Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калі жадаеш, каб прыйшла вясна, – галасуй за Шульгана», – з такім лёзунгам пойдзе да выбарнікаў 37-гадовы беспрацоўны Юры Шульган, якія плянуе вылучацца на пасаду прэзыдэнта пры падтрымцы Беларускай партыі зялёных.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта сказаў Свабодзе, што ўжо мае сто чалавек для ініцыятыўнай групы і хоча стаць прэзыдэнтам, каб «людзі на вуліцы ўсьміхаліся».

– Спадар Юры, на якім этапе фармаваньне вашай ініцыятыўнай групы?

– Наша ініцыятыўная група – гэта старыя правераныя таварышы, зь якімі мы разам не адзін год. Мы ведаем кожнага асабіста. Я так разумею, што ў ініцыятыўную групу павінна ўвайсьці ня менш за сто чалавек. Гэтая колькасьць у нас ёсьць. Але на маім сайце цяпер абвешчаны запіс у ініцыятыўную групу. Гэта натуральна, бо любой палітычнай кампаніі патрэбныя новыя твары.

– Хто тыя сто чалавек, які ўжо ў ініцыятыўнай групе?

– Усе гэтыя людзі ў руху з 1991 ці нават 1989 году. Людзі, якія ў свой час бралі ўдзел у розных акцыях, арганізоўвалі канцэрты і іншыя мерапрыемствы ў рэгіёнах, найперш у Берасьці, Магілёве і Гомелі.

– На што вы разьлічваеце ў сваёй кампаніі? Да якога яе этапу мяркуеце дайсьці?

– Наш галоўны плян – гэта грамадзкая думка, каб у галовах людзей зайграла надзея на будучыню. У нас ёсьць гэты прэзыдэнт, і гэта добра. Але гэта не апошняе слова ў гісторыі Рэспублікі Беларусь.

– Зь якім пасылам вы пойдзеце да выбарніка? Якім чынам будзеце зацікаўляць людзей?

– Наш лёзунг: “Калі жадаеш, каб прыйшла вясна, – галасуй за Шульгана”. Мы за вясну, за будучыню, за аднаўленьне, да якога будзем крочыць. Вясна – гэта кветкі, лісьце, і як вынік кветак – плады. Плады нашай перамогі. Тое, што людзі будуць усьміхацца на вуліцах, а не апушчаць вочы.

– Ваша кампанія ўзьнікла пасьля наданьня юрыдычнай сілы дэкрэту «аб дармаедах», і вы пазыцыянуеце сябе як кандыдат-дармаед. Якім чынам вы будзеце гаварыць пра гэта падчас агітацыі?

– Я думаю, што калі мы распачнём нашу кампанію, гэты дэкрэт ужо будзе скасаваны. Таму што ўжо цяпер у парлямэнце назіраюцца першыя крокі ў бок яго адмены. Таму мы можам быць неактуальнымі, калі засяродзімся толькі на тэме дармаедзтва. Гэта першае. Другое – я веру, што праца зрабіла з малпы чалавека. Працуйце, калі ласка, працуйце, але не абавязкова “работаць”. “Работа” – ад слова «раб». Галоўнае, каб чалавек працаваў і прыносіў карысьць сабе, блізкім, дзяржаве, плянэце. Галоўнае – працаваць, а “работаць” не абавязкова. – Патлумачце розьніцу паміж «работаць» і «працаваць». – “Работа” – гэта калі ў цябе ёсьць начальнік, калі ты падымаесься а 8-й раніцы, спазьняесься на рабочае месца, за што можаш атрымаць штраф, а пасьля “работы” ідзеш глядзець тэлевізар. А праца – гэта тое, чым ты можаш займацца колькі заўгодна, тады, калі прыйшло натхненьне.

– Першы крок, які зробіць прэзыдэнт Юры Шульган?

– Устаўлю зубы і ажанюся.

– А для краіны? Можа, ажэніце ўсіх дармаедаў?

– Ні ў якім разе. Жаніцца – гэта справа добраахвотная.

– Якія будуць сымбалі і якая мова будзе лічыцца афіцыйнай пры прэзыдэнту Шульгану?

– Натуральна, я зраблю яшчэ раз тое, што зрабіў Аляксандар Рыгоравіч, – рэфэрэндум. Я спадзяюся, што нашай афіцыйнай мовай будзе беларуская, а афіцыйнай сымболікай – беларуская сымболіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG