Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Упершыню Беларусь наведваюць два эўракамісары — камісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Ёганэс Ган і камісар па ахове навакольнага асяродзьдзя, моры і рыбалоўстве Кармэну Вэла.

Прадстаўнікі Эўракамісіі і міністры краінаў «Усходняга партнэрства» сёньня а 15-й зьбяруцца ў менскім «Прэзыдэнт-гатэлі» на нефармальны форум.

А 15-й гадзіне 29 чэрвеня ў менскім «Прэзыдэнт-гатэлі» адкрыецца нефармальны форум кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краінаў, якія ўваходзяць у ініцыятыву «Ўсходняе партнэрства».

Як паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, на сустрэчы «бяз гальштукаў» Беларусь, Армэнія і Грузія будуць прадстаўленыя міністрамі, Украіна — першым намесьнікам міністра, Азэрбайджан і Малдова — намесьнікамі. У нефармальным міністэрскім дыялёгу таксама ўдзельнічаюць эўракамісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу Ёганэс Ган і эўракамісар па ахове навакольнага асяродзьдзя, моры і рыбалоўстве Кармэну Вэла, якія ўжо прыбылі ў Менск.

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі не выключаюць сустрэчы эўракамісараў з прэзыдэнтам Беларусі.

Сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў папярэднічае форум міністраў аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя. Ён таксама праходзіць у «Прэзыдэнт гатэлі».

Пачатак падобным сустрэчам «бяз гальштукаў» даў былы эўракамісар Штэфан Фюле. Менавіта зь ягонай ініцыятывы кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў «Усходняга партнэрства» першы раз сабраліся на нефармальны саміт у Кішынэве яшчэ ў 2012 годзе. Пасьля былі размовы ў Тбілісі, у Ерэване, у Баку. Цяпер чарга дайшла да Менску.

У парадак дня сустрэчы міністраў замежных спраў, як сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, уключаныя пытаньні стану і пэрспэктываў далейшага разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства» ў кантэксьце вынікаў чацьвёртага саміту гэтай арганізацыі, які праходзіў 21–22-га траўня ў Рызе.

Таксама мяркуецца, што на завяршальным этапе сустрэчы яе ўдзельнікі абмяняюцца думкамі па асноўных тэмах актуальнага міжнароднага парадку дня. Прымаць нейкія выніковыя дакумэнты альбо заявы не плянуецца.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі выступіла з заявай, у якой зазначае, што разглядае дыялёг Беларусь — Эўразьвяз як «важную і канструктыўную пляцоўку для рашэньня экалягічных праблемаў, атрыманьня экспэртнай і міжнароднай тэхнічнай дапамогі».

Міністэрства выказвае спадзяваньні, што правядзеньне ў Менску сустрэчы міністраў па пытаньнях аховы навакольнага асяродзьдзя з удзелам высокапастаўленых прадстаўнікоў эўраструктураў «стане істотным унёскам у разьвіцьцё дыялёгу з Эўрапейскім зьвязам».

XS
SM
MD
LG