канчатковае зблытае карты ваяўнікам старога «царскага» рэжыму.

У кожным разе, будучыню краіны будуць абіраць не адэпты тэлевізійнага пульта, а людзі, гатовыя публічна выявіць сваю пазыцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG