Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць ціхага героя. Гісторыя брытанца, які выратаваў сотні габрэйскіх дзяцей


Нікалас Ўінтан, брытанскі грамадзянін, які выратаваў сотні габрэйскіх дзяцей у Празе ад нацыстаў напярэдадні Другой сусьветнай вайны, памёр у веку 106 гадоў. Пра гэта паведаміла яго сям’я 1 ліпеня.

Пра Нікласа Ўінтана піша на сайце расейскай службы нашага радыё Яраслаў Шымаў.

Учора і сёньня пражане несьлі да гэтага помніка кветкі і сьвечкі. Нікаласа Шінтана, «брытанскага Шындлера», добра ведалі і шанавалі ў Чэхіі, дзе ён быў ўганараваны найвышэйшымі дзяржаўнымі ўзнагародамі — як і на радзіме, у Вялікабрытаніі. У 2003 годзе каралева Лізавета II ўзьвяла Ўінтана ў рыцарскую годнасьць. Усіх гэтых ушанаваньняў Ўінтан, якога ведалі як надзвычай сьціплага чалавека, ніколі не шукаў. Пра тое, што яму ўдалося выратаваць сотні дзяцей, ён доўгі час не распавядаў нават сваякам, і падрабязнасьці эвакуацыі габрэйскіх дзяцей з Прагі сталі вядомыя толькі ў канцы 1980-х гадоў. Тады да журналістаў Бі-бі-сі патрапілі захаваныя сьпісы дзяцей, вывезеных Ўінтанам ў Вялікабрытанію. Некалькі дзясяткаў гэтых людзей, якіх з тых часоў называлі «дзецьмі Ўінтана», былі запрошаныя ў тэлевізійнае ток-шоу, куды паклікалі і самога іх выратавальніка. Так сьвет даведаўся пра незвычайную гуманітарную акцыю, якую ажыцьцявіў 30-гадовы лёнданскі фінансавы маклер.

Усё пачалося ў сьнежнi 1938 года, калі ад свайго брытанскага прыяцеля, які працаваў тады ў Празе, Нікалас Ўінтан даведаўся пра небясьпеку, якая пагражала габрэйскаму насельніцтву Чэхаславаччыны. Нацысцкая Нямеччына па ўмовах Мюнхэнскай дамовы ўжо адабрала ў гэтай краіны Судэты, але да поўнай акупацыі заставалася яшчэ некалькі месяцаў. Ўінтан вырашыў дапамагчы і накіраваўся ў Прагу, дзе з дапамогай сяброў адкрыў маленькі офіс, які зьбіраў заяўкі сем’яў, якія хацелі б адправіць сваіх дзяцей за мяжу. Потым ён стварыў арганізацыю «Брытанскі камітэт у справах уцекачоў з Чэхаславаччыны — дзіцячая сэкцыя», каб дамовіцца з брытанскімі ўладамі аб перавозцы дзяцей і разьмяшчэньні іх у прыёмных сем’ях. Арганізацыя была амаль фіктыўнай: акрамя самога Ўінтана, у ёй працавалі яго маці, сакратарка і пара добраахвотных памочнікаў зь ліку яго сяброў. Пры гэтым сам Нікалас працягваў працаваць на біржы, зарабляючы на жыцьцё — і на сваю новую дзейнасьць, якая займала ўсё больш часу.

У той момант у Эўропе дзейнічала арганізацыя Kindertransport, якая займалася вывазам у Брытанію габрэйскіх дзяцей зь Нямеччыны і Аўстрыі, аднак на Чэхаславаччыну яе дзейнасьць тады не распаўсюджвалася. Так што Ўінтан дзейнічаў амаль у адзіночку. Разьмяшчаючы аб’явы ў газэтах, ён знайшоў сотні брытанскіх сем’яў, гатовых прыняць у сябе дзяцей з «далёкай краіны, пра якую мы нічога ня ведаем», як аднойчы выказаўся пра Чэхаславаччыну прэм’ер-міністар Нэвіл Чэмбэрлен, які падпісаў Мюнхэнскае пагадненьне. Улады пагадзіліся даць дзецям уязныя візы пры ўмове, што яны будуць разьмешчаныя ў брытанскіх сем’ях, а на адмысловы рахунак за кожнага зь іх унясуць 50 фунтаў на меркаваны зваротны шлях. (Па тых часах гэта была вельмі вялікая сума). Першы цягнік зь дзецьмі выправіўся з Прагі 14 сакавіка 1939 году. На наступны дзень па загадзе Гітлера нямецкія войскі акупавалі Чэхію.

Тым ня менш цягнікі працягвалі ісьці. Ўінтан і яго памочнікі здолелі дамовіцца з акупацыйнай адміністрацыяй: Гітлер яшчэ ня высунуў праграму «канчатковага рашэньня габрэйскага пытаньня», жахлівая машына галякосту толькі набірала абароты, і некаторыя нацысты былі ня супраць таго, каб «непажаданыя элемэнты» проста пакінулі акупаваную Нямеччынай тэрыторыю. На працягу вясны і лета 1939 яшчэ некалькі сотняў дзяцей былі дастаўленыя ў Брытанію. Дарэчы, мала хто зь іх ведаў, хто менавіта стаіць за апэрацыяй па іх выратаваньні. Аб існаваньні «Нікі», як яны потым яго называлі, большасьць «дзяцей Ўінтана» даведаліся толькі празь дзясяткі гадоў — ён каардынаваў эвакуацыю дзяцей, у асноўным знаходзячыся ў Лёндане, і ўласную ролю ніяк не афішаваў. У 90-я гады адна з эвакуяваных дзяўчынак, якая тады даўно стала бабуляй, падаравала сэру Нікаласу пярсьцёнак з выгравіраваным на ім выслоўем: «Ратуючы адно жыцьцё, ты ратуеш увесь сьвет». Ўінтан выратаваў 669 жыцьцяў. Калі прыплюсаваць да іх дзяцей і ўнукаў, якія не нарадзіліся б, калі б не было акцыі Нікаласа Ўінтана, то іх цяпер каля 6 тысяч.

Выратаваных магло б быць і больш: цягнік з самай вялікай групай дзяцей — 250 чалавек — павінен быў выехаць з Прагі 1 верасьня 1939 г. Але ў той дзень пачалася Другая сусьветная вайна, і нацысцкі райх зачыніў мяжы. Нікалас Ўінтан пазьней успамінаў: «Празь некалькі гадзінаў пасьля аб’явы аб пачатку вайны цягнік адмянілі. Нікога з 250 дзяцей, якія павінны былі тады зьехаць, пазьней знайсьці не ўдалося. 250 прыёмных бацькоў дарэмна чакалі іх тады цэлы дзень на вакзале ў Лівэрпулі. Усяго толькі днём раней цягнік бы праехаў. Гэта адзін з самых цяжкіх маіх успамінаў». У 2009 годзе, роўна празь 70 гадоў з таго моманту, калі з Прагі так і ня зьехаў апошні зь «цягнікоў Ўінтана», з галоўнага вакзала Прагі выправіўся мэмарыяльны цягнік — у ім ехалі некалькі дзясяткаў выратаваных ім дзяцей. Сэр Нікалас, якому ў той год споўнілася сто гадоў, сустракаў гэты цягнік у Лёндане.

Аб сэры Нікаласе Ўінтане ўспамінае славацкі рэжысэр Мацей Мінач, які зьняў пра яго дакумэнтальны фільм «Сям’я Нікі».

Мінач: Ён быў вельмі энэргічным чалавекам, вельмі радаваўся, калі яго штодзёньнік быў запоўнены запісамі — што трэба зрабіць сёньня і заўтра. Я б сказаў, што ён быў зачараваны жыцьцём — можа быць, у гэтым адна з прычынаў яго даўгалецьця. У яго было мноства інтарэсаў: ён любіў працаваць у садзе, слухаць опэру і гуляць у брыдж. Але галоўнае для яго было рабіць нешта, што мае сэнс. Так што цяпер Нікі можа глядзець на нас адтуль, зьверху, і радавацца: «яго» дзеці жывуць, яго справа працягваецца.

У дзень, калі стала вядома пра сьмерць Ўінтана, чалец праскага магістрату Ян Чыжынскі заявіў, што ўнясе ў гарадзкую адміністрацыю прапанову — назваць галоўны вакзал Прагі імем сэра Нікаласа Ўінтана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG