Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура РФ праверыць законнасьць аддзяленьня краінаў Балтыі


Генпракуратура Расеі пачала праверку законнасьці абвяшчэньня незалежнасьці Літвы, Латвіі і Эстоніі, якую ў 1991 годзе прызнаў Дзяржсавет СССР. Пра гэта сёньня паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на ўласную крыніцу.

Суразмоўца не раскрыў агенцтву, па чыім запыце Генпракуратура пачала праверку.

Ён адзначыў, што прызнаньне незалежнасьці краінаў Балтыі «юрыдычна недасканалае» з-за таго, што яго прымаў неканстытуцыйны орган. Па словах крыніцы, рашэньне Генпракуратуры можа быць аналягічнае папярэдняму, калі ведамства прызнала незаконным перадачу Крыму ў 1954 годзе Ўкраінскай ССР. Аднак адказ на запыт аб статусе Прыбалтыкі павінен быць «больш узважаным»

«Прызнаючы незаконнымі тыя або іншыя лёсавызначальныя рашэньні, можна зайсьці занадта далёка — аж да праблемы легітымнасьці стварэньня СССР і іншых дзяржаў», — сказала крыніца.

Раней Генпракуратура прызнала неправамернай перадачу Крыму Ўкраінскай ССР ў 1954 годзе. У адказе на запыт лідэра «Справядлівай Расеі» Сяргея Міронава ведамства адзначыла, што прэзыдыюм Вярхоўнага Савету РСФСР ня быў надзелены паўнамоцтвамі па разглядзе пытаньняў аб перадачы тэрыторыяў, якія ўваходзяць у склад РСФСР, іншым саюзным рэспублікам. Паводле канстытуцыі СССР, гэтым маглі займацца найвышэйшыя органы ўлады і дзяржкіраваньня краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG