Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уплывовы амэрыканскі часопіс Foreign Policy апублікаваў артыкул Яўгена Вараб’ёва, прысьвечаны узрослай папулярнасьці ўкраінскай мовы.

16 месяцаў таму першы ўкраінскі салдат быў застрэлены расейскімі войскамі ў Крыме, які неўзабаве быў анэксаваны. З таго часу вайна Расеі супраць Украіны паставіла перад расейскамоўным насельніцтвам Украіны некалькі падступных пытаньняў наконт ідэнтычнасьці.

«Я баюся размаўляць па-расейску цяпер, таму што Пуцін можа захацець абараняць мяне», — гэта стала часта паўтараным жартам летась, пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі заявіў, што расейскамоўныя ва Ўкраіне адчуваюць пагрозу з боку новага кіеўскага ўраду.

Цяпер шматлікія расейскамоўныя ва Ўкраіне, якія жывуць у асноўным на ўсходзе краіны і ў буйных гарадах, дэманстратыўна пераходзяць на ўкраінскую мову ў якасьці адзнакі самаідэнтыфікацыі.

Кароткі падручнік пра тое, каб перайсьці з расейскай на ўкраінскую, напісаны кіеўскім блогерам, атрымаў тысячы перадрукаў і рэпостаў. Патрыятычныя расейскамоўныя жыхары Кіева і буйных усходніх гарадоў пішуць у сацыяльных сетках, што вырашылі гаварыць па-ўкраінску зь дзецьмі, спадзеючыся зрабіць наступнае пакаленьне больш свабодным і дасканалым у валоданьні роднай мовай. Упершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў, размаўляць па-ўкраінску стала модным, а не наадварот.

Моцная грамадзянская супольнасьць Украіны таксама стала важным фактарам у «сацыялізацыі» дарослага насельніцтва да выкарыстаньня ўкраінскай мовы. Нягледзячы на востры недахоп дзяржаўнай падтрымкі адукацыі, дзясяткі арганізацый і ініцыятываў вучаць мове дарослых па ўсёй краіне. Актывісты кажуць, што большая частка зь іх далучылася на хвалі Эўрамайдану і пачатку расейска-ўкраінскай вайны. Большасьць студэнтаў, кажа арганізатар найбуйнейшых курсаў у Кіеве, мае 30-50 гадоў. Бясплатныя ўкраінскія курсы растуць, як грыбы, у вялікіх, у асноўным расейскамоўных гарадах, такіх як Кіеў, Запорожжа, Харкаў, Краматорск і Адэса. Тым ня менш, яны таксама зьявіліся ў Львове і Віньніцы, украінамоўных гарадах, куды многія людзі пераехалі з Крыму і ўсходу Ўкраіны.

Мэдыяляндшафт таксама становіцца выразна ўсё больш украінамоўным. Вядома, традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі па-ранейшаму крыху пераважаюць на расейскай мове: два з трох найбуйнейшых тэлевізійных каналаў трансьлююць вечаровыя навіны і большасьць забаўляльных праграм на расейскай мове. Большасьць шматтыражных штотыднёвых часопісаў публікуюцца на расейскай мове. Тым ня менш, зьяўленьне магутных Інтэрнэт-навінных агенцтваў ствараюць зваротны трэнд. Украінамоўнае інтэрнэт-тэлебачаньне — перш за ўсё Hromadske.TV і Espreso, маюць некалькі расейскамоўных канкурэнтаў супастаўнай якасьці, хаця апошняе пачало ствараць праграмы на расейскай мове.

Паколькі больш за палову ўкраінцаў рэгулярна карыстаюцца Інтэрнэтам, сацыяльныя мэдыі ператвараюцца ў яшчэ адзін канал «украінізацыі», асабліва сярэдняй клясы. Найлепшыя блогеры, якія пішуць на ўкраінскай мове на Facebook і Twitter, павялічваюць сваю аўдыторыю, многія ўкраінскія Інтэрнэт-карыстальнікі пачынаюць адмаўляцца ад плятформаў у Расеі, такіх як Вконтакте (расейскі аналяг Facebook). Спрэчка вакол блякаваньня фэйсбукам украінскага кантэнту, выкліканага скаргамі расейцаў у Тэхнічнае абслугоўваньне кампаніі ў Дубліне, прывяла да таго, што карыстальнікі пачалі яшчэ больш пісаць па-ўкраінску, каб ізаляваць «Украінскую» благасферу ад умяшаньня Расеі. Дыскусіі пра палітыку па-ўкраінску абмяжоўваюць расейскім тролям магчымасьці браць у іх удзел.

Гравітацыйнае прыцягненьне ўкраінскай мовы адбілася і на бізнэсе таксама. Упершыню ўкраінская поп-музыка прадаецца лепш, чым расейская. Папулярная сетка кавярняў «Львоўская майстэрня шакаляду» прыняла новую палітыку і абавязала афіцыянтак і барыстаў абслугоўваць кліентаў толькі на ўкраінскай мове, і тым ня менш, гэтыя кавярні папулярныя па ўсёй краіне. Раман Матыс, украінскі дзеяч, заклікае кампаніі рабіць этыкеткі і дакумэнтацыю на ўкраінскай мове ў дадатак да расейскай, і некалькі буйных кампаній далучыліся да гэтых калектыўных пэтыцыяў.

За апошнія дваццаць гадоў, дзяржаўная адукацыйная палітыка спрыяе пашырэньню ўкраінскай мовы ў школах, пры гэтым не абмяжоўваючы ўжываньне расейскай мовы. Постсавецкія ўрады Ўкраіны, нават прарасейскія, лічылі сярэднюю адукацыю на ўкраінскай мове шчодрай саступкай нацыянальна настроеным актывістам. Тым часам як напрыканцы савецкай улады ў 80-я гады заставалася толькі 47 адсоткаў украінскіх школаў, гэтая лічбы няўхільна павялічылася да 75 працэнтаў у 2004 годзе і 86 працэнтаў у 2013 годзе, і дзеля таго што ўкраінская мова стала асноўнай мовай выкладаньня ў вядучых унівэрсытэтах, школьнікі і іх бацькі ўспрымаюць яе як больш прыярытэтную, нават калі яны выкарыстоўваюць дома расейскую.

Тэндэнцыя не спынілася нават пасьля прыняцьця «моўнага закону» у 2012 годзе, які прадугледжвае больш шырокае выкарыстаньне расейскай мовы на рэгіянальным узроўні. Заканадаўчыя ініцыятывы, якія датычаць выкарыстаньня мовы, былі палітызаваныя таксама падчас падзеяў на Майдане. Спроба парлямэнту адмяніць спрэчны закон аб мове ў лютым 2014 (што было адхілена прэзыдэнцкім вэтам) была выкарыстаная ў якасьці сыгналу да мабілізацыі прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Украіна па-ранейшаму дзьвюхмоўная краіна. Але пра фэномэн украінізацыі сьведчаць ня толькі факты штодзённага жыцьця — дадзеныя апытаньняў паказваюць, што за апошняе дзесяцігодзьдзе моўны пэйзаж краіны зьведаў відавочныя зьмены. У 2005 годзе 42 працэнты ўкраінцаў заявілі, што яны размаўляць дома ў асноўным па-ўкраінску. У 2011 годзе 53 працэнты сказалі, што яны размаўляюць па-ўкраінску ў сваім паўсядзённым жыцьці. Паколькі большасьць зь іх выдатна валодае расейскай, 11-працэнтны ўсплёск, за якім стаіць ня менш за 5 мільёнаў чалавек, адлюстроўвае частку ўкраінскага грамадзтва, якая перайшла з расейскай на ўкраінскую. Рэвалюцыя Эўрамайдану і канфлікт з Расеяй паскарае гэтую тэндэнцыю: апытаньне траўня 2015 паказвае, што амаль 60 працэнтаў насельніцтва аддаюць перавагу ўкраінскай мове ў паўсядзённых зносінах.

Узрослая папулярнасьць ўкраінскай мовы, асабліва сярод моладзі і сярэдняй клясы, аказвае ўзьдзеяньне на аб’яднаньне сацыяльных структур краіны. Гэта спрыяе сацыяльнай мабільнасьці паміж Усходам і Захадам. Многія заходнеўкраінскія студэнты прыносяць украінскую мову ў Кіеў і буйныя ўсходнеўкраінскія гарады. Маладыя ІТ-спэыялісты і працаўнікі сфэры абслугоўваньня, якія пераяжджаюць з Харкава або Днепрапятроўску ў Львоў, як правіла, пачынаюць выкарыстоўваць украінскую ў сваім паўсядзённым жыцьці, нягледзячы на талерантнасьць Львова для расейскамоўных.

Адраджэньне ўкраінскай мовы зьяўляецца толькі адным з многіх сацыяльных наступстваў Украінска-расейскай вайны. Тым ня менш, украінскамоўныя дзеці робяцца дарослымі і сярэдняя кляса пачынае больш плаціць за ўкраінскія тавары і паслугі — гэта можа стаць адным з самых трывалых наступстваў. Нароўні з блакітна-жоўтым сьцягам і традыцыйнымі вышыванкамі, якія можна часта пабачыць на вуліцах у гэты выпрабавальны час для Ўкраіны, украінская мова павінна стаць жаданым і практычна ўжываным нацыянальным сымбалем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG