Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей паслухаўся Лукашэнку, а Ярмошына — не


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Міністэрства замежных спраў Беларусі ўжо накіравала міжнародным назіральнікам запрашэньні наведаць прэзыдэнцкія выбары, якія прызначаныя на 11 кастрычніка.

Міністэрства замежных спраў Беларусі ўжо накіравала міжнародным назіральнікам запрашэньні наведаць прэзыдэнцкія выбары, якія прызначаныя на 11 кастрычніка.

Пра гэта перадае прэсавая служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Як паведамляецца, Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб адпраўцы запрашэньняў на нарадзе, якая праходзіла сёньня ў прэзыдэнта.

Напярэдадні міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей назваў некаторыя структуры, для якіх падрыхтаваныя запрашэньні. Сярод іх, напрыклад, выканкам СНД, БДІПЧ АБСЭ. Спадар Макей зьвярнуў асаблівую ўвагу на Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ):

«Ацэнка БДІПЧ АБСЭ зьяўляецца асноватворнай для прызнаньня альбо непрызнаньня выбараў».

АБСЭ, дарэчы, чакае, што сёлета выбары ў Беларусі будуць больш адпавядаць дэмакратычным стандартам. Так, намесьнік старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Кент Харстэд, які 30 чэрвеня знаходзіўся ў Менску, заявіў:

«У нас высокія чаканьні пабачыць тут паляпшэньне сытуацыі і высокае разьвіцьцё. Мы спадзяёмся, што былі вынесены ўрокі зь мінулых выбараў, што выбары пройдуць адкрыта і сумленна, што будуць улічаныя памылкі мінулых кампаніяў».

Ён падкрэсьліў, што АБСЭ разглядае выбары ня толькі як дзень галасаваньня, але і як працэс падрыхтоўкі да гэтай падзеі. Таму АБСЭ спадзяецца, што ўлады Беларусі дадуць роўныя магчымасьці ўсім кандыдатам, у тым ліку і па доступу да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама забясьпечаць свабоду слова.

Раней Лукашэнка абяцаў правесьці гэтыя выбары на найвышэйшым роўні. Ён таксама абяцаў запрасіць усіх, хто хоча назіраць за выбарамі.

Аднак падобна, што старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына гэтае пажаданьне кіраўніка дзяржавы праігнаравала. На ўчорашнім паседжаньні ЦВК яна публічна заявіла, што беларускі Цэнтравыбаркам запросіць сваіх калегаў з выбаркамаў іншых краін. «Але толькі з тых, хто запрашае на свае выбары нас», — удакладніла старшыня ЦВК Беларусі.

Каб атрымаць акрэдытацыю міжнароднага назіральніка на выбарах, асоба з-за мяжы павінна атрымаць афіцыйнае запрашэньне зь Беларусі. Права накіроўваць такія запрашэньні маюць прэзыдэнт, урад (МЗС ад яго імя), парлямэнт і ЦВК.

Папярэднія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія праводзіліся ў сьнежні 2010 году, адсочвалі 1052 міжнародныя назіральнікі.

XS
SM
MD
LG