Кніга мае назву «Жыцьцё на службе імпэрыі».
У анонсе кнігі зазначаецца пра Мураўёва-Віленскага як пра буйнога «дзяржаўнага і грамадзкага дзеяча XIX стагодзьдзя, адну з выразных і неадназначных фігур айчыннай гісторыі», прафэсійнага адміністратара, расейскага патрыёта і змагара з сэпаратызмам:
«Займаў пасады цывільнага і ваеннага губэрнатараў некалькіх расейскіх губерняў: Віцебскай, Магілёўскай, Гарадзенскай, Курскай; быў адначасова міністрам трох міністэрстваў: падаткаў і збораў, надзелаў, дзяржаўных маёмасьцяў. У апошнія гады свайго жыцьця М. Мураўёў быў генэрал-губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю — суровым „утаймавальніткам“ польскага паўстаньня 1863 году, выразьнікам і правадніком палітыкі ўраду на заходніх ускраінах Расейскай імпэрыі».
У гісторыі Беларусі Міхаіл Мураўёў застаўся пад мянушкамі «Вешальнік» і «Людаед».
Падчас паўстаньня 1863–64 гадоў Мураўёў быў прызначаны генэрал-губэрнатарам Паўночна-Заходняга краю з надзвычайнымі паўнамоцтвамі.
На гэтай пасадзе Мураўёў жорстка змагаўся з паўстанцамі. Расейцамі шырока практыкавалася канфіскацыя маёмасьці, абкладаньне польскай і беларускай шляхты вялікім «ваенным падаткам». Паўстаньне было ў хуткім часе падаўленае.
У дадатак да тысячаў чалавек, якія загінулі ў баях, паводле прысудаў трыбуналаў было пакарана сьмерцю 128 паўстанцаў (у тым ліку нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі), ад 2500 да 9423 чалавек, паводле розных падлікаў, былі сасланыя ў Сыбір. За сваю жорсткасьць Мураўёў увайшоў у гісторыю пад мянушкай вешальнік.
Шырока вядомы дэвіз Мура’ёва ў дачыненьні да русыфікацыі Беларусі — «Што не дарабіў расейскі штых — даробіць расейская школа».
.