Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Батракова: «Мне нічога зь неба ня ўпала»


Belarus - Natalya Batrakova, writer

Belarus - Natalya Batrakova, writer

Натальля Батракова — беларуская расейскамоўная пісьменьніца, адна з найбольш папулярных у Беларусі, калі меркаваць паводле накладаў яе кніг. Сярод іншага, выдала раманы «Территория души» (2001), «Площадь согласия» (2005), «Миг бесконечности» (2012); зборнікі паэзіі «Состояния души» (2000), «Я играю не по правилам...» (2009), «Экстрасистолы любви» (2014). Зь пісьменьніцай гутарыць Ян Максімюк.

ЖАНОЧАЯ ПРЫЗМА

РС: Калі пра вас кажуць «Натальля Батракова — аўтар жаночых раманаў» — вы пагаджаецеся з такім вызначэньнем? Ці, можа, вы яшчэ і аўтар «мужчынскіх раманаў», толькі ніхто ня хоча гэтага заўважыць?

Натальля Батракова: Я да гэтага вызначэньня адношуся спакойна. Безумоўна, калі піша жанчына, яна глядзіць на многія рэчы «праз жаночую прызму». І гэтага не схаваеш. Што тычыцца жаночых раманаў, то на сёньняшні дзень пераважная большасьць чытачоў у нас — жанчыны. З гэтым, па-мойму, таксама ніхто спрачацца ня будзе. А па-трэцяе — так, у мяне ёсьць і катэгорыя чытачоў-мужчын, я гэта дакладна ведаю. Мне часта здараецца чуць ад такіх чытачоў: вось жонка нешта ўсё чытае і чытае, я пацікавіўся што, узяў у рукі ваш раман і два дні чытаў, ня мог адарвацца. Вельмі часта даводзіцца чуць, што, маўляў, вашы раманы нечаму навучылі, нешта адкрылі. І гэта можна пачуць як ад жанчын, так і ад мужчын... Ну, як назавуць, няважна... Я ні на што не прэтэндую, галоўнае, каб чыталі, каб пашыралася чытацкая аўдыторыя. Гэта вельмі прыемна, і для любога аўтара — гэта самае важнае.

РС: Як бы мы ні глядзелі на праблему «жаночых раманаў», гэты тэрмін існуе і ў літаратуразнаўчым абыходзе, і як папулярнае акрэсьленьне пэўнага літаратурнага жанру. Што пісьменьніку трэба ведаць пра гэты жанр, каб мець посьпех сярод чытачоў? Ёсьць нейкія правілы, як трэба пісаць такую пасьпяховую літаратуру — жаночыя раманы?

Натальля Батракова: Наогул любы раман — гэта аб’ёмісты аповед, з разгорнутым сюжэтам, разгалінаваным, дзе існуюць двое галоўных герояў, як правіла. У мяне наогул жанчына зьяўляецца галоўным героем ва ўсіх раманах, таму, напэўна, што і я сама жанчына... У рамане трэба ахопліваць як мага шырэйшы побытавы, жыцьцёвы пласт. Нейкую такую задачу трэба сабе ставіць на пачатку. Вось у маім апошнім рамане, «Миг бесконечности», мне самой было цікава прасачыць некалькі тыпаў сем’яў, сямейных адносін. Зноў жа, калі апісваць нейкі род дзейнасьці, якой займаецца герой, трэба поўнасьцю пагрузіцца і вывучыць яе. Калі мая гераіня — журналістка, значыць, я прападаю ў рэдакцыях. Калі ў мяне герой — хірург, доктар, значыць, я стараюся пагрузіцца ў гэтыя тэмы. Нават тады, калі раптам сама трапляю ў шпіталь, я хаджу там з дыктафонам і распытваю лекараў... Я нават запісваюся на апэрацыі, ня дзеля пустой цікаўнасьці, а каб ухапіць той момант, калі, скажам, жыцьцё пацыента сапраўды знаходзіцца ў руках хірурга... Зразумела, гэта не навукова-папулярная літаратура, гэта іншае. Мне залежыць, каб пагрузіцца ў тэму і даць гэта ўсё зь верагодным тлом, каб у гэта паверыў чытач. І, напрыклад, калі я чую водгаласы — ой, мы цяпер ужо ведам, як працуе рэдакцыя! — мне вельмі прыемна, бо гэта значыць, што я не патраціла час дарэмна...

ПРА ФІЗЫКУ І ЛІРЫКУ

РС: У вас тэхнічная адукацыя — вы скончылі Інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту. Вы працавалі ў сваёй прафэсіі? Ці, можа, працуеце і цяпер?

Натальля Батракова: Так, пасьля заканчэньня інстытуту я доўгі час, каля 10 гадоў, працавала на чыгунцы і на транспарце, потым, паколькі гэта была прыватная транспартная кампанія, мне давялося да сваёй тэхнічнай адукацыі дадаць яшчэ іншую — бугальтэрыю, фінансы. Для мяне гэта абсалютна нармальны працэс — усё жыцьцё быць вучаніцай...

РС: А ў які момант вы адчулі, што вам у жыцьці яшчэ нечага не хапае, што вам — акрамя сямейнага жыцьця і занятку бізнэсам — яшчэ трэба пісаць кнігі?

Натальля Батракова: Гэта здарылася пад канец 1990-х і на пачатку 2000-х. Падрасьлі дзеці — сыну на той момант было 10 гадоў, дачцэ 15 — і яны ўжо не патрабавалі такой пастаяннай апекі, як раней. На працы ўсё супакоілася і стабілізавалася. І наступіў такі момант, калі праявіўся нерэалізаваны патэнцыял. Напэўна, усё гэта пайшло ад вершаў. Мне складана назваць сябе паэткай, але якраз вершы пісаліся ў мяне заўсёды. Калі нешта накіпела на душы, я сядала, запісвала некалькі радкоў, і мне рабілася лягчэй. Спачатку выйшаў зборнік маіх вершаў...

Потым я стала прыдумляць розныя гісторыі, разьвіваць іх, устаўляць дыялёгі. Гэта былі такія гісторыі, якіх я не запісвала... Як правіла, на другі дзень пасьля маіх фантазій са мной здаралася нешта непрыемнае — то дзеці захварэлі, то нешта на працы, то машына паламалася... Аднойчы я села і паспрабавала запісаць сваю фантазію. Так узьніклі першыя старонкі майго першага раману, «Территория души». Я чакала немаведама якіх непрыемнасьцяў на другі дзень раніцай, але нічога ня здарылася. Наадварот, усё неяк стала складвацца зусім інакш, па-добраму, я стала слухаць людзей, запамінаць іхныя гісторыі, фразы, прасейваць інфармацыю, мадэляваць... Неяк так у мяне тады атрымлівалася. Ну а цяпер я ўжо ў такім стане, што не магу не пісаць... У прынцыпе, сёньня ўжо нейкага пошуку ў мяне няма, таму што ўсё ў маёй галаве ўжо ёсьць, варта толькі адшукаць адпаведныя файлы і адкрыць іх... Я ўдзячная і сваім кнігам, і сваім героям, таму што яны мяне шмат чаму навучылі...

«Я АДБЫЛАСЯ Ў БЕЛАРУСІ»

РС: Дзе вас выдаюць галоўным чынам — у Беларусі ці ў Расеі? У вас ёсьць інфармацыя пра тое, як прадаюцца вашы кнігі і дзе?

Натальля Батракова: Як пісьменьніца я адбылася ў Беларусі, я тут знайшла чытача, і я вельмі ўдзячная менавіта гэтаму чытачу, які жыве тут. Калі выйшлі «Территория души» и «Площадь согласия», я пра сябе ня думала як пра пісьменьніцу, я сябе называла аўтарам. Я вырасла ў чытаючай сям’і, і для мяне пісьменьнікі — гэта былі людзі, чые кнігі стаялі на верхняй паліцы, у пераплётах з залатымі літарамі... Гэта было нешта недасягальнае. Таму посьпех майго першага і другога раману не зьмяніў маёй кваліфікацыі самой сябе як аўтара. Мой апошні раман, «Миг бесконечности», выйшаў трыма тыражамі ў Беларусі літаральна за паўтара года, потым яшчэ былі дадрукоўкі, і ўжо болей за год, як кнігі няма ў продажы, таму што яна раскупленая і чакае працягу... Тут адназначна — 12 гадоў я друкавалася выключна ў Беларусі. Толькі зь мінулага году мяне сталі друкаваць у Маскве. То бок я прыйшла не адтуль, я пісала тут...

Калі я пісала свой першы раман, я кансультавалася зь людзьмі і распытвала, дзе лепш друкавацца і якім чынам. Мяне пазнаёмілі з чалавекам з аднаго маскоўскага выдавецтва, які прачытаў тое, што я пішу, наогул ухваліў, потым пытаўся, колькі кніг я магу напісаць за год?! Для мяне гэта было жудасна незразумела, таму што пісаньне было маім паралельным жыцьцём, паралельным захапленьнем, «состоянием души», а не асноўным заняткам. У выніку яго парада была такая — мы вас будзем выдаваць у Маскве, толькі вы прыбярыце з вашага раману Менск і ўсе вашы назвы вуліц, таму што чытачу на Далёкім Усходзе будзе нецікава. Мне далі суткі, каб падумаць над гэтай прапановай. Я прыехала дадому, моцна ўзрушаная, і тады, мабыць, я ўпершыню адчула, што для мяне значыць патрыятызм. Я для сябе вырашыла, што я ня буду нічога мяняць — для мяне Менск ня менш важны герой, як іншыя галоўныя героі. Я адбылася ў гэтым горадзе, у ім вырасьлі мае дзеці, і калі мне сапраўды дадзена стаць пісьменьніцай, то мая кніга выйдзе тут і цяпер... А праз дванаццаць гадоў гэтая кніга выйшла ў Расеі, там таксама былі два тыражы, потым яшчэ дадалі тыраж зь мяккай вокладкай. І ніякіх ні пытаньняў, ні рэкамэндацый ужо не ўзьнікала. Так што ўнутрана я нават ганаруся сабой, што некалі не пайшла на такі крок. Гэта для мяне было прынцыповым.

РС: Часам узьнікае пытаньне, якое некаторыя ставяць у даволі вострай форме: да якой літаратуры трэба было б залічыць пісьменьнікаў, якія пішуць у Беларусі па-руску — да беларускай ці да рускай? Можа, да абедзьвюх? Як вы на гэта глядзіце?

Натальля Батракова: Часткова я ўжо адказала на гэтае пытаньне. Чаму? Таму што ў свой час я адмовілася, магчыма, ад значна большай папулярнасьці ці значна большай тыражнасьці. Таму што спрацаваў патрыятызм. Я не магу проста прадаць свой горад і пісаць так, каб дагадзіць чамусьці. Для чалавека, які жыве тут сярод гэтых людзей, які ўбірае ў сябе гэтую рэальнасьць, перажывае зь імі як радасныя, так і сумныя моманты, па-мойму не адыгрывае вялікай ролі тое, на якой мове ты пішаш. Тым больш што ў нас сапраўды склалася спэцыфічная сытуацыя з мовай. Як у мяне — я вывучаю беларускую мову толькі цяпер, часам размаўляю на ёй, мабыць, наступным разам я змагу пагаварыць з вамі па-беларуску...

МЯСЦОВЫ КАЛЯРЫТ

РС: Я лаўлю вас на слове. Пазваню вам праз год і прыгадаю, што вы паабяцалі паразмаўляць са мной па-беларуску...

Натальля Батракова: Так, я спадзяюся, што так будзе. Ну а пісаць — вось на сёньняшні дзень у мяне проста не хапае тэхнічнай і тэхналягічнай магчымасьці, каб пісаць на беларускай мове прыгожа і так, каб захапіць людзей...

РС: А ці вам не хацелася б напісаць кніжку на беларускай мове?

Натальля Батракова: Ведаеце, на сёньняшні дзень, калі мне трэба тэрмінова закончыць раман на рускай мове, я была б вельмі рада... У мяне ўжо ідуць перамовы з адным выдавецтвам, якое перакладзе адзін з маіх раманаў на беларускую і выдасьць яго. То бок на сёньняшні дзень у мяне такая мара — каб адна з маіх кніг была сапраўды на беларускай мове. А там далей — паглядзім, як атрымаецца.

РС: У вашай кнізе «Миг бесконечности» зьявіліся дыялёгі па-беларуску. Скажыце, якую задачу вы ставілі?

Натальля Батракова: Я старалася паказаць менавіта гэтую рэалістычнасьць нашага жыцьця. Гэта гучыць настолькі прыгожа, што я сказала сваім расейскім выдаўцам, якія зьбіраюцца выдаваць раман у Расеі, каб яны пакінулі гэты рэалістычны зрэз. Калі будзе незразумела, дык няхай даюць пераклад у зносках...

РС: Згода, гэтыя дыялёгі па-беларуску даюць чытачу адчуваньне, што дзеяньне адбываецца менавіта ў Беларусі, а не ў Расеі. Але ў мяне такое ўражаньне, што вашы раманы амаль не даюць адчуваньня часу ці сацыяльна-палітычнай атмасфэры. Вам гэта не цікава ці такая задача па-за рамкамі вашага жанру?

Натальля Батракова: Рэч у тым, што калі чытаць мае кнігі ўважліва, то можна атрымаць уяўленьне і пра шырэйшае грамадзкае жыцьцё. Але я не хачу сваю літаратуру ўцягваць у палітыку. З гэтай прычыны я таксама прынцыпова не ўступаю ні ў якія пісьменьніцкія саюзы, я хачу крыху адгарадзіцца ад гэтага і пісаць пра рэаліі жыцьця і адносіны між людзьмі.

ПРА ВЕЧНАЕ

РС: Дык вось пра адносіны паміж людзьмі. Значная частка, так бы мовіць, інтарэсаў вашых герояў датычыць эратычна-сэксуальнай сфэры жыцьця. Цяпер пытаньне, якое мае рэдакцыйныя калегі прасілі мяне ніяк не забыцца паставіць вам у размове: што такое сэкс у Беларусі сёньня?

Натальля Батракова: Ой!.. Я ніколі не задумвалася над гэтым пытаньнем... Ведаеце, у нас у Беларусі народ у гэтым пляне даволі закрыты і такое асабістае ён лічыць за лепшае хаваць для сябе, не выносячы напаказ. Што тычыцца сэксуальных момантаў, то ў сваёй апошняй кнізе я пастаралася іх неяк апісаць... Як правіла, я даходжу да нейкага пункту, а далей апускаю шторку, пакідаючы чытачу магчымасьць пафантазіраваць, як гэта было насамрэч...

РС: Апошняе пытаньне ў мяне такое. Натальля, калі ласка, не апускайце шторкі адразу, а пафантазіруйце крыху ўголас: калі б вы былі прэзыдэнтам Беларусі, што б вы зрабілі для павелічэньня ўзроўню шчасьця ў краіне?

Натальля Батракова: Ведаеце, я ў сваіх фантазіях не заходжу ажно так далёка. У мяне ніколі не ўзьнікала жаданьня займаць кіраўнічыя пасады. Ёсьць такое паняцьце — downshifting — і мне якраз хочацца ступіць на прыступку ніжэй і падумаць пра нешта вечнае... Што зрабіць для шчасьця, пытаеце? Рэч у тым, што шчасьце ў кожнага — таксама сваё. Ну і само паняцьце шчасьця: людзі гоняцца за нейкім вялікім, ілюзорным шчасьцем, забываючы, што шчасьце ёсьць у абсалютна кожнай хвіліне кожнага бягучага дня...

Я проста параіла б людзям цаніць бягучы момант і тое шчасьце, якое ў іх ёсьць ужо цяпер. Гэта зусім ня значыць, што трэба спыніцца на дасягнутым. Трэба да нечага імкнуцца, трэба марыць, трэба працаваць. У мяне і прозьвішча адпаведнае — Батракова. Праўда, прозьвішча па мужу, але мне ўсё роўна нічога зь неба ня ўпала. Я ведаю, што заўсёды трэба працаваць, заўсёды трэба ісьці да мэты, часам ахвяруючы і нечым асабістым дзеля дасягненьня гэтай мэты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG