Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя ўшчыльную наблізілася да дэфолту, банкі зачыненыя на тыдзень


Графіці ў Атэнах, Грэцыя. 29 чэрвеня 2015 году

Графіці ў Атэнах, Грэцыя. 29 чэрвеня 2015 году

Да аўторка, 30 чэрвеня, Атэны павінны выплаціць МВФ 1, 6 мільярда эўра за раней атрыманыя пазыкі. Грэкі здымаюць з рахункаў наяўныя, улада зачыніла на тыдзень банкі.

Грэцыя, як ніколі раней, наблізілася да стану дэфолту. Яе эўрапейскія крэдыторы патрабуюць вярнуць даўгі не пазьней за 30 чэрвеня. Спалоханыя будучай фінансавай бязладзіцай, грэкі сьпяшаюцца зьняць з рахункаў наяўныя, а чыноўнікі краіны ўжо ў гэты панядзелак зачынілі банкі, каб зьберагчы Грэцыю ад канчатковага фінансавага каляпсу і спаўзаньня ў прорву. Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі.

Чэргі да банкаматаў пачалі расьці пасьля таго, як у суботу парлямэнт прыняў рашэньне правесьці 5 ліпеня рэфэрэндум, на якім грэкі павінны выбраць, ці варта Грэцыі прыняць патрабаваньне крэдытораў аб пагашэньні доўгу. Кошт пытаньня — адзін з шасьці мільярдаў даляраў, якія Грэцыя павінна вярнуць МВФ.

Грэцкі ўрад пацьвердзіў, што з панядзелка банкі Грэцыі будуць зачыненыя на тыдзень з-за росту асьцярогаў адносна дэфолту і выхаду краіны з эўразоны.

У дэкрэце ўраду гаворыцца пра «надзвычай тэрміновую» неабходнасьць абараніць фінансавую сыстэму з-за недахопу ліквіднасьці.

Рашэньне аб закрыцьці банкаў прынялі пасьля таго, як у нядзелю Эўрапейскі цэнтральны банк вырашыў не павялічваць аб’ёмы экстранай дапамогі грэцкім банкам.

Дырэктар-распарадчык Міжнароднага Валютнага Фонду Крысьцін Лягард зараз апэруе менавіта мовай ультыматумаў. Рашэньне правесьці рэфэрэндум у краіне пра тое, ці варта ёй аддаваць доўг, выклікала абурэньне чыноўніцы. Яна ўжо назвала маючы адбыцца рэфэрэндум нелегітымным, паколькі грэцкія чыноўнікі плянуюць яго пазьней фінальнай даты выплаты доўгу, якая прызначаная на аўторак, 30 чэрвеня. Міністр фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс ўсё яшчэ спадзяецца, што Грэцыя зможа дамовіцца адсунуць дату выплаты доўгу. І кажа, што аўтарытэт эўразоны пахісьнецца, калі высьветліцца, што яна ня можа ісьці на сустрэчу сваім партнэрам. Аднак у самой эўразоне не выключаюць магчымасць выхаду Грэцыі зь яе, калі грэкі ўсур’ёз ня возьмуцца за рэформы.

XS
SM
MD
LG