Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капыльскаму актывісту забаранілі пікет на Дзень незалежнасьці


Віктар Дашкевіч на пікеце да Дня Канстытуцыі

Віктар Дашкевіч на пікеце да Дня Канстытуцыі

Актывісту з Капыля Віктару Дашкевічу мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзеньні пікету, прымеркаванага да Дня незалежнасьці.

У заяўцы Віктар Дашкевіч прасіў дазволу на правядзеньне пікету ў суботу, 4 ліпеня, ўлічыўшы, што 3 ліпеня ў горадзе пройдуць сьвяточныя мерапрыемствы. «Але дазволу ўсё роўна не атрымаў», — апавёў Віктар Дашкевіч карэспандэнту Свабоды.

«Адмовілі нібыта з прычыны, што ва ўсё дні ад пятніцы да нядзелі на стадыёне, дзе я меркаваў зладзіць пікет, будуць праходзіць нейкія мерапрыемствы. Але лічу, прычынай стаў ня час пікету, а ягоны зьмест. Я зьбіраўся нагадаць жыхарам Капыля, што дзень незалежнасьці Беларусі — гэта фактычна дзень незалежнасьці Аляксандра Лукашэнкі ад народу Беларусі. Бо ў нас не выконваецца Канстытуцыя, няма рэальнага падзелу ўладаў, суды залежныя ад Лукашэнкі, кантрактная сыстэма зрабіла зь людзей нявольнікаў, ёсьць палітзьняволеныя і няма сапраўдных выбараў. Зьвесткі пра гэта я зьбіраўся разьмясьціць на адмысловых стэндах, таму і адмовілі».

Сябра БХД, грамадзкі актывіст Віктар Дашкевіч не ўпершыню спрабуе правесьці ў Капылі адзіночныя пікеты. У красавіку Віктару Дашкевічу гэтак жа адмовілі ў правядзеньні пікету, прысьвечанага наступствам Чарнобыльскай катастрофы. Пры гэтым ёсьць на рахунку актывіста і адзін дазволены капыльскімі ўладамі пікет. Гэта было ў сакавіку 2015 году. Сярод іншага Віктар Дашкевіч тады нагадаў жыхарам Копыля пра зьніклых палітыкаў і палітвязьняў, а таксма выказаўся пра выбары, якія лічыць фарсам.

Той пікет каштаваў Віктару Дашкевічу амаль паўмільёна рублёў. Актывісту давялося з уласнай кішэні пакрыць страты на арганізацыю бясьпекі падчас пікету, а таксама мэдычнае і бытавое абслугоўваньне.

Той пікет Віктар Дашкевіч прымеркаваў да Дня Канстытуцыі. Гэта быў адзіны дазволены апазыцыйны пікет у краіне да гэтай даты.

XS
SM
MD
LG