Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрагрупа: да 5 ліпеня новых перамоваў з Грэцыяй ня будзе


Прэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас падчас тэлезвароту да суграмадзянаў. Атэны, 1 ліпеня 2015 году

Прэм'ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас падчас тэлезвароту да суграмадзянаў. Атэны, 1 ліпеня 2015 году

Грэцкі прэм’ер заклікаў суграмадзянаў адпрэчыць на рэфэрэндуме 5 ліпеня ўмовы, вылучаныя Атэнам міжнароднымі крэдыторамі.

Міністры фінансаў дзяржаваў эўразоны вырашылі дачакацца вынікаў рэфэрэндуму ў Грэцыі, перш чым весьці якія-небудзь новыя перамовы адносна даўгавога крызісу ў гэтай краіне, паведаміў кіраўнік Эўрагрупы Ерун Дэйселблум.

Раней у сераду стала вядома пра тэлезварот да суграмадзянаў грэцкага прэм’ера Алексіса Цыпраса. Ён зноў заклікаў грэкаў выказацца на рэфэрэндуме 5 ліпеня супраць прапанаваных краіне ўмоваў прадстаўленьня міжнароднай фінансавай дапамогі. Як мяркуе Цыпрас, адказ «не» дапаможа Грэцыі дамагчыся лепшага пагадненьня, і ён зусім не азначае разрыву з Эўропай. Кіраўнік грэцкага ўраду падкрэсьліў, што Атэны хочуць застацца ў Эўропе і маюць намер працягваць перамовы з крэдыторамі.

Сумневы адносна нядаўна абвешчанага Атэнамі рэфэрэндуму выказала ў сераду Рада Эўропы, якая заявіла, што гэты плебісцыт не падпадае пад стандарты гэтай арганізацыі, у прыватнасьці, не дае грамадзянам рэкамэндаваных як мінімум двух тыдняў, каб абдумаць рашэньне.

30 чэрвеня завяршылася дзеяньне праграмы антыкрызіснай фінансавай дапамогі Грэцыі. У той жа дзень мінуў апошні тэрмін, калі Атэны павінны былі пералічыць больш за паўтара мільярда эўра па крэдыце МВФ. Новай дамоўленасьці з крэдыторамі дасягнуць не ўдалося, грошы МВФ выплачаныя не былі. Тым самым Грэцыя апынулася ў стане дэфолту.

Грэцкія банкі і фондавая біржы краіны на гэтым тыдні не працуюць, на зьняцьце грошай з рахункаў ўведзеныя абмежаваньні.

XS
SM
MD
LG