Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску пра звальненьне паведамляюць за дзень


З Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольнілі сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Сяргея Пічугова. Адміністрацыя прадпрыемства не пажадала працягваць з работнікам працоўныя адносіны. Фармальная прычына звальненьня — сканчэньне тэрміну дзеяньня кантракту.

На заводзе Сяргей Пічугоў адпрацаваў 11 гадоў сьлесарам-інструмэнтальшчыкам. Нараканьняў ад начальства не было, кажа ён. Прафсаюзьнік сьцьвярджае: пра спыненьне працоўных адносінаў яму паведамілі за дзень да звальненьня.

«Сказалі — кантракт скончыўся, і ўсё. За дзень папярэдзілі. Гэта ж сваволя адміністрацыі. Папярэдзіць павінны былі за месяц. Можа, так толькі ў Бабруйску робяць, а можа, і паўсюль. Прычына ж асноўная, што я ў Свабодным прафсаюзе. Яны тут са многімі з Свабоднага прафсаюзу гэтак расправіліся. Не працягваюць кантракты, і ўсё», — камэнтуе звальненьне Сяргей Пічугоў.

Брыгада, у якой працаваў Пічугоў, сабрала подпісы, каб яго не звальнялі. Аднак гэта не дапамагло. Звольненаму працаўніку ўжо аддалі працоўную кніжку, разьлічылі яго і заблякавалі пропуск на завод.

У Сяргея Пічугова двое дзяцей — аднаму няма і двух гадоў. Жонка ў дэкрэтным адпачынку. Яна цяжарная. Сям’я Пічугова спадзяецца, што кіраўніцтва Бабруйскага гарвыканкаму паўплывае на адміністрацыю прадпрыемства, і тая адновіць яго на працы. Запісаліся на прыём да намесьніка кіраўніка гораду.

«Мы хочам аднавіць справядлівасьць, — зазначае Сяргей Пічугоў. — Яны ж ня маюць права звальняць кармільца, а пагатоў калі жонка ў дэкрэтным адпачынку. Я бачу парушэньне працоўнага заканадаўства. Два гады таму мяне ўжо звальнялі, але тады мы адбараніліся».

Летась у кастрычніку чацьвёра сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага, якіх звольнілі з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, праводзілі на знак пратэсту галадоўку. Дамагчыся аднаўленьня на працы не змаглі. Іх зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства і пакаралі штрафам.

Як і Сяргея Пічугова, іх таксама звольнілі на той падставе, што кантракт скончыўся. Паводле працоўнага заканадаўства наймальнік мае права не тлумачыць прычыны звальненьня.

XS
SM
MD
LG