Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы турыстаў пакідаюць Туніс пасля тэракту


Масавая эвакуацыя турыстаў адбываецца ў Тунісе пасьля ўчыненага 26 чэрвеня нападу на турыстаў на пляжы. Пра гэта ў суботу, 27 чэрвеня, паведамляе француская газэта La Nouvelle Republique.

У ноч на 27 чэрвеня пачалі курсіраваць аўтобусы, якія дастаўляюць адпачывальнікаў з гатэляў у аэрапорт Энфідха-Хамамэт. З аэрапорту ўжо адправілася трынаццаць рэйсаў з турыстамі.

«Мы баімся, што гэтае месца небясьпечнае», — сказаў агенцтву AFP эвакуаваны турыст з Уэльсу.

«Наша (турыстычнае) агенцтва параіла нам вярнуцца як мага хутчэй у Бэльгію. Гэта быў загад», — дадаў бэльгіец Азіз.

Паводле бэльгійскага турапэратара Jetair, да вечара з Тунісу будзе перапраўлена дзьве тысячы яго кліентаў.

Іншы турапэратар, Thomson, абвясьціў, што накіраваў дзесяць самалётаў для эвакуацыі каля 2500 турыстаў зь Вялікабрытаніі, а таксама ануляваў усе свае туры ў Туніс на наступным тыдні.

З забітых на пляжы пакуль апазнана дзесяць чалавек: восем былі грамадзянамі Вялікабрытаніі, адзін турыст быў з Бэльгіі і адзін зь Нямеччыны.

Як адзначае газэта, тэракт у пятніцу нанёс новы сур’ёзны ўдар па жыцьцёва важным для Тунісу сэктары турызму. Ён адбыўся ўсяго праз тры месяцы пасьля атакі на музэй Брага, калі загінулі 22 чалавекі, зь якіх 21 былі турыстамі. Як і цяпер, адказнасьць за тэракт узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

Напад на курорце Эль-Кантауі пад горадам Сус адбыўся ўдзень 26 чэрвеня. Нападнік адкрыў агонь па адпачывальніках з аўтамата Калашнікава. Яго забілі ў перастрэлцы супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Паводле апошніх зьвестак, колькасьць ахвяраў павялічылася да 28 чалавек. Яшчэ 36 чалавек пацярпелі.

Паводле tvrain.ru
XS
SM
MD
LG