Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча правесьці другія Эўрапейскія гульні ў 2019 годзе


Падчас цырымоніі закрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў у Баку
Падчас цырымоніі закрыцьця першых Эўрапейскіх гульняў у Баку

У Азэрбайджане завяршыліся першыя ў гісторыі Эўрапейскія гульні. Правядзеньне іх у гэтай краіне крытыкавалі праваабаронцы, якія настойвалі на вызваленьні азэрбайджанскіх палітвязьняў.

На адкрыцьцё гульняў у Баку лётаў Аляксандар Лукашэнка. Там ён заявіў пра намер беларускай дзяржавы змагацца за права стаць гаспадыняй наступных Эўрапейскіх гульняў:

«Мы ўсёй душой падтрымліваем высакародную ініцыятыву Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў па арганізацыі новых комплексных спаборніцтваў — Эўрапейскіх гульняў. Мы будзем змагацца за права стаць краінай-гаспадыняй такога прадстаўнічага спартыўнага форуму. Калі гэта будзе нам дазволена, мы правядзем яго на самым высокім узроўні», — сказаў Лукашэнка 10 чэрвеня.

15 чэрвеня стала вядома, што Галяндыя, якая мелася прыняць наступныя Эўрапейскія гульні ў траўні 2019 году, адмовілася ад такой магчымасьці з-за празьмерных выдаткаў.

Свае паслугі ў якасьці патэнцыйнага гаспадара спаборніцтваў зноў прапанавала Беларусь.

Першы віцэ-прэзыдэнт НАК Беларусі, памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму Максім Рыжанкоў у інтэрвію Першаму тэлеканалу 28 чэрвеня заявіў:

«Беларусь не адмовілася ад прапановы Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў прыняць ІІ Эўрапейскія гульні».

Рыжанкоў адзначыў, што ў Беларусі ёсьць патрэбная інфраструктура, таму выдаткі на этапе падрыхтоўкі былі б меншыя, чым у Азэрбайджану. Аднак на тое, каб запрасіць шэсьць тысяч атлетаў, паўтары тысячы афіцыйных асобаў, а таксама на розныя арганізацыйныя выдаткі запатрабуюцца вялізарныя сродкі, сказаў спартовы чыноўнік.

Азэрбайджан на падрыхтоўку Эўрапейскіх гульняў патраціў больш за 100 мільёнаў даляраў.

У першых Эўрапейскіх гульнях у Баку ўзялі ўдзел спартоўцы з 50 краінаў Старога сьвету. Бальшыня зборных былі прадстаўленыя рэзэрвовым складам. Відовішчнасьць гульняў адпачатку прайгравала, бо ў праграме Гульняў не было «каралевы спорту» — лёгкай атлетыкі.

Каманда Беларусі ў агульнакамандным заліку фінішавала сёмай, маючы ў сваім актыве 43 узнагароды — 10 залатых, 11 срэбных і 22 бронзавыя мэдалі. Найчасьцей на п’едэстал уздымаліся барцы — 15 разоў, а таксама прадстаўніцы мастацкай гімнастыкі і весьляры — 6 і 5 мэдалёў адпаведна.

Апроч спартовых дасягненьняў, запомніліся беларусы і іншымі момантамі. Так, у чвэрцьфінальным паядынку ў вольнай барацьбе паміж прадстаўніком Беларусі Ўладзіславам Андрэевым і грузінам Уладзімерам Хінчэгашвілі змагары пайшлі ўрукапашную, адвешваючы адзін аднаму аплявухі. Судзьдзі мусілі тэрмінова спыніць бойку.

Але былі і прыклады джэнтльмэнскага стаўленьня да праціўніка. Самбіст Сьцяпан Папоў, здабыўшы перамогу над азэрбайджанцам Алімам Гасымавым, узьняў траўмаванага суперніка на плечы і пад аплядысмэнты залі «транспартаваў» яго да лекараў.

Гульні ў Азэрбайджане былі скрытыкаваныя праваабаронцамі і грамадзкімі дзеячамі на той падставе, што рэжым Ільхама Аліева намагаецца скарыстацца імпрэзай, каб атрымаць іміджавыя бонусы — у турмах знаходзіцца блізу сотні апанэнтаў дзейных уладаў. На гэта зьвярнулі ўвагу, у прыватнасьці, у Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG