Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартавала 25-я пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай


29 чэрвеня ад архікатэдральнага касьцёла ў Менску выправілася традыцыйная пешая пілігрымка да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у вёсцы Будслаў Мядзельскага раёну.

Пілігрымка прымеркаваная да сьвята Маці Божай Будслаўскай і ўшанаваньня марыйнага абраза, які ў каталіцкім касьцёле лічыцца цудадзейным. 250 пілігрымаў цягам пяці дзён пройдуць 124 кілямэтры ад Менску да Будслава, дзе 3 і 4 ліпеня адбудуцца гэтыя штогадовыя ўрачыстасьці. Сёлета пешая пілігрымка рушыла зь Менску ў Будслаў дваццаць пяты раз — лічачы з таго, як гэтая традыцыя аднавілася ў 1990 годзе.

Традыцыйна пілігрымка распачалася ў менскай архікатэдры ўрачыстай сьвятой імшой, якую ўзначаліў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Тадэвуш Кандрусевіч бласлаўляе вернікаў
Тадэвуш Кандрусевіч бласлаўляе вернікаў

Сёлета пачатак пілігрымкі прыпаў на шанаванае вернікамі сьвята Пятра і Паўла. У гэтай сувязі, зьвяртаючыся да пілігрымаў, архіпастыр сказаў:

«Сёлета — 25-я пілігрымка новых часоў адраджэньня Касьцёла. Пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай былі заўсёды нават у савецкія часы: ішлі пешшу, ехалі роварамі, вазамі, машынамі, але не было гэткіх арганізаваных пілігрымак, як цяпер. Я вельмі добра памятаю 1990 год, калі людзі пайшлі ўпершыню, ішлі з харугвамі дзясяткі кілямэтраў, і гэта ўплывала вельмі моцна. Гэта сьведчыла, што распачынаюцца новыя часы — часы свабоды веравызнаньня. Старэйшыя людзі, якія памяталі даўнейшыя часы, яны плакалі ад радасьці. 25 гадоў пілігрымак — пацьверджаньне таго, што вера жывая. Але якая яна будзе заўтра, залежыць ад нас, ад таго, якімі вернікамі мы будзем.

Наша жыцьцё — гэта пілігрымка. І ў гэтай пілігрымцы — як апосталы Пётар і Павал — мы маем стаць апосталамі нашага часу. Мы называем сябе хрысьціянамі, але ці зьяўляемся імі сапраўды? Няхай гэты шлях пілігрымкі стане для вас шляхам сапраўднага хрысьціянства. Ідзіце і нясіце праўду Эвангельля ў наш сьвет. Будзьце апосталамі нашага часу. Будзьце Пятрамі і Паўламі ўжо 21 стагодзьдзя, каб дзякуючы вашаму жыцьцю, вашай пілігрымцы вы маглі сьведчыць Хрыста. А сьвет, дзякуючы вашаму сьведчаньню, стаў на дарогу збаўленьня».

Тадэвуш Кандрусевіч асьвяціў і дабраславіў пілігрымаў на пачатак шляху.

Зь Менску ў Будслаў выправіліся людзі рознага веку і розных прафэсіяў, разам з адзінаверцамі, сябрамі і сем’ямі. У першую сямейную пілігрымку выправіўся Павал Севярынец з жонкай Вольгай:

«Раней кожны хадзіў са сваёй пілігрымкай і з розных гарадоў, а сёлета ўпершыню ідзем зь Менску разам — сям’ёй, і таму для нас яна асаблівая. Моцная сям’я — моцная Беларусь, а калі разам з Богам, то мацнейшага нічога няма. Будзем маліцца за Беларусь, за сям’ю, за бацькоў, каб у жыцьці ўсё было па-Божаму».

Стартавала 25-я пілігрымка ў Будслаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:16 0:00

Гэтымі днямі да Будслава ідзе багата пілігрымак з розных гарадоў Беларусі. Кіраўнік менскай пілігрымкі ксёндз Дзьмітры Дубовік прыйшоў у сталіцу за дванаццаць дзён зь Берасьця. Адтуль амаль два тыдні таму выправіліся 150 чалавек. Па дарозе да іх далучыліся 150 вернікаў з Баранавіч, а далей яшчэ 50. Ксёндз Дзьмітры кажа, што ў такой грамадзе ісьці ня цяжка:

«Шыкоўна ісьці, і гэтак ёсьць штогод, таму чакаеш пілігрымку ўвесь год. Кожны раз яна інакшая. Сёлета я зьвярнуў увагу на малітву, якая дапамагае. Сёлета шлях быў доўгі, шмат кілямэтраў, і мы прасілі, каб за нас маліліся ў Будславе аб надвор’і, і надвор’е цудоўнае. Малітва дапамагае, і вось у такой дарозе якраз і навучаесься маліцца».

Сёлета, як і штогод, чакаецца, што ўдзел ва ўрачыстасьцях возьмуць каля 40 тысяч вернікаў, а таксама сьвятары і духоўныя герархі Беларусі і замежжа, у тым ліку апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроцьці. У галоўнай імшы традыцыйна будуць удзельнічаць каля 200 сьвятароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG