Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гамяльчук: «Лукашэнка сам сябе вылучыць і сам за сябе прагаласуе»


«Сёньня ў Беларусі прызначаныя новыя прэзыдэнцкія выбары. Чым яны, на вашу думку, будуць адрозьнівацца ад папярэдніх?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Маладая жанчына: «Я па-за палітыкай і не хачу галаву тлуміць на гэты конт. Дый прэтэндэнтаў пакуль ня ведаю».

Мужчына ў гадах: «Для таго каб быць кандыдатам у Беларусі, трэба, каб ён хоць бы пару гадоў быў бачны й чутны. Лукашэнку я не выбіраў. Калі Канстытуцыя дазваляе яму, няхай ідзе на выбары, калі не — у такім разе няхай адпачывае».

Пэнсіянэрка: «Рады, вельмі прыемна. Усе чакаем выбараў. Мы задаволеныя сваім прэзыдэнтам. Кандыдатаў будзе многа, я думаю, што і ён абавязкова будзе вылучаны».

Гараджанін сярэдніх гадоў: «Працу трэба шукаць. Няма калі зьвяртаць увагу на выбары».

Расстроены мужчына: «Заробак зрэзалі ледзь ня ў два разы. „Гомсельмаш“ ня ў поўную сілу працуе, завод імя Кірава таксама. Раней Кірава быў сусьветна вядомым станкабудаўнічым прадпрыемствам, а цяпер што... Ну, і ўсё даражэе. Заробкі меншаюць, а ў краму як на экскурсію заходзіш. Лепей ня стала. Яшчэ нешта прыдумаў там: калі не працуеш, трэба ў канцы году тры зь лішнім „лімоны“ заплаціць. Лукашэнка сам сябе вылучыць і сам за сябе прагаласуе. Уся міліцыя, вайскоўцы, усё войска — прымусяць».

Маладзён: «Эканоміка горшая стала — гэта зразумела любому. Горш стала жыць. Я не падманваю — чыстая праўда».

Мужчына з кульбакаю: «У эканоміцы нейкія перапады ёсьць — той жа курс рубля ў адносінах да даляра. Але, я думаю, пазмагаемся з гэтым. Наладзім нашы экспартныя сувязі — знойдзем іншых партнэраў. Нашы трактары, машыны, думаю, запатрабаваныя».

Мажны малады гамяльчук: «Не цікаўлюся выбарамі. Дый з чым параўноўваць? Што было, тое й засталося. Магчыма, у эканоміцы штосьці стала ня так, але гэта нам дакладна не вядома».

Будаўнік сярэдніх гадоў: «Пакуль нічога не заўважаю. Я цяпер беспрацоўны — для мяне кепска. Не магу ўладкавацца па сваёй прафэсіі. Працу знайсьці не магу. І вынікаў ніякіх ня бачу».

Маладзён: «Жыць лепей ня сталі. І па сутнасьці нічога не зьмянілася».

Пэнсіянэрка, якая працуе: «Цяжэй стала жыць. Я працую, працую, але жыць лепш ня стала. І ў дзяцей праблемы. Усюды нібыта добра, прыгожа і ўсяго багата, а купіць нельга. Дорага. Пэнсію істотна не падымаюць, а заробак — малы. Шчыра і адкрыта кажу. Кагосьці з маладых трэба паставіць — маладыя прыносяць новае. Няхай вылучаюць. Выбару ж няма — з каго выбіраць?»

XS
SM
MD
LG