Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары без Лукашэнкі: Няхай жыве граф Прушынскі!


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Дзе бацька?! Ніхто нічога ня ведаў. Радыё нічога ўцямнага не перадавала, па тэлебачаньні паказвалі «Лебядзінае возера». Хадзілі чуткі, што нібы зьехаў зьнянацку ў родную вёску, дзе засталася хата і будзе, як некалі граф Талстой, бліжэй да прыроды, дбаць пра родныя гоні.

Жыхары сталіцы адразу заўважылі зьмены. На вуліцах паявіліся казакі. Хто па-сапраўднаму на конях, хто на джыпах, хто на матацыклах. У адных залатыя пагоны і невядомага паходжаньня ўзнагароды на грудзях, шыкоўныя аксэльбанты, іншыя былі сьціпла ў камуфляжы. Многія мелі шаўроны на рукаве, але падысьці бліжэй, разгледзець эмблемы, пачытаць надпісы — такіх ахвотных не было. Прыблізна можна было зьмеціць, што перавага ашчэраным воўчым ды сабачым галовам, драпежным птушкам, ільвам.

На вайсковага ўзору машынах разьяжджалі ўзброеныя людзі з чорна-чырвонымі сьцягамі з партрэтамі Сталіна на кабіне. За лічаныя хвіліны ў горадзе распаўсюдзілася мода на скураныя пальчаткі бяз пальцаў, вельмі любімыя людзьмі з калашнікавымі, а таксама з гранатамётамі РПГ на плячы.

Падазрона не відаць было міліцыі, якая раней траплялася на кожным кроку. Нібы ў міліцыі быў усеагульны выходны.

Першымі абазваліся камуністы, яны рашуча заявілі, што вернуць гербу рэспублікі серп з молатам, несправядліва выкінутыя на звалку гісторыі. Затым пасьледавала заява вайскоўцаў. Яны сказалі, што армія застаецца па-за палітыкай і для яе галоўнае канстытуцыя, і каб ніхто не напаў з-за мяжы, таму зэнітныя разьлікі па-ранейшаму напагатове.

Людзі сталі стыхійна зьбірацца каля храмаў. Зазванілі званы. Па вуліцах пайшлі працэсіі. З партрэтамі Сталіна і бацькі. Сярод іх можна было таксама разгледзець партрэты Бога. Але іх было менш. Усё ж царква аддзеленая ад палітыкі, а Бог заставаўся пакуль асобай апалітычнай. У кнігарнях ягоныя партрэты адсутнічалі, толькі бацька.

Часам працэсіі сутыкаліся і ўзьнікала замяшаньне. Некаторыя пагатоў мелі свае твары на палках. Можна было пазнаць знаёмага з тэлевізара Пуціна і Аляксандра Неўскага. Ля будынка з начальствам, якога не было на месцы, пачаў зьбірацца натоўп. Узабраўшыся на кантэйнэр для сьмецьця, аратары патрабавалі ўваходжаньня ў склад Расеі шляхам агульнанароднага рэфэрэндуму і неадкладна — расейскіх заробкаў і пэнсій. Паявіліся самаробныя плякаты са словамі, партрэты Жырыноўскага. І пісьменьніка Лімонава зь вельмі адметнай бародкай на капыл усесаюзнага старасты сталінскіх часоў.

На іншым мітынгу выступалі супраць зялёных чалавечкаў і ВВП, баяліся як агню рускага сьвету. Але да гэтага мітынгу грамадзяне набліжацца пабойваліся.

Дзьверы крамаў пачалі зачыняцца, не чакаючы магчымых пакупнікоў, рэзка апускаліся жалюзі. На ядальні напала эпідэмія самапісных шыльдачак «Не працуем».

На чыгуначным вакзале немагчыма было ўціснуцца ў памяшканьне з акенцамі касаў. У перапоўненых электрычках не зачыняліся зь першага разу дзьверы. А пэронны гучнік упершыню разгубіўся, ня ведаў, што гаварыць.

Рабочая кляса паказала ўзор вытрымкі. На трактарным працягвалі скручваць «Беларуса». Са змрочнай рашучасьцю. На некаторых іншых заводах рабочыя спрабавалі ў чырвоным кутку прывесьці да прытомнасьці радыё.

Як ні дзіўна, мэтро працягвала лётаць пад вуліцамі.

Звонку выглядала, што горад робіцца казацкім куранём. Хаця паявіліся таксама змрочныя людзі са сьцягамі «ДНР». Ад нейкага моманту сталі заўважныя людзі ў джынсах і цяльняшках, хто зь бесказыркамі на галовах, хто ў густа-зялёных барэтках і фуражках. Можна было падумаць, што ўпершыню сышліся ў адзін дзень сьвяты дэсантнікаў, памежнікаў і спэцназаўцаў, як часам здараецца з пасхай і вялікаднем.

Будынкі ўлады выглядалі безжыцьцёва. Пакуль што ніхто не спрабаваў у іх трапіць. А сама ўлада адсутнічала. На Мінскім моры? На дачы? Невядома. У тэлевізары танчылі балерыны.

Пайшлі чуткі, што казакі і «ДНР» будуць біць нацыяналістаў і прыдумалі для іх моўны тэст: трэба правільна сказаць «чудны», «малочны», «вспомоществовать», «рачыцельна» і так далей. І нават нейкі верш. Ці то Пушкіна, ці то Іосіфа Бродзкага.

Было відавочным, што на дадзены момант ніхто не рашаецца спыніць тое, што папярэдняе начальства любіла называць словамі «ўлада валяецца пад нагамі». Тым больш яна хутчэй хавалася, чым валялася. Нікому ня хочацца пад гарачую руку. Лепей перасядзець, чыноўнікі любой уладзе патрэбныя, хоць ад Бога, хоць ад чорта.

Нарэшце ў абед радыё загаварыла нібы знаёмым голасам, які блытаўся ў сынтаксісе, пераскокваў з рускіх цераз беларускія на польскія словы. Узьнікалі дзівосныя канструкцыі. Не зусім знаёмыя і разам такія родныя! І ўсе радасна зьдзіўляліся, што збольшага разумеюць сэнс. Аднак голас быў незнаёмы, ня ўчорашняга начальства.

Так жыхары сталіцы даведаліся, што перамагчы неразьбярыху ім дакляруе сам граф Прушынскі, які гатовы стаць прэзыдэнтам, калі за яго прагаласуюць людзі. Чалавек, які назваўся прадстаўніком шырокіх колаў грамадзкасьці, патлумачыў прагным слухачам, што абраньне графа безумоўна дапаможа рэспубліцы выжыць. Толькі ў Эўропу наш шлях, суайчыньнікі. Эўропа моцная і цьвёрда стаіць на нагах. Ці нам трэба тое, што ўчынілі шахцёры і трактарысты ў Данбасе? Ці нам трэба гэтыя варагі — казакі? Гэтая анархія? Каб людзі з калашнікавымі кіравалі намі, беларусамі?!

Начальства сядзела ля радыёкропак і прагна слухала. І разважала: а ці сапраўды нам дапаможа Пуцін? Ён ужо дапамог Данбасу. Танкамі і «градам». Апазыцыя ўспамінала, што некалі была супраць прэзыдэнцтва і што мела рацыю. Што рабіць тады зараз?

Ля цэркваў зьбіралі подпісы за вяртаньне Бацькі. Людзі ў паўпальчатках браліся за банкаматы.

Рэспубліка чухала патыліцу.

XS
SM
MD
LG