Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злучаныя Штаты сутыкнуцца з ростам пагрозы з боку Расеі, Кітаю, Ірану і Паўночнай Карэі, папярэджваюць амэрыканскія вайскоўцы.

Пагроза канфлікту з буйной у ваенных адносінах дзяржавай пакуль застаецца «невысокай, але яна ўзрастае». Сярод дзяржаў, паводзіны якіх могуць прывесьці да канфлікту з «маштабнымі наступствамі», — Расея, Кітай, Паўночная Карэя, Іран. Такі адзін з асноўных тэзісаў «Нацыянальнай ваеннай стратэгіі», аналітычнага дакладу Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў, апублікаванага ў сераду ў Вашынгтоне.

У дакумэнце, які прадстаўляецца раз на чатыры гады Кангрэсу, амэрыканскія вайскоўцы даюць комплексную ацэнку геапалітычнай сытуацыі, пагрозаў бясьпецы Злучаных Штатаў, магчымасьцяў і здольнасьцяў краіны нэўтралізаваць гэтыя пагрозы.

Расея, гаворыцца ў дакладзе, «неаднаразова дэманстравала сваю непавагу да сувэрэнітэту сваіх суседзяў і гатоўнасьць выкарыстоўваць сілу для дасягненьня сваіх мэтаў». Дзеяньні Кітая ў Паўднёва-Кітайскім моры, накіраваныя на захоп тэрыторыяў у парушэньне міжнародных законаў, таксама зьяўляюцца нагодай для сур’ёзнай заклапочанасьці. Большыя магчымасьці Ірану і Паўночнай Карэі ў галіне стварэньня ядзернай зброі могуць уяўляць небясьпеку для ЗША і іх саюзьнікаў.

«Ніводная з гэтых дзяржаў, як мы лічым, не шукае прамога ваеннага канфлікту са Злучанымі Штатамі і нашымі саюзьнікамі. Тым ня менш, паводзіны кожнай зь іх выклікаюць сур’ёзныя асьцярогі з пункту гледжаньня бясьпекі, якія міжнародная супольнасьць спрабуе калектыўна дазволіць», — адзначаецца ў «Нацыянальнай ваеннай стратэгіі» ЗША.

Значную пагрозу працягваюць уяўляць, на думку амэрыканскіх вайскоўцаў, радыкальныя групоўкі — такія, як «Ісламская дзяржава», барацьба зь якімі будзе працяглай і складанай. Сярод іншых небясьпек згаданае распаўсюджваньне ядзерных матэрыялаў, тэхналёгіяў стварэньня балістычных ракет, бесьпілётных лятальных апаратаў і кібэратакі на дзяржаўныя і ваенныя інфраструктуры.

XS
SM
MD
LG