Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскі фэст: «Пуцін», браты-украінцы й масавая гулянка


Сьвята гораду плюс міжнародны фэст народнай творчасьці — апошнімі днямі цэнтар Бабруйску зранку да ночы піруе й гуляе.

Акрамя масавасьці бабруйскім вуліцам дадалося й фарбаў — на «Вянок дружбы» зьехаліся 28 музычных і тэатральных калектываў з 18 краін сьвету. Краінай на фэсьце лічыцца й Паўночны (турэцкі) Кіпр, ягоная дэлегацыя ідзе асобна ад турэцкай, праўда на некаторых плякатах пазначаецца сьцягам уласна Кіпру. Ад Босьніі прыехала сэрбская суполка. Ад Злучаных штатаў Амэрыкі — былая бабруйчанка Ала Славіна, сьпявачка й арганізатарка канцэртаў. На адкрыцьці фэстывалю яна выступіла разам з бабруйскім дзіцячым калектывам «Юнацтва», у якім калісьці й займалася.

Цэнтрам падзей у суботу стаў парад усіх удзельнікаў — шэсьце празь сем кварталаў, ад плошчы да плошчы, у нацыянальных строях, пад скрыпкі, сьпевы й барабаны. Адкрывалі шэсьце нават не беларускія калектывы, а бабруйскія ўлады ў падобных шэрых гарнітурах. Кіраўнікі гарвыканкаму, работнікі культуры й ідэалёгіі, якія звычайна штодня на кожнай лаўцы атрымліваюць «на арэхі», гэтым разам атрымалі й сваю долю аплядысмэнтаў — сьвята ўсё ж. Потым пайшлі краіны ў разнабой, а калі з розных гарадоў дык асобнымі калёнамі, са сваімі сьцягамі. Як на адкрыцьці Алімпіяды, пад шыльдамі з назвай краіны й дзяржаўным сьцягам — але так вольна й весела як на яе закрыцьці. Мэксыка, Польшча, Калюмбія, Кітай, Славенія, Эстонія — усіх радасна віталі месьцічы. У адрас расейцаў пачуўся вокліч: «Пуцін!», украінцам крычалі: «Браты!»

Віравала жыцьцё й паабапал сьвяточнай працэсіі. Гандляры, майстры, прадстаўнікі бабруйскіх і іншых беларускіх прадпрыемстваў прапаноўвалі ўсё што можна — ад сталоўскіх піражкоў і саколак з ангельскамоўнымі надпісамі пра Беларусь да саломкі, гліны й бронзы. Бабруйск жа выставіў наогул усё што мае: за сваімі латкамі сядзелі й вернікі розных канфэсій, і фабрыкі-заводы, і паліклінікі-бібліятэкі — што многія з іх рабілі на фэсьце, апроч як паказаць сваё існаваньне, засталося незразумелым (хаця ідэя бібліятэкараў вынесьці на вуліцы буккросінг магла б і прыгожа згуляць пры добрай папярэдняй рэкляме й гучнай падачы). А асабліва ўражвалі шматлікія шыльды «УЗБГСП», «БГТЭПТК» і іншых тайных арганізацыі.

Народныя гуляньні на пляцах і вуліцах

Народныя гуляньні на пляцах і вуліцах

У адным сквэры разьмясьціліся і бабруйскі рэканструктарскі клюб «Гадзава» — шляхта 17 стагодзьдзя й жаўнеры часоў напалеонаўскіх войнаў, — і бабруйскі казацкі ансамбль «Вольніца» з макетам хаты-«мазанкі», крытай саломай. Гэтая мазанка кубанскіх казакоў яскрава паказвала што мае гэткія ж адносіны да гісторыі Бабруйску як норы хобітаў.

Непадалёк памятныя манэты чаканілі і беларусы й украінцы — за кошт экзотыкі й больш яркай падачы справы ў украінцаў ішлі лепш. Да казакоў з Палтаўшчыны падышоў сябра менскага «казачага клюбу», які мае родзічаў у данецкай Горлаўцы — не пабіліся, а разам усхвалілі майстэрства казакоў Запарожжа.

Сярод тэматычных пляцовак вядома ж не абышлося без «Бабруйску прыфрантавога». І сьвята прымеркаванае да дня вызваленьня ад немцаў 29 чэрвеня, і наогул у нас бяз гэтага ніяк. З крэатыву былі намёты паходнага клюбу з кінапраектарам і палявога шпіталю, куды рэдкія мінакі заходзілі каб пасьміхнуцца з маладзёнаў што выдавалі сябе за параненых. А ўражаньне псавалі нованадрукаваныя плякаты «За Родину, за Сталина!»

Палітінфармацыя

Палітінфармацыя

Шэсьце удзельнікаў фэсту завяршалася на галоўнай гарадзкой плошчы — Леніна, — дзе потым адбыўся й канцэрт. Але цераз шчыльнае ачапленьне з пільным вобшукам — нельга было праносіць нават фотаапараты — многія гледачы пайсьці не пажадалі. Згубілі ня шмат: як 30 год таму, дэманстранты праходзілі й танчылі ў бок трыбуны пад статуяй Леніна зь нешматлікімі абранымі гасьцямі.

Фота: «Вячэрні Бабруйск»

Фота: «Вячэрні Бабруйск»


Толькі што калёны цяпер былі больш багатыя, а трыбуна больш сьціплая.

Пасьля, ці ў чаканьні сваіх выступаў артысты зьбягалі назад «у горад» перакусіць ды сфатаграфавацца з удзячнымі месьцічамі. І вось гэтае вольнае шматнацыянальнае бадзяньне й давала асноўны смак сьвята.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG