Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трусаў: Апазыцыя дыскрэдытавала сябе, кандыдаты — клоўны


Алег Трусаў

Алег Трусаў

«Ёсьць удзел у выбарах, ёсьць байкот. Мы абралі трэці шлях»,— заявіў Свабодзе старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які падтрымліваў у якасьці патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Алену Анісім, кажа, што цяпер, пасьля адмовы спадарыні Анісім удзельнічаць у кампаніі, будзе працаваць дзеля стварэньня шматтысячнай ініцыятыўнай групы для адзінага кандыдата на выбарах 2020 году. Перадвыбарчую адлігу цяперашняй электаральнай кампаніі, на думку спадара Трусава, можна скарыстаць для фармаваньня гэтай ініцыятыўнай групы.

«Ёсьць удзел у выбарах, ёсьць байкот. Мы абралі трэці шлях. Сэнс яго ў тым, каб аб’яднаць беларускіх патрыётаў, незалежна ад нацыянальнасьці, веравызнаньня і палітычных поглядаў, і рыхтавацца да наступнай выбарчай кампаніі, у якой, як мы лічым, можна перамагчы. Для дасягненьня сваёй мэты мы хочам стварыць трэцюю сілу, тым больш што апазыцыя дыскрэдытавала сябе цалкам. Нездарма тых апазыцыянэраў, якія ідуць на выбары, называюць клоўнамі. Мы не заклікаем людзей ісьці на выбары і не заклікаем не ісьці на выбары — вынік будзе аднолькавы, улада напіша сабе 85 працэнтаў. Цяпер, перад выбарамі, як і заўсёды, назіраецца дэмакратычная адліга, якой можна скарыстацца і стварыць трэцюю сілу, арганізаваць вялікую групу патрыётаў, якія ўжо цяпер павінны думаць пра адзінага кандыдата на выбары ў 2020 годзе», — сказаў Алег Трусаў Свабодзе.

Як адзначыў Алег Трусаў, адзіным кандыдатам на выбарах-2020 можа быць як Алена Анісім, так і іншая асоба, пры ўмове, што яна зможа кансалідаваць вакол сябе грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG