Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра «Марш аматараў насіць шкарпэткі пад сандалі» – паведаміў адзін украінскі сайт. Прычым, не зусім зразумела, ці то забаўляльны сайт фэйкаў, ці то праўдзівая інфармацыя.

Мне сама ідэя падалася забаўнай. Парадаваўся за суседзяў, якія ў трывожны час не губляюць пачуцьця гумару.

У Беларусі няма вайны, прынамсі, вонкава. У нас ці ня самая відавочная прэзыдэнцкая «кампанія» ад 1994 году. Усе магчымыя сапраўдныя кандыдаты разгромленыя. Пасьля задушэньня «маўклівых акцый пратэсту» 2011 у грамадзтве таксама пакуль няма жаданьня зноў сябе праяўляць, дый жыцьцёвая сытуацыя ў людзей цяпер пагаршаецца «па навуковаму» – павольна. Хоць усе, каго ні вазьмі, шэпчуцца між сабою: «Будзе горш». Як бы – не да сьмеху. Але без вайны.

На інфармацыю пра шкарпэткі пад сандалі чытаю камэнты некаторых беларусаў: «Няма чым заняцца», «Без доказаў гэта фэйк». Ня ўсе, канечне, без пачуцьця гумару, але я прыгадваю, што за апошнія дваццаць гадоў па-сапраўднаму моцную хвалю сатыры і гумару здолеў зладзіць асяродак, які стварыў у свой час газэту «Навінкі».

Сатыры ў 1990-я было шмат. Гэта і ананімныя паэмы, і калажы на апошняй старонцы газэты «Имя», і тэле-радыё перадача Лявона Вольскага «Квадракола», песьні Віктара Шалкевіча і Зьмітра Бартосіка, іншыя музычныя і мэдыйныя праекты. Але «Навінкі» былі адным суцэльным праектам-прадуктам, які стаўся вынікам дзейнасьці, што пачалася як рэакцыя на зьяўленьне першага прэзыдэнта РБ.

«Далоў самаўладзьдзе!», «Дыктатура– г@ўно!», халаты санітараў на маршах і пікетах, захоп пустога будынку ў цэнтры Менску з контркультурнай імпрэзай, і ўрэшце газэта, якая высьцёбвала ўсіх: ад Лукашэнкі да апазыцыі. «”Навінкі” – газэта для здаровых людзей!». Такое сабе ачышчэньне мазгоў ад шлакаў празь сьмех.

І вось сёньня тая самая «старая навінкаўская гвардыя» спрабуе ва ўласьцівай для сябе манеры ажывіць выбарчую кампанію праз свайго новага пэрсанажа, патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Юрыя Шульгана – «прафэсійнага дармаеда».

«Рана яшчэ сьмяяцца!», «Што ж вакол сьмешнага – панурасьць і беспэрспэктыўе!», «Лепей ня будзе, будзе толькі горш», – чую я ўжо дваццаць адзін год.

«Каб жа вашу сур'ёзнасьць можна было манэтызаваць», – думаю час ад часу. Раз не атрымліваецца пусьціць яе на карысную грамадзкую справу.

Ад сьмеху ці то добрага, ці то іранічнага, ці то саркастычнага карысьць відавочная – нэрвовая сыстэма адпачывае і аднаўляецца. А вось ці дапамагла каму сур'ёзнасьць ва ўмовах мірнага грамадзянскага супраціву аўтарытарызму?

Сьмех, сатыра, сарказм – гэта там, за пэрымэтрам, ня ў нас. У нас тут не да сьмеху, мы самыя нешчасьлівыя ў сьвеце. «Вось зараз зраблю візу, паеду за мяжу, і там ужо дам сабе волю».

Але непераможны той, хто ўмее сьмяяцца зь сябе.

У «гета» сур'ёзнасьці ніхто нікога сілком не заганяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG