Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 галоўных адметнасьцяў выбарчай кампаніі 2015 году

абноўлена

У сёлетняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі будзе сем адметнасьцяў, якіх не было на папярэдніх выбарах у сьнежні 2010 году. Менавіта столькі навацыяў пералічыла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў. Свабода пацікавілася ў патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта і іхніх прадстаўнікоў, як новаўвядзеньні паўплываюць на іхнія выбарчыя кампаніі.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька найперш адзначае забарону заклікаў да байкоту выбараў. Ярмошына абгрунтавала гэтае новаўвядзеньне тым, што Беларусь далучылася да Канвэнцыі аб стандартах выбараў у СНД, а ў гэтай канвэнцыі прапісаная забарона на байкот.

Лябедзька ня лічыць гэты аргумэнт пераканаўчым:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Гэта чарговая хлусьня. Заклікі да байкоту ЦВК упершыню забараніла падчас апошняй парлямэнцкай кампаніі. Гэта было ў 2012 годзе, а на той час нашы ўлады яшчэ не ратыфікавалі згаданую канвэнцыю СНД. Мы ўдзельнічалі ў той выбарчай кампаніі. І тады былі дзеяньні Цэнтральнай выбарчай камісіі, скіраваныя на тое, каб дэ-факта байкот забараніць. І мы адчувалі гэта падчас выступаў, падчас сустрэч з выбарцамі, падчас камунікацыяў з ЦВК. Таму спасылка на канвэнцыю, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасьці.

Улады баяцца, што сёлета людзі праігнаруюць тое, што ім прапануюць пад назвай выбары. Гэта ня выбары. А фактычна лахатрон. І лепш за ўсё гаварыць пра гэта было б праз кампанію фактычнага байкоту. Гэта азначае, што ты ўдзельнічаеш у кампаніі і разам з тым выкарыстоўваеш выбарныя працэдуры, каб патлумачыць людзям, што насамрэч адбываецца».

Ад партыі «Справядлівы сьвет» на прэзыдэнта зьбіраецца балятавацца яе старшыня Сяргей Калякін. Ягоны намесьнік Валер Ухналёў, які сам балятаваўся ў дэпутаты падчас парлямэнцкіх і мясцовых выбараў, ацэньвае сытуацыю з інфармацыйнымі матэрыяламі. На гэтых выбарах агульныя інфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў будзе выпускаць выключна Цэнтравыбаркам. «Гэта дрэнна», — лічыць Валер Ухналёў:

Валер Ухналёў
Валер Ухналёў

«Гэты варыянт ужо абкаталі на мясцовых выбарах. Кандыдат ня мае сродкаў ад дзяржавы на свае агітацыйныя матэрыялы, на правядзеньне агітацыйнай кампаніі. Маўляў, калі выбаркамы самі выдаюць агульныя матэрыялы, то гэта паляпшае інфармаванасьць выбарцаў. Але ж яны ўключаюць у матэрыял тое, што хочуць яны, а не кандыдаты. Яны не ўзгадняюць тэкст з кандыдатамі і пішуць часам абы-што. І падчас мясцовых выбараў нашы кандыдаты судзіліся з-за таго, што ўлады пісалі толькі тое, што яны хочуць».

А вось у штабе яшчэ аднаго патэнцыйнага кандыдата, старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, да зьменаў паставіліся спакайней, кажа першы намесьнік партыйнага старшыні Алег Гайдукевіч:

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

«Тое, што адзін кандыдат ня можа быць даверанай асобай у іншага, мне падаецца, правільна. Кожны кандыдат павінен адстойваць сваю пазыцыю, змагацца за пасаду прэзыдэнта. Інакш будзе невядома што, а не палітыка.

Калі ў кандыдата на прэзыдэнта працаздольная структура, то гэтыя навацыі не перашкаджаюць яму працаваць. Возьмем такую навэлу — цяпер пры здачы подпісаў патрэбна ўпісаць прозьвішча каардынатара па кожным рэгіёне. Мы гэтым, наадварот, задаволеныя. Мы панясем сьпісы ў Цэнтравыбаркам і пакажам, якая ў нас вялікая партыйная сетка.

Самае галоўнае для нас, каб усе законы камісіі і мясцовыя ўлады выконвалі. Наша заканадаўства ў цэлым нармальнае. Усё пытаньне — у яго прымяненьні. Асабліва на месцах».

Першы этап выбарчай кампаніі — падача ў Цэнтральную выбарчую камісію сьпісаў чальцоў ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта — пачаўся 1 ліпеня. Не пазьней за 17 ліпеня прэтэндэнты павінны перадаць сьпісы ў ЦВК.

***

А што вы думаеце пра выбары? Што кажуць вашыя сябры ці сваякі? Пішыце ў камэнтарах ці нам на пошту svaboda@rferl.org

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG