Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы — назіральнікі за выбарамі: Палітычны фон пачатку выбарчай кампаніі неспрыяльны


Кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак

Кіраўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак

«Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт пачалі кампанію назіраньня за выбарамі пад назвай «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Больш за 50 доўгатэрміновых назіральнікаў будуць мабілізаваныя «Вясной» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам для кантролю за хадой выбарчай кампаніі. Назіраньне пачалося ўжо 1 ліпеня. Непасрэдна падчас галасаваньня праваабаронцы спадзяюцца арганізаваць працу кароткатэрміновых назіральнікаў на 200 выбарчых участках і абяцаюць асабліва пільна адсачыць, як будзе праходзіць датэрміновае галасаваньне. Паводле кіраўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, на гэтую выбарчую кампанію зробяць уплыў, сярод іншага, падзеі ва Ўкраіне.

«Мы бачым, што ёсьць небясьпека пэўных правакацыяў з рознага боку. Трэба ўлічваць і няпростыя зьнешнія фактары, у тым ліку сытуацыю ва Ўкраіне і расейска-ўкраінскі канфлікт і ўцягваньне ў гэта ў пэўным сэнсе Беларусі. Мы разумеем, што выбарчая кампанія — гэта пэўны выклік і для беларускіх уладаў, і для ўсяго грамадзтва, для розных грамадзкіх структураў. Таму мы гэта ўсё будзем фіксаваць і даваць свае ацэнкі з пункту гледжаньня беларускіх і міжнародных законаў».

Намесьнік кіраўніка «Вясны» Валянцін Стэфановіч абяцае падчас назіраньня не абмінаць і праваабарончы аспэкт. Паводле яго, выбарчая кампанія стартавала ў праблемных умовах.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Фон неспрыяльны для правядзеньня свабодных дэмакратычных выбараў паводле шэрагу акалічнасьцяў.

Па-першае, мы зь мінулага году так і ня ўбачылі сыстэмных пазытыўных зьменаў у галіне правоў чалавека. Як на ўзроўні законаў, гэтак і на ўзроўні іх ужываньня. Палітвязьні так і застаюцца ў турмах, мы кажам пра шэсьць палітвязьняў. Апошняе вызваленьне, якое не было зьвязанае з заканчэньнем тэрміну, было вызваленьне кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, а пасьля гэтага палітвязьняў не паменела, а стала больш.

А калі гаварыць пра агульныя палітычныя правы грамадзянаў у краіне, то яны носяць абмежаваны характар. Мы бачым, што рэалізацыя права на сходы, выказваньне сваёй думкі, распаўсюд інфармацыі надзвычай абмежаваная. Асаблівую нашу занепакоенасьць выклікае тое, што адбываецца з журналістамі. Кажу найперш пра ціск на тых журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі мэдыямі, а таксама пра працяглую кампанію па кантролі над мэдыямі ў прынцыпе. Маю на ўвазе зьмены ў закон аб сродках масавай інфармацыі, таксама выпадкі блякаваньня сайтаў. Апошні выпадак з блякаваньнем сайта kyky.org можна назваць паказальным, бо ён сьведчыць, што Міністэрства інфармацыі ў нас выконвае функцыі цэнзуры, ператвараецца ў «міністэрства праўды».

Прэзыдэнцкія выбары 2015 году будуць першымі пасьля ўнясеньня зьменаў у Выбарчы кодэкс. Як, паводле праваабаронцаў, паўплываюць гэтыя зьмены на перадвыбарчы працэс?

«Сапраўды, дзяржава, прыкладам, больш ня будзе фінансаваць выдаткі на агітацыю. Калі раней зь бюджэту на гэта выдзяляліся сродкі, дык цяпер будучыя кандыдаты могуць фармаваць выбарчыя фонды. На мясцовых і парлямэнцкіх выбарах мы ўжо бачылі, як гэта працуе, дакладней — не працуе. Бо проста шмат якія кандыдаты гэтыя фонды не стваралі. Як можа дзейнічаць гэтая нібыта лібэральная норма ва ўмовах, калі 80% эканомікі належаць дзяржаве? Хутчэй гэта створана на будучыню, асабліва ў кантэксьце таго, што сам жа Лукашэнка заяўляў на адрас бізнэсоўцаў, што калі даведаецца, што нехта фінансуе „пятую калёну“, дык будзе размаўляць зь ім па законах ваеннага часу. Таму паглядзім, як гэта будзе працаваць у часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Але паўтаруся, што падчас папярэдніх мясцовых і парлямэнцкіх выбараў гэта не працавала», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Прадстаўнікі «Вясны» і БХД паведамілі, што падчас назіраньня будуць адзначаць таксама дзейнасьць міжнародных назіральнікаў, у тым ліку з эўрапейскіх структураў. Грамадзкія актывісты Беларусі назапасілі шмат крытычных заўвагаў, найперш адносна тэхналёгіі іх назіраньня за беларускімі выбарамі «пераважна ў іх апошнія дні». Ці не зьнялі прадстаўнікі эўрапейскіх структураў свае патрабаваньні да беларускіх уладаў аб тэрміновым вызваленьні палітвязьняў? Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч паведамілі, што на сустрэчах з дэлегацыямі з Эўразьвязу, якія зачасьцілі ў Менск напярэдадні выбараў, іх запэўніваюць, што пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў з парадку дня ня зьнятае.

Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч сышліся на думцы, што пэўная вонкавая лібэралізацыя ў дзеяньнях беларускіх уладаў падчас выбараў будзе назірацца, але што да сыстэмных зьменаў, то іх чакаць не выпадае.

1 ліпеня пра пачатак назіраньня за выбарамі абвясьцілі таксама актывісты кампаніі «Права выбару-2015». Кампанію «Права выбару-2015» заснавалі БХД, БНФ, БСДП, рух «За свабоду» і «Гавары праўду».

XS
SM
MD
LG