Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы ў Ерэване настойваюць, каб прэзыдэнт адмяніў падвышэньне тарыфаў


Пратэст у Ерэване 28 чэрвеня
Пратэст у Ерэване 28 чэрвеня

Перадае са сталіцы Армэніі карэспандэнт Свабоды Аванэс Маўсісян

У дадзены момант сытуацыя на праспэкце Баграмяна спакойная. Колькасьць пратэстоўцаў, знаходзяцца на праспэкце, невялікая, новых паліцэйскіх сілаў не назіраецца, з абодвух бакоў сытуацыя мірная.

Грамадзяне праводзяць дыскусіі, каб вызначыць далейшыя крокі. А 17-й гадзіне вечару з праспэкту Баграмяна стартавала мірнае шэсьце па цэнтры Ерэвану, удзельнікі якога заклікаюць людзей далучыцца да мітынгу.

«Наша барацьба працягваецца, яна пачалася тут, тут і працягнецца. Тут няма пытаньня лідэра, мы ўсе сьвядомыя людзі, які разумеюць, што сабраліся вакол аднаго пытаньня — поўная адмена (рашэньня аб павышэньні тарыфу на электраэнэргію) » - заявіў адзін з актывістаў.

Зьвяртаючыся да прэзыдэнта Сэржа Саргсяна, ён сказаў: «Паважаны спадар прэзыдэнт, сказанае вамі не зьяўляецца рашэньнем, нам аўдыт не патрэбны, нам патрэбная поўная адмена. Нам не патрэбныя міжнацыянальныя сутыкненьні. Нашая акцыя, нашае шэсьце мірныя. Калі сёньня адбудзецца сутыкненьне з паліцэйскімі, ніхто нічога не выйграе ад гэтага».

Чакаецца, што неўзабаве на плошчы Свабоды з заявай выступяць чальцы ініцыятывы «Не рабунку!», якія ўчора пакінулі праспэкт Баграмяна, каб пазьбегнуць сутыкненьняў з паліцыяй.

Між тым, намесьнік начальніка паліцыі Ерэвану Валеры Асіпян сёньня ў гутарцы з журналістамі заявіў, што паліцыя ня будзе рабіць нейкіх крокаў супраць пратэстоўцаў, а дачакаецца, пакуль пратэстоўцы самі разыдуцца.

На пытаньне, ці прыме паліцыя меры для выдаленьня з праспэкта сьмецьцевых бакаў, зь якіх ўдзельнікі пратэстаў будавалі барыкады, намесьнік начальніка паліцыі Ерэвану адказаў, што дэманстранты самі іх прыбяруць.

Мінулая ноч на праспэкце прайшла спакойна. Нягледзячы на неаднаразовыя заклікі вызваліць праспэкт і папярэджаньні аб намеры аднавіць парадак з ужываньнем сілы, паліцыя не стала ўжываць сілу супраць дэманстрантаў.

Напярэдадні арганізатары акцыі заклікалі яе ўдзельнікаў пакінуць праспэкт Баграмяна і вярнуцца на плошчу Свабоды, аднак, вялікая частка дэманстрантаў адмовілася. Дэманстранты скандавалі «Армэнія!» і заяўлялі, што разыходзіцца не зьбіраюцца да поўнай і безумоўнай адмены рашэньня аб росьце тарыфаў на электраэнэргію.

У суботу ўвечары прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсян абвясьціў аб тым, што з 1 жніўня жыхарам краіны і прадпрыемствам ня прыйдзецца плаціць за электрычнасьць па новай цане, пакуль не скончыцца аўдытарская праверка кампаніі «Электрычныя сеткі Армэніі». Яна павінна даць адказ на пытаньне, наколькі апраўдана падвышэньне тарыфаў прыкладна на 16%. На час праверкі выдаткі па пагашэньні буйнога доўгу кампаніі возьме на сябе ўрад.

Рашэньне аб падвышэньні коштаў было прынятае на запыт кампаніі «Электрычныя сеткі Армэніі», якая належыць расейскай «Інтер РАО». Паводле дадзеных выданьня «Коммерсант», расейская кампанія ўжо пачала перамовы аб продажы свайго армянскага актыву.

Пратэсты ў Ерэване працягваюцца больш за тыдзень. Раніцай 23 чэрвеня паліцыя ўжыла сілу пры разгоне акцыі. Пацярпелі прынамсі 20 чалавек — дэманстранты і паліцыянты. У паліцыю былі дастаўленыя каля 240 чалавек, усе яны пазьней былі вызваленыя.

Жывая відэатраньсляцыя з парталу 1in.am

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG