Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Помнік студэнту як дэтанатар вайны


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

28 чэрвеня ў Бялградзе адкрылі помнік Гаўрылу Прынцыпу. Тэрарысту, які забіў эрцгерцага Франца Фэрдынанда з жонкай, што стала штуршком для пачатку Першай сусьветнай вайны.

Мерапрыемства было прымеркаванае да 101 гадавіны забойства. На адкрыцьці прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Ніколіч назваў Прынцыпа героем, тыраназабойцам і носьбітам ідэяў вызваленьня ад рабства, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы.

Якое магло быць рабства ў Эўропе ў 1914 годзе – пытаньне ненавуковае. Ясна, што жыхар Босьніі Прынцып прагнуў незалежнасьці. Ясна, што Аўстра-Вугоршчына вырашыла пакараць за тэракт суседнюю Сэрбію, якую лічыла адказнай за дзеяньні нелегальнай арганізацыі «Млада Босьнія». Ясна, што вайна была несправядлівай. Вядома, што сэрбы добра абараняліся, чаго аўстрыякі не чакалі.

Вядома таксама, што ад балканскіх запалак зашугала сусьветная вайна, якая перамалаціла насельніцтва Эўропы, скараціўшы яго на мільёны жыцьцяў. Мільёны былі забітыя, мільёны не нарадзіліся. Эўропа ў 1914-м была на вялікім уздыме. Яна была сапраўднай жытніцай. Расьлі эканамічныя паказчыкі, ураджаі. Эўропа мела мільёны працавітых рук. Яна магла значна палепшыць жыцьцё ў іншых частках сьвету. Так, яна мела празьмерныя рэсурсы, таксама людзкія. Але Вялікая, як яе тады называлі, вайна ператварыла Эўропу ў інваліда, пакінуўшы пасьля сябе беспрацоўе і жабрацтва.

Першая сусьветная вайна стала запальнікам для наступнай жудаснай мясарубкі, усяго праз дваццаць гадоў. Былі забітыя дзясяткі мільёнаў і дзясяткі мільёнаў ненароджаныя. Няхай Эўропа зноў эканамічна ўзмацнела, яна безнадзейна страціла той патэнцыял, які зьнішчыла Першая сусьветная, затым другая. Эўропа ніколі не падымецца, як магла ўзьняцца, каб не было зьнішчальных войнаў. Нараджальнасьць зьмяншаецца, насельніцтва імкліва павялічваецца за кошт жабракоў адусюль. З Афрыкі, Азіі...

Ясна, што Гаўрыла Прынцып ня мог такога ведаць. Але мы ведаем. Мы ўсяго год назад адзначалі сотыя ўгодкі «вялікага крывавага жніва», вынікі якога моцна адчуваем нават сёньня. Мы міжволі сьцяліся, калі з расейскага боку пачулі пра ядзерны попел і адчулі міжволі страх, каб не пачалася наступная «вялікая вайна».

І вось цяпер сэрбскае начальства ставіць помнік тэрарысту. Вядома, Сэрбіі напачатку, не зважаючы на вялікія ахвяры, пасьля заканчэньня Першай сусьветнай нават пашанцавала. Але Югаславія пазьней распалася ў крывавых муках на нашай памяці, і былі ў гэтым прычыны, якія ня ўзьніклі на пустым месцы раптам. Дзьве мінулыя войны пакінулі свае неўзарваныя міны на югаслаўскай тэрыторыі.

Дык навошта сёньня гэтая «чырвоная ануча»? Можа акцыя патрэбная бялградзкаму начальству, каб палепшыць свой рэйтынг? Як вядома, сёньня сэрбы давяраюць толькі сваёй арміі і царкве. Што праўда, армія істотна зьменшыць свае арсэналы: дамоўлена прадаць 282 танкі Т-55 Пакістану. На гэтым фоне помнік Гаўрылу Прынцыпу напэўна мае палепшыць лічбы кіраўніцтва Сэрбіі. У яго ёсьць цяпер недасягальны арыенцір – рэйтынг вялікага сябра з Масквы, дзе зьбіраюцца вярнуць на месца статую дзяржаўнага тэрарыста Дзяржынскага.

XS
SM
MD
LG