Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэлянхолія супраціву» Ласла Краснагоркаі


Ласла Краснагоркаі

Ласла Краснагоркаі

Набыў сёлета раман Ласла Краснагоркаі (László Krasznahorkai), не падазраючы, што яму неўзабаве дадуць Міжнароднага букера. Так і перадалі — за «Мэлянхолію супраціву» (1989) і яшчэ два раманы. Я спахапіўся: адразу ня ўзяўся, ну дык прачытаю цяпер.

А чытаньне аказалася няпростае. Раман мадзьяра — суцэльны тэкст без абзацаў, і здараюцца сказы амаль на старонку. Густа-густа напісаны. Чатырыста старонак. Так і папярэджваюць: уехаць у яго адразу вельмі цяжка, рукі апускаюцца. І гэта чыстая праўда, сам пераканаўся. Нехта запытаецца: і за такія нечытэльныя рэчы даюць такія слаўныя прэміі? Даюць, як бачым. Але ёсьць, ёсьць у яго звонку някідкая, але важная рэч — рытм. Ён стварае ў сваёй прозе ўнутраны рытм, прычым сочыць заўсёды, каб перакладчыкі, нават калі яны ня ў змозе захаваць гэты рытм (бо вугорская цяжкая), прынамсі пастараліся узнавіць яго ў сваіх тэкстах. І любіць нават на голас пачуць — каб пачыталі пераклад, а ён вырашыць — ці ў наяўнасьці патрэбны рытм.

Такім чынам, Ласла Красанагоркаі пацьвярджае мне тое, да чаго я сам дайшоў і чым карыстаюся ў сваёй прозе — рытмам. А, між іншым, на яго патрэбу зьвярталі ўвагу такія пісьменьнікі як Гюнтэр Грас. Тым болей падтрыманьне ўнутранага рытму неабходнае ў складаных тэкстах, як у Красанагоркаі. Гэта, зноў жа, дапамагае пісаць, а чытачу палягчае задачу.

Ну добра, але аб чым «Мэлянхолія супраціву»? Сьцісла: у правінцыйны вугорскі горад прыбывае доўгі фургон, у якім дзіўны экспанат — вялізны кіт. Заплаці і глядзі. Але робяцца незразумелыя рэчы. Зь вёсак адусюль сыходзяцца мужчыны, яны стаяць на плошчы, грэюцца ля вогнішча і нічога ня робяць, нават не размаўляюць. Атмасфэра згушчаецца, як бывае перад грымотамі. І аднойчы здараецца выбух нематываванай агрэсіі. Мужыкі нішчаць усё навокал.

Як гэта ў мяне проста атрымалася, сам зьдзівіўся: прагрызаўся скрозь тэкст зь цяжкасьцю, а тут раптам і сфармуляваў за хвіліну — аб чым ён. Тут трэба сказаць, што аўтар любіць Кафку і Дастаеўскага. І ў рамане была задача перадаць у стылі першага насьпяваньне абсурду і ў стылі другога пастаянныя пошукі ўнутры сябе апірышча і апраўданьня, размова з самім сабой. Асноўным павінна быць нагнятаньне, набліжэньне ўспышкі вандалізму, жорсткага кароткага бунту. Але «дастаеўшчыны» вугорскага ўзору ў тэксьце значна больш. Два асноўныя героі — сам-насам, пастаянна засяроджаныя на сваіх думках і дзеяньнях.

Красанагоркаі зьдзіўляецца — чаму яго перакладаюць на ўсе на сьвеце мовы, толькі не на расейскую? Ён жа Дастаеўскага чытаў і перачытваў, Талстога ўвагай не абыходзіць. Ён нават перакананы, што калі перакладаць, то перш за ўсё варта было б менавіта на расейскую, рускамоўнаму чытачу ягоная проза будзе бліжэйшай, тканіна яе больш прывычнай, чым, напрыклад, англасаксам. І, можа, мае рацыю, ім напэўна ж цяжэй чытаць такую прозу. Мне трапляліся іранічныя нататкі аднаго амэрыканскага аўтара аб тым, што ў Амэрыцы прызвычаіліся, што датычыць Эўропы, выцягваць якога-небудзь малачытэльнага, напрыклад, вугорца і ледзь не насіць яго на руках. З адным не паспрачаесься: сапраўды цяжкае чытаньне, разьлічанае на сапраўдных аматараў літаратуры. Нездарма вядомы крытык Сюзан Зонтаг назвала Красанагоркаі майстрам літаратуры, а ягоны раман апакаліптычным.

Дык у чым жа сакрэт? Чаму так пайшоў Красанагоркаі, што Міжнароднага букера палічылі вартым? А чалавеку толькі 61 год, пісьменьнік ў самым творчым узросьце. Прэміі ў сьвеце часьцей даюць звычайна значна старэйшым, азірніцеся назад. Агульна кажучы: сакрэт у працы. Ён кажа, што не хацеў быць часткай літаратурнага жыцьця, лезьці наперад. А ціха, спакойна пісаць. Так бы і пісаў да сёньня, нікому невядомы, каб на самым пачатку не пашанцавала. Яму далі літаратурную стыпэндыю ў Заходні Бэрлін (1987), а першы раман, «Сатанінскае танга» (1985), пераклалі на нямецкую мову, пазьней экранізавалі.

Зьбег акалічнасьцяў, словам. Бо чалавек пісаў напачатку сьвядома малачытэльна. Адна глава — адзін бясконцы сказ. І нідзе няма кропак. Сёньня яму гэта надакучыла і нават сталі падабацца кароткія фразы. Што праўда, я бачыў днямі ў Варшаве іншы раман Красанагоркаі, «Вайна і вайна» (1999). Гэта крыху лягчэйшае чытаньне — 340 старонак, разьбітых на часткі, часам вельмі кароткія.

Для аматара літаратуры ўзяць ды паглядзець экранізацыю, не дачытаўшы раман, учынак няўхвальны. Але прызнаюся: я паглядзеў «Гармоніі Вэркмайстэра», зьнятыя паводле гэтай самай «Мэлянхоліі супраціву». Кіно і літаратура, ясна, розныя рэчы. Унутраныя маналёгі з кнігі, плынь сьвядомасьці — зусім іншая матэрыя. У кінафільме ўсё больш выразна атрымалася. Пачынаецца ён сцэнай прыблізна са 130-й старонкі, увесь папярэдні тэкст адкінуты. Зразумела, у кіно няма пастаяннай засяроджанасьці герояў на сваіх думках, няма зацягнутых эпізодаў. Напрыклад, у рамане, нібыта прадчуваючы гвалтоўныя падзеі, адзін зь іх, выкладчык музыкі Эштэр пачынае ліхаманкава забіваць дошкамі вокны знутры дому. Яго рукі прызвычаеныя да піяніна, і малаток трапляе па пальцах. Амаль пятнаццаць старонак Эштэр вучыцца забіваць цьвікі.

У кінафільме мы бачым, як распачынаюцца здарэньні: уначы ў горад ўяжджае трактар з даўжэзным фургонам, тарахціць, рыпіць, узьнікае адчуваньне злавеснасьці. Людзі стаяць на плошчы, дзе спыніцца фургон з самым вялікі насельнікам акіяну, гараць вогнішчы. Як чорт усяляецца ў гэтых людзей пасьля прыбыцьця экзатычнага экспанату. З вандроўнай трупай сапраўды зьвязаная якаясьці цьмяная таямніца, у якой нібы хавалася прычына бунту. У апошнюю ноч мужчыны, узброіўшыся жалезнымі прэнтамі, крочаць па вуліцах, разьбіваюць вітрыны, зьнішчаюць крамы. І ёсьць нават некалькі людзкіх ахвяраў.

Заканчваецца бунт нібы сам, хаця надзвычайны камітэт прыцягнуў у горад салдатаў і танк. Падзяліўшыся на хеўры, бунтаўнікі ўрываюцца ў бальніцу, дзе ломяць і нішчаць, зьбіваюць хворых. Ноч. За фіранкай хтосьці ёсьць. Кулакі сьціскаюцца. Адзін з бандытаў адшморгвае фіранку. І нечаканая карціна. У ваннай стаіць голы дзед, выгляд яго жаласны і крыху жудасны, гэта нібы выява ад Босха. Нечакана рукі апускаюцца, кідаюць прэнты, хеўры пакідаюць бальніцу. Самі. Так у кіно.

Ласла Красанагоркаі вельмі паспрыяла кіно. Вядомы рэжысёр Бела Тар, працы якога добра прынялі ў сьвеце, зрабіў пяць экранізацый твораў свайго земляка. Фільмы чорна-белыя. Таксама і «Гармоніі Веркмайстэра» — даўжыня гэтай стужкі дзьве гадзіны дваццаць хвілін. А «Сатанінскае танга», якое лічыцца культавым фільмам, працягваецца сем (!) гадзінаў.

Адным словам: кіта вазілі па гарадах вугорскіх і аднойчы здарыўся бунт, жорсткі і нялюдзкі. Раніца: на пляцы дагараюць вогнішчы, фургон разьбіты, пашкоджаны кіт на бруку. Так у кіно.

У рамане фінал доўгі і разбудаваны. На апошніх шасьці старонках Ласла Красанагоркаі падрабязна паведамляе чытачу, як, у якой чарговасьці псуюцца біялягічна і пачынаюць утылізавацца хімічна паасобныя органы нябожчыка. Адбываўся «абыякавы рух паміж рэчывамі, які немагчыма затрымаць». Ён расклаў труп на падставовыя складнікі — вугаль, вадарод, азот і гэтак далей. «Таксама, як гэтую кнігу ператраўляе цяпер, у гэтым месцы, апошняе слова», на астачу паведамляе нам Ласла Красанагоркаі, ляўрэат прэстыжнай літаратурнай прэміі.

«Мэлянхолія супраціву» — прыклад кнігі, беручы якую ў рукі, сьледам за аўтарам вялікую працу робіць чытач. І загарнуўшы раман, ён першы час жыве з пачуцьцём, што зрабіў штось няпростае, але сэнсоўнае.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG