Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтная служба ЗША ўсталёўвае зубцы на агароджы Белага дома


The White House
The White House

За апошні час у Вашынгтоне было зафіксавана шмат спробаў пералезьці цераз агароджу і трапіць у рэзыдэнцыю прэзыдэнта.

На агароджы вакол тэрыторыі Белага дома ў Вашынгтоне зь серады, 1 ліпеня, пачнуць зьяўляцца вострыя зубцы, паведамляюць агенцтвы са спасылкай на Сакрэтную службу аховы найвышэйшых асоб дзяржавы. Паводле Reuters, гэта мае узмацніць бясьпеку і запабегчы непажаданым спробам пералазіць праз агароджу.

«Гэтая часовая мера забясьпечыць неабходную бясьпеку ў той пэрыяд, пакуль ня будзе знойдзенае доўгачасовае вырашэньне праблемы», — паведаміла Сакрэтная служба з нагоды ўстаноўкі зубцоў. Прышрубоўваць іх зьверху да агароджы будуць на працягу паўтара месяца, а нейкае больш радыкальнае рашэньне чакаецца толькі ўвосень. Ня выключана, што плот вакол прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі зробяць яшчэ вышэйшым.

За апошні час у Вашынгтоне было зафіксавана шмат спробаў пералезьці цераз агароджу і трапіць у рэзыдэнцыю прэзыдэнта.

Самы гучны інцыдэнт адбыўся летась у верасьні, калі 43-гадовы ваенны вэтэран Амар Гансалес пералез праз плот, дабег да ўваходных дзьвярэй і ўварваўся ў будынак Белага дома. Толькі там яго затрымала ахова, якая дапусьціла найгрубейшую памылку ў сваёй працы, што выклікала, паводле амэрыканскіх СМІ, абурэньне прэзыдэнта.

Пазьней пры ператрусе машыны парушальніка былі выяўленыя дзьве сякеры і мачэтэ, а таксама 800 патронаў. Таксама высьветлілася, што гэта ня першая спроба Гансалеса пракрасьціся ў Белы дом. 25 жніўня ён быў спынены службай бясьпекі, калі шпацыраваў уздоўж паўднёвага плота Белага дома зь сякерай на поясе. Тады ён арыштаваны ня быў.

Суд у Вашынгтоне нядаўна асудзіў Гансалеса да 17 месяцаў турэмнага зьняволеньня, а амаль усё кіраўніцтва Сакрэтнай службы было адпраўлена ў адстаўку. Ахову Белага дома пасьля гэтага скандалу ўзмацнілі, а агароджу ўмацавалі: па пэрымэтры тэрыторыі прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ўсталявалі дадатковую агароджу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG