Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч выйграў адміністрацыйную справу


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Сьледчыя Ўпраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў па Ваўкавыскім раёне склалі на Аўтуховіча пратакол, паводле якога ён незаконна набыў валюту ў пасажыра таксі. У пратаколе былі запісаныя паказаньні двух сьведак. У судзе сьведкі ад іх адмовіліся.

Паводле Аўтуховіча, адзін з пасажыраў таксі сапраўды прапаноўваў яму набыць 5 тысяч расейскіх рублёў, але ён адмовіўся. Пазьней яго выклікалі ў фінансавую паліцыю і паказалі пратакол аб тым, што ён валюту набыў. Аўтуховіч распавёў сьледчым, як усё было насамрэч, але яго ніхто ня стаў слухаць, а справу перадалі ў суд.

І вось у судзе, паводле Аўтуховіча, прагучалі наступныя сьведчаньні:

— Той хлопец, які мяняў гэтыя грошы і якога пазьней затрымалі, у судзе засьведчыў, што казаў сьледчаму разоў дзесяць, што грошы мне мяняў не Аўтуховіч, а іншы чалавек на вакзале. «А потым я неяк прыходжу чарговы раз на допыт, а яны мне кажуць, што ты, маўляў, быў п’яны і нічога ня памятаеш — ты мяняў гэтыя грошы ў Аўтуховіча. Скажаш так, атрымаеш чатыры мінімалкі і цябе ніхто чапаць ня будзе. Ну, я таму і падпісаў». Гэта так ён распавёў у судзе.

Падобным чынам, паводле Аўтуховіча, ад паказаньняў адмовіўся і другі сьведка, якога дапытваў судзьдзя.

— «Як я мог бачыць, як ён мяняў грошы, калі мяне наагул там не было? Я прывёз гэтага хлопца, а сам сядзеў у машыне, я нават ня ведаю, пра што яны там гаварылі». У яго запыталі — чаму вы так напісалі? А ён кажа: я перад тым, як прыйсьці да сьледчага, добра піў пару дзён, а там яны яшчэ трохі націснулі, ну, я і напісаў, як яны захацелі. А насамрэч сядзеў у машыне і нічога ня бачыў.

Ваўкавыскі раённы суд апраўдаў Аўтуховіча, але ў абласны суд на рашэньне Ваўкавыскага раённага суду ўжо з абласнога Упраўленьня па фінансавых расьсьледаваньнях была пададзена скарга. У ёй гаварылася, што віна Аўтуховіча падчас сьледзтва была ўстаноўленая, але чаму сьведкі зьмянілі свае паказаньні — невядома.

Аднак сёньня ў Гарадзенскім абласным судзе было заяўлена, што справа закрыта. Па-першае, таму, што скончыўся тэрмін абскарджваньня, а па-другое — скаргу павінны былі падаваць не з абласнога Ўпраўленьня фінансавых расьсьледаваньняў, а з раённага.

Мікалай Аўтуховіч сказаў Свабодзе, што наагул не ўяўляе, каму і дзеля чаго трэба было фабрыкаваць супраць яго справу, але думае, што ў яго яшчэ засталіся нядобразычліўцы ў ведамстве фінансавых расьсьледаваньняў.

— Я разумею, што можна неяк падмаляваць, сфабрыкаваць справу. Але ўзяць пад рукі двух сьведак, якія проста так скажуць, што Аўтуховіч незаконна мяняў грошы, і прыйсьці з гэтым у суд... Але ж нават тых грошай, пра якія яны казалі, у справе не было.

Цяпер Аўтуховіч мае намер скардзіцца ў суд на Ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў, каб яму вярнулі выдаткі на судовы працэс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG