Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Нашы ворагі занадта ўжо актывізаваліся на заходніх рубяжах»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

КДБ Беларусі заявіў пра рост актыўнасьці замежных спэцслужбаў у Беларусі і абвастрэньне крымінагеннай абстаноўкі на мяжы з Украінай.

Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, заявіў:

«Нашы ворагі занадта ўжо актывізаваліся на заходніх рубяжах нашай мяжы. Я б хацеў, каб вы мне ў некалькіх словах, з вашага пункту гледжаньня, на падставе вашых спэцыяльных дадзеных і крыніц ахарактарызавалі сытуацыю ўнутры Беларусі, як вы яе бачыце, і тыя пагрозы, якія вы бачыце і на якія мы павінны зьвярнуць сур’ёзную ўвагу ня толькі сёньня, заўтра, але і ў пэрспэктыве».

Валеры Вакульчык адказаў, што ў цэлым абстаноўка ў краіне стабільная і пагрозаў, якія б выклікалі асьцярогу або патрабавалі прыняцьця неадкладных захадаў рэагаваньня, няма. Але разам з тым, паводле ягоных слоў, адбываецца нарошчваньне прысутнасьці ўзброеных сіл краін НАТО на заходніх рубяжах, а таксама абвастрэньне крымінагеннай абстаноўкі на паўднёвых межах. Вакульчык адзначыў, што перш за ўсё гэта выяўляецца ў росьце колькасьці агнястрэльнай зброі на ўкраінскай тэрыторыі. Гаворка ідзе пра зброю, якая паступае ў зоны ваенных дзеяньняў ва ўсходняй частцы Ўкраіны і ня ў поўнай меры кантралюецца сілавымі структурамі, органамі правапарадку Ўкраіны. А гэта вядзе да крыміналізацыі значнай часткі насельніцтва.

Паводле Вакульчыка, такі стан рэчаў выклікае асьцярогі і з боку праваахоўных органаў Беларусі, і КДБ, бо ўся гэтая зброя можа быць выкарыстана ў крымінальных мэтах і для зьдзяйсьненьня тэрарыстычных актаў.

Валеры Вакульчык таксама адзначыў, што пэўную занепакоенасьць выклікае нарошчваньне ў апошні год актыўнасьці замежных спэцслужбаў у дачыненьні да Беларусі, паведаміла БЕЛТА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG