Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найноўшы даклад сацыёлягаў НІСЭПД патлумачыць вельмі проста. Нашмат прасьцей, чым паверыць.

Глядзіце: рэйтынг Лукашэнкі 38,6%, галасаваць на выбарах прэзыдэнта будуць 71,1%, Пуціна ўхваляюць 60%, Абаму ненавідзяць столькі ж, Парашэнку ўвогуле – 67%, станоўча да «рускага сьвету» 39%, да анэксіі Крыму – 62,3%, рэгулярна глядзяць расейскія тэленавіны 90 адсоткаў.

Бр-р-р… Дакладней, РБ. Ніякая ДНР не дакажа.

Але гэта толькі лічбы. Каб растлумачыць, трэба ўсе пазыцыі прачытаць у адваротным парадку.

90% апытаных беларусаў глядзяць расейскую прапаганду. Адпаведна: ухваляюць Крым, ненавідзяць Парашэнку, а Пуціна любяць амаль удвая мацней за свайго кіраўніка.

Як чалавека, што жыве «паміж гэтых людзей», мяне рэальна зьдзіўляе лічба – 90. Альбо гэта памылка, альбо прамыўка мазгоў дасягнула такога ўзроўню, што вакол павінны хадзіць адны латэнтныя праваслаўныя харугваносцы, казакі з нагайкамі і пуцінскія байкеры. Але яўных прадстаўнікоў гэтых ахвяраў масавага псыхозу я ня бачу. Здаецца, большасьці, як заўсёды, усё да лямпачкі. «Мы ў палітыку ня лезем». А калі лезем, стараемся казаць тое, чаго ад нас чакаюць.

Асабіста мяне на прагляд выпуску «Вясьцей» да канца не хапае. Ну груба ж, агрэсіўна, бяздоказна і не па-людзку. Проста неэстэтычна. І зь беларускай памяркоўнасьцю і абыякавасьцю не кантачыць аніяк. Разумею, што казаць пра «маё асяродзьдзе» – не агрумэнт. Магчыма, казаць пра апалітычнасьць публікі – таксама. Хоць падтрымка «русского мира» – яшчэ якая актыўная палітычная пазыцыя. А мільёны шэнгенскіх візаў на год, што – толькі таргашы? А талеркі на хатах і дамах? А інтэрнэт… І ўсё гэта – 10 адсоткаў па ўсёй краіне?

Дапусьцім, сацыялёгія падае суровую «праўду жызьні». Тады застаецца зрабіць несуцешную выснову пра тое, што арганізм на 90 адсоткаў паражаны мэтастазамі вайны.

Дзяржаўная беларуская манаполія на СМІ, прычым расейскія, зрабіла сваю справу. Зусім не на беларускую карысьць, а роўна супраць яе.

Але верыць у гэта – перастаць верыць у свой народ, у яго дабрыню і мудрасьць, у яго будучыню.

Таму пакіну пытаньне адкрытым: ці то сацыёлягі памыліліся ці людзі ў нас хітруюць з адказамі. Трэцяе – проста канец фільма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG