Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае фэнтэзі: выбары без Лукашэнкі


Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Адзіная магчымая інтрыга гэтых выбараў – калі зь нейкіх прычын з гульні раптам выпадзе Аляксандар Лукашэнка.

Верагоднасьць гэтага – доля адсотка. Але гэта тая доля, якая ператворыцца ў 100%.

Уявіце сабе: кампанія пачалася, кандыдаты зарэгістраваныя, ідзе агітацыя. І раптам – бац! Лукашэнка ня ўдзельнічае.

Выбары адразу становяцца рэальнымі.

Першай азадачыцца Масква. Уводзіць расейскія войскі не спатрэбіцца, бо тутэйшы сілавы блёк толькі называецца беларускім, а па сутнасьці застаецца савецкім, гэта значыць, расейскім.

Беларускае чынавенства мізэрнае і бязвольнае, каб што-небудзь прадпрыняць самастойна.

Народ яшчэ не ачомаўся ад папярэдніх рэпрэсіяў, каб сабрацца на новую Плошчу.

Кандыдаты, якія не разьбягуцца ад страху, будуць сур’ёзна рызыкаваць жыцьцём. Найбольш верагодным прэтэндэнтам застанецца заўсёдны спарынг-партнэр Лукашэнкі, які найлепей задаволіць і Маскву, якая з дапамогай нашых лічыльшчыкаў працісьне яго на прэзыдэнцкі пасад.

Усё будзе выглядаць зьнешне спакойна і законна. Самае цікавае пачнецца пасьля, калі спарынг-партнэр пачне выяўляць сябе.

Выглядае, што дараўнаць Лукашэнку ў аўтарытарнасьці ён ня можа. Выглядае, што і мэтады саўгаснага кіраваньня яму не ўласьцівыя. Маскве прыйдзецца прывязаць да яго падпорку – асобу ці цэлы штаб тых, хто будзе рэальна кіраваць краінай.

Але як кіраваць? Нерэфармаваная эканоміка запатрабуе нашмат больш расейскіх субсідый і, калі на яе не крычаць жэстачайша, усё адно пачне развальвацца на вачах. А жэстачайша крычаць ня будзе каму.

Аграмадны разбухлы і прагнілы знутры бюракратычны апарат бяз гэтага крыку і страху таксама пачне рассыпацца.

Народ, ня чуючы жэстачайшага крыку, вельмі хутка адчуе, што калектыўны страх саступіў і можна пачынаць «качаць правы».

Выбары ў парлямэнт давядзецца праводзіць рэальныя, а не дэкаратыўныя, бо да таго часу ажыве беларуская вулічная дэмакратыя. Спарынг-партнэру проста ня хопіць волі яе разганяць, а маскоўскай падпорцы ня будзе як аж настолькі разьвязаць сабе рукі ва ўсё ж такі чужой краіне (далучаць і карміць недзеяздольную Беларусь пасьля Крыму і Данбасу Маскве проста ня будзе ні рэзону, ні машны. А гэта ж яшчэ і новыя санкцыі).

У гэтай атмасфэры вельмі хутка народзіцца беларуская апазыцыя новага пакаленьня, якая масава прыйдзе ў выбарныя органы ўлады. Рэальна супрацьстаяць ёй, як гэта калісьці рабілі камуністы, ня будзе каму. Намэнклятура не аб’яднаная ні ў партыю, ні нават у баяздольныя кланы, а гінуць за сьветлае імя ППРБ – сабе даражэй.

Жывы парлямэнт адбярэ бязьмежныя паўнамоцтвы ў прэзыдэнта, скіне путы з прадпрымальніцтва, з нацыянальнай навукі, адукацыі і культуры. Будзе закрытае міністэрства інфармацыі, зьявіцца мноства тэлеканалаў, незалежных FM-станцыяў і газэт.

У Беларусі пачне імкліва фармавацца грамадзянская супольнасьць.

Узмацнелая такім чынам краіна захоча разьвівацца, для чаго трэба будзе пазбавіцца прэсінгу і залежнасьці ад Крамля. На рэфэрэндуме наш бясстрашны да таго часу народ скажа «так» членству ў НАТО і Эўразьвязе, бо іншага шляху да лепшага жыцьця пад бокам у Расеі папросту няма.

Зрэшты, і Расея да таго часу пачне выходзіць з наркатычнага дурману і мараў пра трэцюю сусьветную вайну.

Гэта, вядома, фантазія, але тая, што на долю адсотка можа аказацца рэальнасьцю.

XS
SM
MD
LG